Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́РКІН ((Perkin) Уільям Генры) (12.3.1838, Лондан — 14.7.1907),

англійскі хімік-арганік і прамысловец; пачынальнік анілінафарбавай прам-сці ў Англіі. У 1853—55 вучыўся ў Каралеўскім хім. каледжы ў Лондане. Навук. працы па даследаванні сінт. фарбавальнікаў. Атрымаў першы сінт. анілінавы фарбавальнік — мавеін (1856) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных ненасычаных кіслот (1868, рэакцыя П.), сінтэзаваў кумарын і карычную к-ту.

т. 12, с. 294

ПЕРЛ,

тое, што жэмчуг.

т. 12, с. 294

ПЕРЛ ((Perl) Марцін Льюіс) (н. 24.6.1927, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1990), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1997). Бацька нарадзіўся ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Скончыў Політэхн. ун-т у Брукліне (1948). З 1950 у Калумбійскім, з 1955 у Мічыганскім ун-тах, з 1963 праф. Стэнфардскага лінейнага паскаральнікавага цэнтра (у 1991—97 дэкан ф-та фізікі высокіх энергій). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна адкрыў цяжкі τ-лептон (1975). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з Ф.Райнесам).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие новой элементарной частицы — тяжелого τ-лептона // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4;

Размышления об открытии τ-лептона // Там жа. 1996. Т. 166, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

М.​Л.​Перл.

т. 12, с. 294

ПЕРЛАМУ́ТР (ням. Perlmutter ад Perle жамчужына + Mutter маці),

унутраны слой ракавіны бруханогіх, двухстворкавых і чатырохшчэлепных галаваногіх малюскаў, які выдзяляецца эпітэліяльнымі клеткамі мантыі. Складаецца з тонкіх пласцінак араганіту (разнавіднасць вуглякіслай вапны) і канхіяліну, размешчаных паралельна паверхні ракавіны. Мае вясёлкавы бляск, які залежыць ад інтэрферэнцыі святла, што адбіваецца ад паверхні П. Выкарыстоўваюць для вырабу ўпрыгожанняў, гузікаў і інш. Разнавіднасць П. — жэмчуг. На Беларусі П. атрымлівалі з ракавін перлавак і жамчужніц.

т. 12, с. 294

ПЕРЛАМУ́ТРАВЫЯ ВО́БЛАКІ,

тонкія, паўпразрыстыя воблакі, якія ўзнікаюць у стратасферы на выш. 20—30 км. Па форме нагадваюць перыстыя і перыста-кучавыя воблакі, з вельмі моцнай ірызацыяй (вясёлкавай афарбоўкай па краях, прыкмета кропельна-вадкай будовы). Назіраюць зрэдку зімой, пераважна ў Паўн. Еўропе і на Алясцы. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 294

ПЕРЛАМУ́ТРАЎКІ,

група родаў матылёў сям. німфалід. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. Жывуць у разнастайных ландшафтах. На Беларусі каля 14 відаў. П. балотная (Boloria aquilonaris) і П. Фрыга (Clossiana Frigga) занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 12 см (на Беларусі да 8 см). Верхні бок іх звычайна рыжаваты з чорнымі плямамі і палосамі, ніжні — рознай афарбоўкі, часта з бліскучымі перламутравымі (адсюль назва) або серабрыстымі плямамі і перавязямі. Вусені жывуць на травяністых раслінах (кормяцца пераважна на фіялках).

С.​Л.​Максімава.

Перламутраўкі: 1 — палявая (1а — яе вусень); 2 — Фрыга; 3 — Адыпа; 4 — Аглая (4а, 4б — яе вусень і кукалка); 5 — балотная; 6 — зеленаватая.

т. 12, с. 294

ПЕ́РЛАЎКА (Melica),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі 1 від — П. паніклая (M. nutans). Трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах, хмызняках. Інтрадукаваны П. высокая (M. altissima) і П. раснічастая (M. ciliata).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці каленчата ўзыходныя каля асновы. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — коласападобная аднабокая мяцёлка. Каласкі 2—5-кветкавыя. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны.

т. 12, с. 294

ПЕ́РЛАЎКІ (Unio),

род двухстворкавых прэснаводных малюскаў. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць у рэках, азёрах, сажалках; поўзаюць па дне або прымацоўваюцца да субстрату. Біяфільтратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.: звычайная, або разнаколерная (U. pictorum), клінападобная (U. tumidus), тоўстая (Ú. crassus).

Ракавіна даўж. да 14,5 см, унутр. слой перламутравы. Цела складаецца з тулава і нагі, галава рэдукаваная. Дыхаюць шчэлепамі. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі, планктонам. Раздзельнаполыя. Лічынка — глахідый. П. — корм для свойскай жывёлы і птушак.

Перлаўкі: 1 — разнаколерная; 2 — тоўстая.

т. 12, с. 294

Перлін Уладзімір Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 439

ПЕРЛІО́ВІЙ (ад лац. perluo прамываю),

рэшткавы грубаабломкавы валунны ці галечны матэрыял, які пасля размыву розных парод і вынасу драбназёму застаўся на дне рачных далін і яроў. Перлювіяльныя адклады характарызуюцца сартаванасцю, адсутнасцю слаістасці, прадухіляюць далейшы размыў рачных далін, на асобных участках рэк ствараюць мясц. базісы эрозіі.

т. 12, с. 295