Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАПУЛІРО́ЎКА (ад лац. copulare злучаць),

спосаб прышчэплівання раслін чаранком. Найб. пашыраны спосаб размнажэння пладовых дрэў і кустоў.

Пры простай К. (таўшчыня прышчэпы і прышчэпка да 1,5 см) на ніжніх канцах чарапка і галінкі робяць аднолькавыя па велічыні гладкія косыя зрэзы даўж. 3—4 см і накладваюць адзін на адзін так, каб іх камбіяльныя слаі супалі па ўсёй даўж. зрэзаў, шчыльна абвязваюць месца прышчэплівання плёнкай, цалкам закрываючы зрэзы. Верхні зрэз на прышчэпленым чаранку замазваюць садовым варам. Пры палепшанай К. сувязь прышчэпы з прышчэпкам больш трывалая, што дасягаецца з дапамогай язычкоў, якія робяцца на адлегласці ​1/3 ад ніжняга канца зрэзу на прышчэпе і на чаранку. Іх шчыльна прыкладваюць адзін да аднаго такім чынам, каб чаранок прасунуўся ўніз па зрэзе на прышчэп і ніжні канец зрэзу на чаранку супаў з пачаткам косага зрэзу на прышчэпе; потым месца прышчэплівання апрацоўваюць, як і пры простай К.

Капуліроўка простая (a) і палепшаная (б): 1 — зрэз прышчэпка; 2 — зрэз прышчэпы; 3 — злучэнне прышчэпка з прышчэпай; 4 — язычок.

т. 8, с. 30

КАПУЛЯТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ, савакупляльныя органы жывёл. У самцоў служаць для ўвядзення спермы ў цела самкі, у самак — для прыняцця К.о. самца і захоўвання спермы некат. час у жыццядзейным стане. Бываюць толькі ў жывёл з унутраным апладненнем: у многіх чарвей, малюскаў, членістаногіх, некат. рыб, птушак, бязногіх земнаводных і ўсіх паўзуноў (акрамя гатэрый) і млекакормячых. Адрозніваюць сапраўдныя К.о. (утвораны з канечных аддзелаў палавых праток) і не звязаныя анатамічна з палавой сістэмай (іх капулятыўная функцыя пабочная). Марфал. асаблівасці К.о. з’яўляюцца сістэм. адзнакамі.

т. 8, с. 31

КАПУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. copulatio злучэнне),

палавы акт у жывёл, якія маюць капулятыўныя органы, а таксама злучэнне пры палавым размнажэнні 2 асобін, у якіх адсутнічаюць капулятыўныя органы (напр., гатэрыі, дажджавыя чэрві). Да К. адносяць працэс зліцця 2 палавых клетак (ці асобін), якія знешне не адрозніваюцца (ізагаметы). Калі мужчынская гамета рэзка адрозніваецца ад жаночай, то працэс іх зліцця наз. апладненнем.

т. 8, с. 31

КАПУ́Р,

сям’я індыйскіх дзеячаў кіно. Прытхвірадж К. (3.11.1904—29.5.1972), акцёр, тэатр. рэжысёр. Скончыў юрыд. каледж у Лахоры. У 1944 заснаваў першы прафес. т-р на хіндзі «Прытхвітыэтрс» (у 1960 закрыты). Зняўся ў першым інд. гукавым фільме «Прыгажосць свету» (1931), а таксама «Бадзяга» (1951), «Мінулае, сучаснае і будучае» (1971), у сав.-інд. «Хаджэнне за тры моры» (1957). Радж К. (14.12.1924, г. Пешавар, Пакістан — 2.6.1988), акцёр, кінарэжысёр, прадзюсер, сцэнарыст. Сын Прытхвіраджа К. У 1947 заснаваў студыю «Радж Капур Філмс» у Бамбеі. Самабытны лірыка-камед. акцёр, танцор, валодаў вял. прывабнасцю, музыкальнасцю. Гал. ролі ў фільмах: «Бадзяга» (1951, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1953), «Пан 420» (1955). Рэжысёр фільмаў: «Сезон дажджоў» (1949), «Не спіце» (1956, у сав. пракаце «Пад покрывам ночы», прыз Міжнар. кінафестывалю за гал. ролю ў Карлавых Варах, 1957), «Маё імя клоун» (1970), «Любоўная немач» (1982) і інш. Сярод інш. прадстаўнікоў дынастыі К. — акцёры Шашы, Раджыў і інш.

