Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯЗМЕ́Н,

1) даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з нанесенай шкалой і рухомым пунктам апоры (пятлёй). На адным канцы меў місачку або кручок, дзе клалі або падвешвалі груз, другі, патоўшчаны канец, служыў гірай. Карысталіся бязменам звычайна для вызначэння масы (вагі) прадуктаў. Часам бязменам называюць спружынную ручную вагу.

2) Даўняя адзінка масы. У 16—17 ст. 1 бязмен = 240 залатнікам = 1,022 кг.

т. 3, с. 394

БЯЗНІ́ТАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

цераз дымнае змацаванне тканін, скуры, плёнак і інш. матэрыялаў без выкарыстання нітак. Робіцца з дапамогай клейкіх рэчываў (з адначасовым уздзеяннем ціску і тэмпературы, выкарыстаннем прэсаў, прасаў і інш.), зваркі (робіцца пераважна тэрмакантактнай, высокачастотнай або ультрагукавой зваркай на зварачных апаратах і ўстаноўках), спец. бязнітачных швейных машын. Выкарыстоўваюць бязнітачнае злучэнне пры вырабе адзення, абутку, скураной галантарэі.

т. 3, с. 394

БЯЗРО́ДНЫ Ігар Сямёнавіч

(н. 7.5.1930, Тбілісі),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (праф. з 1972). У 1970 дэбютаваў у Маскве як дырыжор. Выступае як саліст і ансамбліст. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Я.Кубеліка (Прага, 1949), імя І.С.Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 394

БЯЗРУ́КАЎ Панцеляймон Кандратавіч

(15.2.1909, Масква — 1981),

савецкі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (1968). З 1946 у Ін-це акіяналогіі АН СССР. Працы па марской геалогіі і тэорыі асадканамнажэння ў акіянах. Кіраўнік марскіх экспедыцый на н.-д. судне «Віцязь». Вывучаў донныя адклады мораў Д. Усходу, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Тв.:

Донные отложения Охотского мори // Тр. Ин-та океанологии АН СССР. 1960. Т. 32;

Зональность и неравномерность осадконакопления в океане // Проблемы современной географии. М., 1964.

т. 3, с. 394

БЯЗЬ

(араб.),

шчыльная баваўняная тканіна з ніткамі асновы больш тонкімі, чым ніткі ўтку. Выпускаюць суравую (неапрацаваную), беленую, набіўную і гладкафарбаваную. Шыюць пасцельную і мужчынскую бялізну, спецвопратку і інш. Беленую бязь звычайна наз. Палатном.

т. 3, с. 395

БЯЗ’Я́ДЗЕРНАЯ ЗО́НА,

у міжнародным праве пэўная тэр., на якой забаронена размяшчаць у любой форме ядз. зброю. Умовай стварэння бяз’ядзернай зоны з’яўляецца дэмілітарызацыя. Поўная дэмілітарызацыя азначае і дэатамізацыю (поўнае выключэнне размяшчэння ядз. зброі на дадзенай тэр.). Бяз’ядзернымі з’яўляюцца і зоны, адносна якіх абвешчана агульная дэмілітарызацыя (напр., Аландскія а-вы, архіпелаг Шпіцберген, Антарктыка). Спецыяльнае стварэнне бяз’ядзернай зоны прадугледжвае частковую дэмілітарызацыю. Бяз’ядзерныя зоны ў цэлым не выключаюцца са сферы ўзбр. канфлікту, аднак не могуць быць тэатрам ядз. вайны. Бяз’ядзерныя зоны абвешчаны ў касм. прасторы (1967), у паўд. ч. Ціхага ак. (1986) і інш. У 1996 Беларусь прапанавала стварыць бяз’ядзерныя зоны ў Цэнтр. і Усх. Еўропе.

т. 3, с. 395