ПЕПСІ́Н (ад грэч. pepsis страваванне),
пратэалітычны фермент страўнікавага соку жывёл і чалавека, які ажыццяўляе расшчапленне бялкоў. Малекулярная маса каля 35 000. Утвараецца ў страўніку ў выглядзе неактыўнага пепсінагену, актывуецца пад уплывам салянай к-ты страўнікавага соку. П. гідралізуе ўнутр. пептыдныя сувязі ў бялках і пептыдах з утварэннем больш простых пептыдаў і свабодных амінакіслот. Прэпарат П. ужываюць пры хваробах страўнікавага тракту.
т. 12, с. 270
ПЕПТАКО́КІ (Peptococcus),
род няспораўтваральных бактэрый шарападобнай формы. Трапляюцца ў кішачным тракце жывёл і чалавека, экскрэментах, брудзе. Пры пэўных умовах здольныя выклікаць септычныя інфекцыі.
Клеткі адзінкавыя, у парах, тэтрадах, агрэгатах. Нерухомыя, грамстаноўчыя, аблігатныя (абавязковыя) анаэробы. Валодаюць пратэалітычнай актыўнасцю, раскладаюць арган. злучэнні.
А.І.Ерашоў.
т. 12, с. 270
ПЕПТЫДА́ЗЫ,
пратэалітычныя ферменты, якія адшчэпліваюць канцавыя амінакіслотныя астаткі ад малекул бялкоў і пептыдаў. У адпаведнасці з характарам уздзеяння на субстраты адрозніваюць амінапептыдазы (адшчэпліваюць амінагрупу), дыпептыдазы (каталізуюць гідроліз дыпептыдаў да свабодных амінакіслот) і карбоксіпептыдазы (адшчэпліваюць карбаксільную групу). У страўнікава-кішачным тракце сумеснае дзеянне групы П. раскладае бялкі ежы да свабодных амінакіслот.
т. 12, с. 270
ПЕПТЫ́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від аміднай сувязі; узнікае ў выніку ўзаемадзеяння α-амінагрупы (—NH2) адной амінакіслаты з α-карбаксільнай групай (—COOH) інш. амінакіслаты. Такія палімерныя малекулы (поліпептыдныя ланцугі) могуць складацца з соцень амінакіслотных звёнаў, а бялковая малекула — з аднаго ці некалькіх поліпептыдных ланцугоў. З’яўляецца адзінай кавалентнай сувяззю, з дапамогай якой амінакіслотныя астаткі злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць каркас бялковай малекулы. Мае (на 40%) характар двайной (спалучанай) сувязі і таму карацей за адзінарную —C—N—сувязь. Часткова спалучаны характар —C—N—сувязі абумоўлівае плоскую канфігурацыю —C(O)—NH—групы (усе 4 атамы знаходзяцца ў адной плоскасці) і існаванне транс- (больш устойлівай) і цысформ. Ферментатыўнае ўтварэнне П.с. ў жывых клетках адбываецца ў працэсе біясінтэзу бялку.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 270
ПЕПТЫ́ДЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць астаткі аднолькавых або розных амінакіслот, што злучаюцца пептыднай сувяззю. Малекула П. — звычайна лінейны ланцуг з амінагрупай (—NH2) на адным і карбаксільнай групай (—COOH) на другім канцы ланцуга. Бываюць П. з замкнёным ланцугом — цыклапептыды (таксіны, гармоны і антыбіётыкі). Па колькасці амінакіслотных астаткаў адрозніваюць ды-, тры-, тэтрапептыды і г.д., а таксама поліпептыды. Да П. адносяць шэраг біялагічна актыўных рэчываў: глутатыён, анзерын, карназін, некат. гармоны (інсулін, глюкагон, вазапрэсін, аксітацын і інш.). У жывых клетках П. сінтэзуюцца з амінакіслот ці ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў. Шэраг актыўных П. і іх аналагі атрыманы штучна шляхам хім. сінтэзу. Дасягненні хіміі П. спрыялі вырашэнню некат. праблем біяхіміі і малекулярнай біялогіі (напр., расшыфроўка генет. кода).
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 270
ПЕПТЫЗА́ЦЫЯ,
пераход у калоідны раствор асадку, што ўтвараецца ў дысперсных сістэмах пры каагуляцыі. Адбываецца пры павышэнні т-ры, выдаленні каагулянтаў прамываннем асадку, увядзенні ў дысперсійнае асяроддзе пептызатараў — паверхнева-актыўных рэчываў ці электралітаў, якія выклікаюць ліяфілізацыю паверхні часцінак дысперснай фазы (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Выкарыстоўваюць у хім. і харч. вытв-сцях для атрымання вадкіх сістэм з парашкоў і паст. У некаторых выпадках П. непажадана (напр., пры водаачыстцы, асвятленні віна).
т. 12, с. 270