Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРААДКЛА́ДЗЕНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

выкапнёвыя і сучасныя арганізмы або іх рэшткі, якія пасля смерці пераносяцца з адных месцаў адкладаў у інш. (больш маладыя ці больш старажытныя). На Беларусі выяўлены шматлікія выкапнёвыя расл. і жывёльныя П.а. ў адкладах розных геал. сістэм. Напр., у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну трапляюцца мікрафітафасіліі кембрыю — сілуру, споры і пылок карбону і антрапагену, у адкладах антрапагену — споры дэвону, ледавіковыя фрагменты з акамянеласцямі ардовіку, дэвону і мелу, алювій з канадонтамі дэвону і інш. Такія пераадклады абцяжарваюць дакладную ідэнтыфікацыю геал. ўзросту першапачатковых адкладаў. Вынікі вывучэння П.а. выкарыстоўваюцца ў стратыграфічных, палеаэкалагічных і палеагеагр. даследаваннях. Вывучае П.а. тафаномія.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 12, с. 270

ПЕРААМІНАВА́ННЕ, трансамінаванне,

зваротны перанос амінагрупы (—NH2) ад амінакіслот (амінаў) да кетакіслот: R1—CH(NH2)—COOH + R2—CO—COOH ⇄ R1—CO—COOH + R2—CH(NH2)COOH. Асн. шлях распаду амінакіслот і сінтэзу заменных амінакіслот. Ферменты П. — амінатрансферазы ёсць ва ўсіх жывых клетках, яны каталізуюць усе вядомыя прыродныя амінакіслоты і шэраг біягенных амінаў (кафермент — пірыдаксальфасфат). Асобнае значэнне мае рэакцыя П. α-кетаглутаравай к-ты: глутамінавая к-та. якая з’яўляецца ў выніку гэтай рэакцыі. прыводзіць да ўтварэння мачавіны (канчатковага прадукту азоцістага абмену ў жывёл) і ўдзельнічае ў абясшкоджванні і вывядзенні з арганізма аміяку. Рэакцыя П. — адзін з важнейшых шляхоў інтэграцыі абмену рэчываў на ўзроўні клеткі — ажыццяўляе сувязь паміж абменам амінак-т, з аднаго боку, і вугляводаў і тлушчу, з другога.

Літ.:

Браунштейн А.Е. На стыке химии и биологии. М., 1987;

Яго ж. Процессы и ферменты клеточного метаболизма. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 270

ПЕРААХАЛАДЖЭ́ННЕ,

ахаладжэнне рэчыва ніжэй за т-ру яго раўнаважнага фазавага пераходу ў інш. агрэгатны стан ці крышталічную мадыфікацыю, што не прыводзіць да фазавага пераходу. Пераахалоджанае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане.

Фазавыя пераходы 1-га роду (напр., кандэнсацыя, крышталізацыя) на пачатковай стадыі патрабуюць пэўнага П. э мэтай утварэння зародкаў новай фазы (кропель, крышталікаў). Утварэнне зародкаў пры т-ры фазавага пераходу ўскладняецца тым, што яны знаходзяцца ў стане раўнавагі з зыходнай фазай. Калі ўзнікненне і рост зародкаў значна абцяжараны (напр., крышталізацыя вязкай вадкасці), магчыма глыбокае П. і атрыманне практычна ўстойлівай фазы са структурай, характэрнай для больш высокіх т-р. На гэтым заснаваны, напр., загартоўка сталі і атрыманне шкла. Ад ступені П. вадзяной пары ў атмасферы залежыць характар атм. ападкаў (дождж, снег, град).

т. 12, с. 270

ПЕРАБРО́ДДЗЕ,

вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Абстэрна і Набіста. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на З ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 358 ж., 142 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 270

ПЕРАБУДО́ВА ў СССР у 1985—91,

тэрмін, які ўвайшоў у шырокі ўжытак з сярэдзіны 1980-х г. і абазначаў курс на рэфармаванне сац.-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Пачата па ініцыятыве Ген. сакратара ЦК КПСС М.С.Гарбачова і яго бліжэйшых паплечнікаў. Асн. зместам П. абвяшчалася ўмацаванне сацыяліст. ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканам. рэформу, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах студз. і чэрв. (1987) пленумаў ЦК КПСС, XIX Усесаюзнай парт. канферэнцыі (чэрв. 1988), XXVII і XXVIII з’ездаў КПСС. У выніку П. разам з пэўнымі зрухамі ў дэмакратызацыі грамадства адбылося абвастрэнне крызісу ў многіх сферах жыцця, узніклі міжнац. канфлікты ў шэрагу рэгіёнаў, КПСС і кіраўніцтва СССР паступова страчвалі кантроль за падзеямі ў саюзных рэспубліках, у т. л. ў Расіі. Да канца 1989 ў асн. распалася сістэма краін сацыяліст. садружнасці, 6.11.1991 распушчана КПСС, да канца 1991 СССР спыніў існаванне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі, у т. л. БССР — Рэспублікай Беларусь; большасць з іх увайшлі ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Гл. таксама Камуністычная партыя Савецкага Саюза і Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Літ.:

Гарбачоў М.С. Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету Пер. з рус. Мн., 1988;

Хоскинг Дж. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995. С. 466—510.

т. 12, с. 270

ПЕРАВА́Л,

найбольш нізкае і даступнае месца ў грэбені горнага хрыбта або масіву, якое служыць звычайна для зносін паміж суседнімі рачнымі далінамі. Шырокія пласкадонныя і глыбока апушчаныя П., якія маюць важнае трансп. значэнне, наз. горнымі праходамі; праз іх звычайна пракладзены ўючныя сцежкі, часам аўтадарогі ці чыгункі.

т. 12, с. 271

«ПЕРАВА́Л»,

літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал. рэд. А.​Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.​Вясёлы, М.​Галодны, М.​Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.​Багрыцкі, І.​Катаеў, Г.​Караваева, Н.​Агнёў, М.​Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.​Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.​Горбаў і А.​Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.​Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.

Літ.:

Перевальцы: Антология. М., 1930;

Белая Г. Дон-Кихоты 20-х гг. М., 1989.

Г.​М.​Шаладонаў.

т. 12, с. 271

ПЕРАВАЛО́КА,

вёска ў Караваціцкім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 60 км ад Гомеля. 683 ж., 291 двор (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 271

ПЕРАВАЛО́КА, Цяплуха,

рака, левы прыток р. Правая Лясная (бас. Зах. Бута), у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. і Польшчы. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 155 км². Пачынаецца з балотнага масіву і цячэ па тэр. Белавежскай пушчы, вусце на мяжы з Польшчай. У верхнім цячэнні наз. Саломенка. На рацэ вадасх. Белавежская Пушча. Ад вытоку да пункта за 2 км ніжэй вадасховішча рэчышча каналізаванае.

т. 12, с. 271

ПЕРАВАЛО́ЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

другая назва вадасх. Белавежская Пушча.

т. 12, с. 271