Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАПЦЭ́ВІЧЫ,

пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).

У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв. ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг. нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.

Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц. т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 8, с. 33

КАПЦЮ́Г (Валянцін Афанасьевіч) (9.6.1931, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 10.1.1997),

расійскі хімік-арганік. Акад. Рас. АН (1979; чл.-кар. 1968). Замежны чл. АН Беларусі (1995). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал. ін-т (1954), дзе і працаваў. З 1959 у Ін-це арган. хіміі Сібірскага аддз. Рас. АН (з 1987 дырэктар), адначасова ў Новасібірскім ун-це (у 1978—80 рэктар). З 1980 віцэ-прэзідэнт Рас. АН і старшыня яе Сібірскага аддзялення. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэакцый ізамерызацыі замешчаных араматычных злучэнняў, выкарыстанні ЭВМ для рашэння структурных задач арган. хіміі. Устанавіў асаблівасці будовы і заканамернасці пераўтварэння карбакатыёнаў, што паслужыла асновай колькаснай тэорыі малекулярных перагруповак. Распрацаваў новыя спосабы атрымання і выкарыстання арган. злучэнняў розных тыпаў (для інгібіравання акісляльнай дэструкцыі палімераў, як дабаўкі для паляпшэння рэалагічных уласцівасцей нафтаў і інш.). Ленінская прэмія 1990.

Літ.:

В.​А.​Коптюг: Указ. науч. тр., 1981—1986. Новосибирск, 1986.

В.А.Капцюг.

т. 8, с. 33

КАПЦЮГА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 1,3 км на Пд ад в. Ладыга Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Капцюганскі Лес. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,7 м, шыр. 3,4 м, выш. 2,2 м, у абводзе 12,4 м, аб’ём 18,6 м³, маса каля 49 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 33

КАПЦЯ́ЕВА (Антаніна Дзмітрыеўна) (7.11.1909, прыіск Южны Зейскага р-на Амурскай вобл., Расія — 12.11.1991),

руская пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т у Маскве (1947). Друкавалася з 1935. Аўтар аповесці «Калымскае золата» (1936), кн. нарысаў «Былі Алдана» (1937) пра жыццё і працу сібірскіх старацеляў, шахцёраў-гарнякоў. У раманах «Фарт» (1940), «Таварыш Ганна» (1946), «Дар зямлі» (1963), трылогіі «Іван Іванавіч» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Дружба» (1954), «Адвага» (1958) тэмы кахання, сям’і, грамадскага прызначэння чалавека, перамены ў сац. і духоўным жыцці народаў Поўначы. Гісторыка-рэв. раман «На Урале-рацэ» (кн. 1—2, 1969—78) прысвечаны падзеям грамадз. вайны. Дакументальна-публіцыстычныя нарысы К. у зб-ках «Па слядах Ермака. З дзённіка пісьменніка» (1972), «Палымяныя кветкі пустыні» (1982).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1972—75.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 8, с. 33

КАПЧАГА́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Ілі, у Алма-Ацінскай і Талды-Курганскай абл. Казахстана. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запаўняецца з 1970. Пл. 1847 км², аб’ём 28,14 км³, даўж. 180 км, найб. шыр. 22 км. Шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыі.

т. 8, с. 33

КАПША́Й (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1940, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне афармленчага мастацтва і жывапісу. Аформіў інтэр’еры: музеі Я.​Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. (1972, з Э.​Агуновічам), стараж.-бел. культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі (1979), нар. творчасці ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (1996) і інш.; бел. раздзел на Міжнар. выстаўцы ў Брно (Чэхаславакія, 1983, з В.​Чуглазавым), Міжнар. кірмашу ў Бухарэсце (1984), Нац. выстаўкі нар. творчасці Беларусі ў Мінску (1996). Сярод жывапісных твораў: «Халодны дзень» (1985), «Зімовы настрой» (1987), «Палявыя кветкі» (1996), серыі пейзажаў «Стары Мінск» (1991), «Нарачанскі край» (1995), «На Браслаўшчыне» (1996—97) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 33

КАПШЧЫ́НА, капшчызна,

дзяржаўны падатак у ВКЛ у 15—16 ст. за трыманне карчмы і продаж у ёй спіртных напіткаў (піва, мёду, гарэлкі). Памер К. вызначаўся вял. князем і вагаўся ад 0,5 капы (30 грошаў) да 2,5 капы (150 грошаў). Збіралася адзін раз у год спец. прызначанымі гаспадарскімі дваранамі. У некаторых выпадках вял. князь адмаўляўся ад К. на карысць ваявод, старостаў, гарадоў. З сярэдзіны 16 ст. паступова знікла з-за раздачы корчмаў на водкуп прыватным асобам. У каралеўскіх гарадах захавалася да 18 ст. ў выглядзе чопавага.

т. 8, с. 33

КАПЫЛЕ́НКА (Аляксандр Іванавіч) (1.8.1900, г. Краснаград Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1958),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ін-т нар. асветы (1925). Друкаваўся з 1920. У зб-ках апавяданняў «Імем украінскага народа» (1924), «Буйны хмель» (1925), «Цвёрды матэрыял» (1928) адлюстраваў падзеі рэвалюцыі і класавую барацьбу ў краіне, у кнігах «Залатая грамата» (1937), «Сонечная раніца» (1949), «Суседзі» (1955), аповесцях і раманах «Вызваленне» (1930), «Дзесяцікласнікі» (1938), «Зямля вялікая» (1957) — героіку Вял. Айч. вайны і мірнага буд-ва. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Л.​Салавей, А.​Чаркасаў, А.​Шарахоўская.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980.

Літ.:

Килимник О.В. Олександр Копиленко. 2 вид. Київ, 1984.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 33

КАПЫЛО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 2.2.1944, в. Забалацце Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў у газ. «Чырвоная змена» (1967—69). Друкуецца з 1963. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Сонца садзіцца ў травы» (1978), «Два дні ў лютым»(1981), «Асенні гром» (1985), «Сны не вяртаюцца» (1988), «імянны гадзіннік» (1991) тэмы жыцця сучаснай вёскі, гар. інтэлігенцыі, услаўленне чалавека працы, важным пытанні сучаснасці. Аўтар раманаў «Пасынак» (1993), «Крумкач» (1997).

І.І.Капыловіч.

т. 8, с. 33

КАПЫЛО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фаміч; н. 10.7.1937, в. Астражанка Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, на Бел. радыё, у рэд. газ. «Звязда», у выд-вах «Беларусь» (1964—71, 1981—83), «Мастацкая літаратура» (1973—81). Друкуецца з 1960. Асн. тэматыка творчасці — сучаснае жыццё вёскі, маральна-этычныя праблемы, падзеі мінулай вайны, чарнобыльская катастрофа. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» (1968), «Засада» (1979), «Дні ціхай восені» (1981), «Чужы сваяк» (1987). Піша для дзяцей.

т. 8, с. 34