Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),

металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).

К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).

Літ.:

Специальные способы литья: Справ. М., 1991.

Л.​Р.​Дудзецкая.

Какіль з раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.

т. 7, с. 442

КАКІ́ЛЬНАЕ ЛІЦЦЁ, ліццё ў какіль,

гл. ў арт. Ліццё.

т. 7, с. 443

КАКІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, у якой робіцца заліўка какіля вадкім металам, цвярдзенне адліўкі і яе выбіванне, ачыстка і афарбоўка раскрытага какіля, устаноўка ліцейных стрыжняў (у т. л. разавых пясчаных). Бываюць адна- і шматпазіцыйныя (карусельныя, канвеерныя). На аднапазіцыйных універсальных К.м., мяняючы какілі, атрымліваюць адліўкі рознай канфігурацыі і масы. У шматпазіцыйных К.м. на вярчальным стале або транспартавальным прыстасаванні (канвееры) перамяшчаюцца аднапазіцыйныя машыны або какілі.

Аднапазіцыйная універсальная какільная машына.

т. 7, с. 443

КАКІНА́ДА,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш. 280 тыс. ж. (1991). Чыг. ст. Порт у Бенгальскім зал., у вусці р. Гадавары. Перапрацоўка і вываз с.-г. прадукцыі. Прам-сць тэкст. і папяровая.

т. 7, с. 443

КАКІНА́КІ (Уладзімір Канстанцінавіч) (25.6.1904, г. Новарасійск, Расія — 7.1.1985),

заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР (1959), ген.-маёр авіяцыі (1943). Двойчы Герой Сав. Саюза (1938, 1957). Скончыў Барысаглебскую лётную школу (1930). З 1925 у Сав. Арміі, з 1935 лётчык-выпрабавальнік. Удзельнік беспасадачных палётаў Масква—Уладзівасток (1938), Масква — в-аў Міскаў (ЗША, 1939) і інш. Устанавіў 22 сусв. рэкорды. З 1961 віцэ-прэзідэнт, потым прэзідэнт, з 1968 ганаровы прэзідэнт Міжнар. авіяц. федэрацыі (ФАІ). Ленінская прэмія 1960.

У.К.Какінакі.

т. 7, с. 443

КАКІ́СІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 33,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км Пл. вадазбору 2,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м (на З і У 2—6 м), разараныя. Пойма шырокая, месцамі забалочаная. Берагі пясчаныя, зах. і паўн. забалочаныя. Мелкаводдзе шырокае, выслана пясчанымі адкладамі, глыбакаводная ч. дна — сапрапелем. Вада вызначаецца чысцінёй і празрыстасцю. Выцякае ручай у воз. Вогзіна.

т. 7, с. 443

КАКЛЕ́Н (Coquelin),

Каклен-старэйшы Бенуа Канстан (23.1.1841, г. Булонь, Францыя — 27.1.1909), французскі акцёр і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1859—60). У 1860—92 (з перапынкам) у «Камеды Франсэз», адначасова ствараў уласныя трупы. З 1895 у т-ры «Рэнесанс», з 1897 узначальваў «Порт-Сен-Мартэн» у Парыжы. Творчасці ўласцівы высокая сцэн. культура, віртуознае валоданне мастацтвам моўнай характарыстыкі, майстэрства знешняга пераўвасаблення, вострая індывідуальнасць вобраза. Сярод лепшых роляў: Фігаро («Жаніцьба Фігаро», «Севільскі цырульнік» П.​Бамаршэ), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана); іграў у камедыях Мальера, рамант. п’есах, выконваў драм. ролі ў творах сучаснай яму драматургіі.

Тв.:

Рус. пер. — Искусство актера. Л.;

М., 1937.

Літ.:

История западноевропейского театра. Т. 5. М., 1970.

т. 7, с. 443

Каклюхін Уладзімір Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 398

КАКО́РЫНАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (10.7.1726, г. Табольск, Расія — 21.3.1772),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Табольску (з 1740), у Маскоўскай арх. школе Дз.​В.​Ухтамскага. З 1754 жыў у Пецярбургу, з 1761 дырэктар, з 1765 праф., з 1769 рэктар АМ. Раннія творы звязаны з архітэктурай барока (палац-сядзіба К.​Р.​Разумоўскага ў Пятроўска-Разумоўскім у Маскве, 1752—53, перабудавана), больш познія ў духу ранняга класіцызму (палац Разумоўскага, 1762—66, і Акадэмія мастацтваў, 1764—88, з Ж.Б.​М.​Вален-Дэламотам — у Пецярбургу). Творчая манера вылучаецца рацыянальнасцю, геам. строгасцю планаў, стрыманасцю дэкар. прыёмаў апрацоўкі фасадаў.

т. 7, с. 443

КАКО́РЫЦКІЯ БАЛО́ТЫ,

гл Пушыцавае балота.

т. 7, с. 443