А.​П.​Бабкова.

т. 8, с. 31

«КАПУ́СНІК»,

жартаўлівае гумарыстычнае парадыйнае тэатралізаванае прадстаўленне. Узнік у дарэв. Расіі. «К.» наладжвалі работнікі т-раў у час Вял. посту (назва ад традыц. поснага блюда — капусты ці пірага з капустай). У Пецярбургу найб. вядомы т. зв. «Варламаўскія К.» (вечары ў доме акцёра К.​А.​Варламава). У Маскве першыя «К.» ў выглядзе закрытых вечарын з пародыямі і жартамі арганізоўвала Т-ва мастацтва і л-ры. Пазней праводзіліся ў МХАТ (1902, 1903, 1908). У сав. час былі пашыраны як від маст. самадзейнасці. Форма вечароў «К.» захавалася да нашага часу ў вядучых бел. т-рах у дні свят, юбілеяў, а таксама як студэнцкія вечарыны.

т. 8, с. 31

КАПУ́СТА (Brassica),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.

К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 м выш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 см даўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.

Літ.:

Чулкова Е.И., Переднев В.П., Городилов Н.А. Капуста. Мн., 1973;

Советы огородникам. 2 изд., Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

Капуста: 1 — кармавая; 2 — пекінская; 3 — кальрабі; 4 — брусельская; 5 — белакачанная; 6 — цвятная; 7 — чырвонакачанная.

т. 8, с. 31

КАПУ́СТА,

традыцыйная бел. страва з варанай дробна пакрышанай капусты з бульбай, прыправамі, часам грыбамі. Гатуюць з мясам або затаўкаюць здорам ці заскварваюць; часта перад ядою прыпраўляюць смятанаю.

т. 8, с. 32

КАПУ́СТА (Піліп Піліпавіч) (25.12.1907, с. Жоўтае Пяціхацкага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 6.1.1973),

адзін з кіраўнікоў парт. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). З 1931 у Чырв. Арміі. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, камандзір палка. У партызанах з сак. 1942: нач. штаба, камісар атрада, з мая 1942 камандзір партыз. брыгады імя Варашылава, са снеж. 1942 — партыз. злучэння Слуцкай зоны. У сак.ліп. 1943 чл. Слуцкага падп. міжрайкома КП(б)Б, са жн. 1943 нач. штаба Беластоцкага партыз. злучэння, адначасова ў ліст. 1943 — ліп. 1944 чл. Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 8, с. 32

КАПУ́СЦІН (Аляксандр Пятровіч) (12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 16.10.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыд. курсы ў Маскве (1959). Працаваў у органах юстыцыі, у газ. «Гомельская праўда», у БелТА, з 1973 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1974—96 нам. гал. рэдактара). Друкаваўся з 1943. Першы зб. прозы «Суд ідзе» (1959). У творах узнімаў маральна-этычную і прававую праблематыку сучаснасці: зб-кі аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Суд вырашыў...» (1975), «Покліч сэрца», «Белыя гусі лета прарочаць» (абодва 1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Дружба вывела да зорак» (1985) і інш. Пісаў гумарэскі, гумарыст. апавяданні, публіцыст. артыкулы. Перакладаў з рус. і польск. моў.

Тв.:

Рэха даўніх баёў. Мн., 1984;

Гудок далёкага поезда Мн., 1986;

Салёная раса. Мн., 1988.

т. 8, с. 32

КАПУ́СЦІН (Міхаіл Дзянісавіч) (18.11.1907, в. Мікулічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.2.1968),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Волхаўскім, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся пры вызваленні Украіны і Малдавіі. 10—11.5.1944 у баях на правым беразе р. Днестр каля г. Ціраспаль мал. лейтэнант К. замяніў параненага камандзіра батальёна. Батальён на чале з К. 2 дні адбіваў контратакі ворага, знішчыў больш за 400 гітлераўцаў, 23 танкі і самаходныя гарматы. У ліп. 1944 батальён прарваў абарону праціўніка каля в. Мілянавічы на З ад г. Ковель і захапіў вышыню. Удзельнік вызвалення Варшавы і баёў за Берлін. Да 1946 у Сав. Арміі, пасля на адм.-гасп. рабоце.

т. 8, с. 32