Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАГЕ́ЗІЯ (ад лац. cohaesus звязаны, счэплены),

счапленне (прыцягненне) часцей аднаго і таго ж аднароднага фіз. цела. Абумоўлена хімічнай сувяззю паміж часціцамі (атамамі, іонамі), што састаўляюць цела, і міжмалекулярным узаемадзеяннем. Сілы К. рэзка памяншаюцца з адлегласцю, яны найб. значныя ў цвёрдых целах і вадкасцях. Гл. таксама Адгезія.

т. 7, с. 403

КАГЕ́РА (Kagera),

рака ва Усх. Афрыцы, у Руандзе, Танзаніі і Угандзе (часткова на мяжы паміж імі), лічыцца вытокам р. Ніл. Даўж. ад месца зліцця рэк Ньяваронга і Рувуву 420 км, ад вытоку р. Рукарара каля 800 км. Цячэ пераважна ў шырокай забалочанай даліне, упадае ў воз. Вікторыя. Сярэдні гадавы расход вады 1500 м3/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 160 км.

т. 7, с. 403

КАГЕРЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. cohaerens які знаходзіцца ў сувязі),

узгодненае працяканне ў часе некалькіх вагальных або хвалевых працэсаў. Выяўляецца ў наяўнасці нязменных суадносін паміж фазамі розных ваганняў. Найпрасцейшы прыклад К. — пастаянства рознасці фаз двух гарманічных ваганняў з аднолькавымі частотамі.

Кагерэнтныя светлавыя хвалі можна атрымаць дзяленнем пучка хваль ад адной (нялазернай) крыніцы святла або пры дапамозе лазераў, у радыёдыяпазоне — ад розных генератараў, што працуюць на стабілізаванай частаце. К. — неабходная ўмова ўзнікнення інтэрферэнцыі хваль. Паняцце К. выкарыстоўваецца ў хвалевай і квантавай оптыцы, квантавай механіцы, радыёфізіцы і радыётэхніцы. Гл. таксама Інтэрферэнцыя святла.

А.​Р.​Хаткевіч.

Да арт. Кагерэнтнасць Складанне двух гарманічных ваганняў з амплітудамі A1 і A2: а — рознасць фаз φ1—φ 2=0; б — рознасць фаз φ1—φ2=π; выніковае ваганне з амплітудай Aφ.

т. 7, с. 403

КАГО́Р (Cahors),

горад у Францыі, гл. Каор.

т. 7, с. 403

КАГО́Р,

гатунак чырвонага дэсертнага вінаграднага віна. Назва ад франц. г. Каор. Асаблівасць тэхналогіі — праграванне парай ці сухім паветрам да 50 °C і вышэй мязгі ці да 80—90 °C цэлых гронак вінаграду. Звычайна мае 16% (аб’ёмных) спірту і 16—20% (аб’ёмных) цукру.

т. 7, с. 403

КАГО́РТА [лац. cohors (cohortis)],

тактычнае падраздзяленне (360—600 чал.) у арміі Стараж. Рыма. Уведзена ў 107 да н.э. Складалася з 3 маніпул. 10 К. аб’ядноўваліся ў легіён. Існавалі К. колькасцю да 1000 чал., якія дзейнічалі самастойна. У пераносным сэнсе — згуртаваная група аднадумцаў.

т. 7, с. 403

КАГО́СІМА,

горад у Японіі, на Пд в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Кагосіма. 537 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Марскі порт, адзін з асноўных рыбалоўных цэнтраў краіны. Прам-сць: харч., тэкст., хім., дрэваапрацоўчая. Цэнтр вытв-сці керамікі, фаянсу, фарфору. Ун-т. Крэпасць Цурумера (17 ст.). Маст. музей, музей фаянсу. Паблізу цэнтр касм. даследаванняў. Гарачыя крыніцы. Цэнтр турызму.

т. 7, с. 403

КАГУЛЯ́РЫ (cagoulards ад франц. cagoule манаскі клабук),

члены тайнай прафаш. арг-цыі ў Францыі ў 1932—40. Кіруючы цэнтр арг-цыі («Сакрэтны к-т рэв. дзеяння») на чале з марскім інж. Э.​Дэлонклем (склаўся ў 1936), рыхтаваў змовы супраць урадаў Нар. фронту, праводзіў акцыі тэрору супраць паліт. апанентаў, кантактаваў з ісп. франкістамі. Праграма К. прадугледжвала стварэнне ў Францыі фаш. дзяржавы на ўзор Італіі. Атрымлівалі грашовыя і інш. сродкі з фондаў арміі, ад манаполій і з-за мяжы (найперш ад італьян. фашыстаў). Гал. сац. база — кансерватыўныя ваенныя. Пасля акупацыі б.ч. Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) большасць К. падтрымала ўрад «Вішы».

т. 7, с. 403

КАГУРО́,

адно са стараж. карэйскіх плямён, пазней назва адной з трох карэйскіх раннефеад. дзяржаў (К., Пэкчэ, Сіла). Племя К. да пач. 1 ст. н.э. займала тэр. па сярэднім цячэнні р. Амнакан. Сталіца — г. Хвандо (сучасны Цзіань у паўн.-ўсх. Кітаі), з пач. 5 ст. — Пхеньян. Найб. магутнасці дзяржава К. дасягнула ў канцы 4 ст. У 668 яна разгромлена войскамі кіт. дынастыі Тан, якая выступіла ў саюзе з дзярж. Сіла: дынастыя Тан захапіла землі на Пн ад р. Тэданган, а паўд. ч. адышла да Сіла.

т. 7, с. 403

КАГУЦЕ́НКА (Аляксандр Гаўрылавіч) (н. 11.2.1924, в. Акцябрына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1954). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення аўтаматчыкаў ст. сяржант К. вызначыўся на тэр. Польшчы пры фарсіраванні Віслы, у баі каля в. Ліпскія Буды і ў баях на вуліцах Берліна. Да 1994 на гасп. рабоце.

т. 7, с. 403