ПЕРЛАМУ́ТР (ням. Perlmutter ад Perle жамчужына + Mutter маці),

унутраны слой ракавіны бруханогіх, двухстворкавых і чатырохшчэлепных галаваногіх малюскаў, які выдзяляецца эпітэліяльнымі клеткамі мантыі. Складаецца з тонкіх пласцінак араганіту (разнавіднасць вуглякіслай вапны) і канхіяліну, размешчаных паралельна паверхні ракавіны. Мае вясёлкавы бляск, які залежыць ад інтэрферэнцыі святла, што адбіваецца ад паверхні П. Выкарыстоўваюць для вырабу ўпрыгожанняў, гузікаў і інш. Разнавіднасць П. — жэмчуг. На Беларусі П. атрымлівалі з ракавін перлавак і жамчужніц.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)