ПЕ́РЛАЎКІ (Unio),

род двухстворкавых прэснаводных малюскаў. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць у рэках, азёрах, сажалках; поўзаюць па дне або прымацоўваюцца да субстрату. Біяфільтратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.: звычайная, або разнаколерная (U. pictorum), клінападобная (U. tumidus), тоўстая (Ú. crassus).

Ракавіна даўж. да 14,5 см, унутр. слой перламутравы. Цела складаецца з тулава і нагі, галава рэдукаваная. Дыхаюць шчэлепамі. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі, планктонам. Раздзельнаполыя. Лічынка — глахідый. П. — корм для свойскай жывёлы і птушак.

Перлаўкі: 1 — разнаколерная; 2 — тоўстая.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)