Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУСТО́ДЗІЕЎ Барыс Міхайлавіч

(7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),

расійскі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.І.Анісімава, 1915; Ф.Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.Кустодзіевай, Ю.Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац. маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.

Л.Ф.Салавей.

Б.Кустодзіеў. Партрэт Ф.І. Шаляпіна. 1922.

т. 9, с. 58

КУСТО́ЎНІК

(Nasturtium),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. лекавы, або вадзяны крэс (N. officinale). Трапляецца па берагах рэк, на балотах, часам у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у кароткіх тронках. Плод — стручок. К. лекавы — харч. расліна (ужываецца як прыправа і для салатаў). Культывуюць у Зах. Еўропе і ЗША.

Кустоўнік лекавы.

т. 9, с. 58

КУ́СЦІК,

нізкарослая моцнагалінастая з адраўнелымі парасткамі расліна, у якой адсутнічае ярка выражанае галоўнае сцябло. Выш. 5—60 см, звычайна з доўгім карэнішчам (брусніцы, чарніцы і інш.). Асноўныя надземныя парасткі жывуць 5—10 гадоў. Пераважаюць у раслінным покрыве тундраў, часам утвараюць суцэльны ярус у хваёвых лясах, растуць на высакагор’ях, сфагнавых балотах.

т. 9, с. 58

КУСЦІ́НСКІ Міхаіл Францавіч

(28.9.1829, в. Завідзічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 1905),

бел. археолаг. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т, Пецярбургскі ун-т. Чл. Маск. археал. т-ва (з 1874, чл.-кар. з 1867). У 1850—90 вывучаў археал. помнікі Віцебшчыны, склаў яе археал. карту, для Пецярбургскай акадэміі мастацтваў зрабіў табліцу курганоў і гарадзішчаў кожнага павета Віцебскай губ. Упершыню на Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў старажытнасцей Віцебскай і суседніх губерняў. Даследаваў Гнёздаўскі курганны могільнік пад Смаленскам (гл. Гнёздава), тэр. ў вярхоўях Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар «Успамінаў» (захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы).

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996.

Т.М.Каробушкіна.

т. 9, с. 58

КУСЦІ́СТЫЯ ЛІША́ЙНІКІ,

гл. ў арт. Лїшайнікі.

т. 9, с. 58

КУ́СЦІЧЫ,

курганны могільнік канца 10—13 ст. каля в. Кусцічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Даследаваны 24 курганы. У 12 пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе (галавой на 3), на гарызонце, у ямах; у адным — трупаспаленне па-за межамі кургана; у 11 пахаванні не выяўлены. Пахавальны інвентар дае падставу лічыць, што могільнік належаў дрыгавічам.

т. 9, с. 58

КУСЯВІ́ЦКІ Сяргей Аляксандравіч

(26.7.1874, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія — 4.6.1951),

расійскі дырыжор, віртуоз-кантрабасіст. Скончыў муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1894), дырыжыраванню вучыўся ў Берліне ў К.Мука і Ф.Вейнгартнера. Канцэртаваў як кантрабасіст і дырыжор. Заснаваў у Маскве сімф. аркестр (1908), «Расійскае муз. выдавецтва» (1909). З 1917 кіраваў Дзярж. сімф. аркестрам у Петраградзе. З 1920 жыў за мяжой. Арганізаваў у Парыжы «Сімфанічныя канцэрты Κ.» (1921—28), кіраваў Бостанскім сімфанічным аркестрам (1924—49). Першы выканаўца шэрагу буйных твораў І.Стравінскага, С.Пракоф’ева, А.Анегера і інш. Адзін са стваральнікаў Беркшырскага муз. цэнтра. Аўтар муз. твораў для кантрабаса і аркестра.

Літ.:

Астров А Деятель русской музыкальной культуры С.А.Кусевицкий. (Л.), 1981.

т. 9, с. 58

КУСЯНКО́Ў Мікола

(Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.

М.Кусянкоў.

т. 9, с. 59