Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ПЕ́ЎНІ»,

бел. нар. гульня. Удзельнічаюць 2 чал. Гульцы закладваюць рукі за спіну, падгінаюць адну нагу і, па камандзе, пачынаюць, скачучы на другой, штурхаць адзін аднаго грудзьмі ці плячом. Хто страціць раўнавагу — выбывае з гульні. У час спаборніцтва нельга пераскокваць з адной нагі на другую.

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 340

ПЕ́ЎНІК, гіднум выемчаты (Hydnum repandum),

шапкавы базідыяльны грыб сям. яжоўнікавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца ў лясах з ліп. па верасень.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—12 см, пукатая або злёгку ўвагнутая, часта няправільнай формы, ад белага да вохрыста-жоўтага колеру. Гіменафор у выглядзе крохкіх шыпікаў. Ножка кароткая, суцэльная, часам уздутая каля асновы. Мякаць белая, шчыльная. Споры бясколерныя, яйцападобныя. Ядомы ў маладым узросце.

Пеўнік.

т. 12, с. 340

«ПЕ́ЎНІК»,

бел. нар. танец, гл. «Петушок».

т. 12, с. 340

ПЕ́ЎНІКАВЫ ГРАБЕ́НЬЧЫК,

гл. ў арт. Цэлозія.

т. 12, с. 340

Пеўны Сяргей Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 439

ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),

падатрад птушак атр. вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн. г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.

Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.

т. 12, с. 340