Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),

еўрапейская назва паўд.-афр народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав. Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн. чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 189

КАФТА́Н,

1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.

2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.

М.Ф.Раманюк.

т. 8, с. 189

КАФУ́Э (Kafue),

рака ў Замбіі, левы прыток р. Замбезі. Даўж. каля 1000 км, пл. басейна каля 140 тыс. км2. Пачынаецца на водападзельным плато Конга-Замбезі, цячэ пераважна ў нізкіх забалочаных берагах, у сярэднім цячэнні ўтварае цясніну даўж. 26 км. ГЭС, вадасховішча. Суднаходная на 240 км ад вусця. У сярэдняй ч. басейна К. — нац. парк Кафуэ.

т. 8, с. 189

КАФЭ́ (франц. café),

кавярня, невялікі рэстаран, дзе падаюць каву, чай, закускі і інш. К. з сістэмай самаабслугоўвання наз. кафетэрый.

т. 8, с. 189