«ПЕРАВА́Л»,
літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал. рэд. А.Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.Вясёлы, М.Галодны, М.Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.Багрыцкі, І.Катаеў, Г.Караваева, Н.Агнёў, М.Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.Горбаў і А.Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.
Літ.:
Перевальцы: Антология. М., 1930;
Белая Г. Дон-Кихоты 20-х гг. М., 1989.
Г.М.Шаладонаў.
т. 12, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)