ПЕРЛАМУ́ТРАЎКІ,

група родаў матылёў сям. німфалід. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. Жывуць у разнастайных ландшафтах. На Беларусі каля 14 відаў. П. балотная (Boloria aquilonaris) і П. Фрыга (Clossiana Frigga) занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 12 см (на Беларусі да 8 см). Верхні бок іх звычайна рыжаваты з чорнымі плямамі і палосамі, ніжні — рознай афарбоўкі, часта з бліскучымі перламутравымі (адсюль назва) або серабрыстымі плямамі і перавязямі. Вусені жывуць на травяністых раслінах (кормяцца пераважна на фіялках).

С.​Л.​Максімава.

Перламутраўкі: 1 — палявая (1а — яе вусень); 2 — Фрыга; 3 — Адыпа; 4 — Аглая (4а, 4б — яе вусень і кукалка); 5 — балотная; 6 — зеленаватая.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)