Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́ТА... (ад грэч. peta пяць, лік разрадаў па 10​3 у кожным), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​15 зыходнай адзінкі. Пазначаецца П. Напр., 1 ПГц = 10​15 Гц, 1 ПДж = 10​15 Дж.

т. 12, с. 330

ПЕТА́РДА (франц. pétard ад péter разрывацца з трэскам),

зарад спрасаванага дымнага пораху, змешчаны ў металічную ці кардонную абалонку. Выкарыстоўваецца ў капсульных утулках для перадачы агню ад капсуля-запальніка парахавому зараду, што знаходзіцца ў артыл. гільзе, а таксама для стварэння гукавых эфектаў пры феерверках і інш.

т. 12, с. 330

ПЕ́ТАХ-ТЫ́КВА,

горад у Ізраілі, уваходзіць у агламерацыю г. Тэль-Авіў. Засн. ў 1878 як с.-г. паселішча. Каля 160 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя). Прам-сць: маш.-буд., тэкст., харч. (перапрацоўка фруктаў, агародніны), металаапр., алмазагранільная, хімічная. Шпіталь «Бейлінсан» — адзін з буйнейшых у краіне. Мемар. цэнтр «Яд ла-банім», прысвечаны памяці ўсіх, хто загінуў пры абароне дзяржавы Ізраіль.

т. 12, с. 331

ПЕ́ТКАВІЧЫ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 8 км ад чыг. ст. Хвоева. 508 ж., 200 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 331

ПЕ́ТКАЎ (Дзімітр) (н. 4.5.1919, г. Смолян, Балгарыя),

балгарскі кампазітар. Нар. арт. Балгарыі (1974). Скончыў Дзярж. муз. акадэмію ў Сафіі (1952). У 1954—62 і 1975—78 дырэктар Сафійскай нар. оперы. Сярод твораў: опера «Званы, якія змоўклі» (1987), араторыя «Рожэн спускаецца з Радопаў» (1966), кантаты «Вераснёўская легенда» (1953), «Рэквіем матросу» (1967), «Святочная кантата» (1974), «Кантата аб Антаніванаўцах» (1978), сольныя і харавыя песні (каля 1000), дзіцячыя аперэты, музыка да спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзімітроўская прэмія 1969.

т. 12, с. 331

ПЕ́ТКЕР (Барыс Якаўлевіч) (28.10.1902—31.1.1983),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Вучыўся ў Харкаўскай драм. школе (1918—19). Скончыў драм. студыю ў Маскве пры б. т-ры Корша (1922) Працаваў у розных трупах, з 1933 у МХАТ. Акцёр вострай і яркай характарнасці, бліскуча валодаў мастацтвам эпізадычнай ролі: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля) і інш. Сатыру спалучаў з мяккай камедыйнасцю, сумнай іроніяй. Побач з дакладным псіхал. малюнкам, вял. ўвагу звяртаў на знешнюю выразнасць: Адвакат («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Гросман («Плады асветы» Талстога), Брыдуазон («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Доктар («Усё скончана» Э.​Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.

т. 12, с. 331

ПЕТЛЯКО́Ў (Уладзімір Міхайлавіч) (27.6.1891, г.п. Самбек Навашахцінскага гарсавета Растоўскай вобл., Расія — 12.1.1942),

расійскі авіяканструктар. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Баўмана (1922). З 1921 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1936 гал. канструктар на авіяцыйным з-дзе. Удзельнічаў у праектаванні самалётаў АНТ-2, АНТ-20 «Максім Горкі» (пад кіраўніцтвам А.​М.​Тупалева), кіраваў стварэннем бамбардзіроўшчыкаў ТБ-1 (АНТ-4), ТБ-3 (АНТ-6), ТБ-7 (Пе-8), Пе-2 і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Гай Д.И. Профиль крыла. М., 1981.

т. 12, с. 331

ПЕ́ТРАВІЧ ((Petrovici) Эміл) (4.1.1899, Тавакул-Мік, Югаславія — 7.10.1968),

румынскі мовазнавец. Акад. Акадэміі Румыніі (1948). Вучыўся ў Клужскім ун-це (з 1919) і ў Сарбоне. Праф. (1935) і рэктар (1946—51) Клужскага ун-та, прэзідэнт Клужскага філіяла (1948—56) і секцыі філал. навук Акадэміі Румыніі (з 1966). Працаваў у Сафійскім (1930—31), Бухарэсцкім (1956—58) ун-тах, у Ін-це рус. мовы імя М.​Горкага (1956—57). Чл. Міжнар. к-та славістаў (з 1955), прэзідэнт Асацыяцыі славістаў Румыніі (1956). Гал. рэдактар час. «Cercetări de lingvistică» («Лінгвістычныя даследаванні», з 1956) і «Romanoslavica» (з 1958). Удзельнічаў у складанні «Румынскага лінгвістычнага атласа» (1929—39). Аўтар прац у галіне гісторыі рум. мовы і народа, лінгвістычнай геаграфіі, фанетыкі і фаналогіі, анамастыкі, славяна-рум. лінгвістычных адносін, рум. і слав. дыялекталогіі.

т. 12, с. 331

ПЕТРАВЫ́Х (Марыя Сяргееўна) (26.3.1908, пас. Норскі Пасад Яраслаўскай вобл., Расія — 1.6.1979),

руская паэтэса, перакладчыца. Скончыла Маскоўскі ун-т (1930). Друкавалася з 1930. У паэт. зб-ках «Далёкае дрэва» (1968), «Рыса гарызонту» (апубл. 1986) і інш. лірыка кахання, тэмы творчасці, прыроды, смерці. Паэзіі П. уласцівы спавядальнасць, шчырасць пачуцця, прага высокага духоўнага ідэалу. З 1935 выступала як перакладчык з арм., груз., літ., польск. і інш. моў.

Тв.:

Избранное. М., 1991;

Костер в ночи: Стихи и переводы. Ярославль, 1991;

Назначь мне свиданье! М., 2000;

Прикосновение ветра: Стихи, письма, переводы. М., 2000.

А.​В.​Спрынчан.

т. 12, с. 331

ПЕТРАГРА́Д,

назва г. Санкт-Пецярбург у 1914—24.

т. 12, с. 331