Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛО́ДНА,

Галубінае возера, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 1,8 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на ПнЗ і ПдУ 12—14 м, пад лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, усх. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная зона глеістая.

На ПнУ выцякае ручай у воз. Тумскае, на Пд упадае ручай з воз. Галадзянка.

т. 4, с. 467

ГАЛО́ДНЫ Міхаіл

(сапр. Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),

рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.Я.Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, Я.Журба, А.Звонак, К.Кірэенка, В.Маракоў, П.Пестрак, М.Хведаровіч.

Тв.:

Стихотворения;

Баллады;

Песни. М., 1959;

Бел. пер. — Выбраныя вершы. Мн., 1936;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 4, с. 467

«ГАЛО́ДНЫЯ ПАХО́ДЫ»,

адна з формаў барацьбы беспрацоўных у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Удзельнікі паходаў у сталічныя ці вялікія адм. гарады ставілі свае патрабаванні ўрадам і парламентам, галоўныя з якіх — дзярж. страхаванне па беспрацоўі і выдача дапамогі беспрацоўным. Самыя вялікія «галодныя паходы» былі ў ЗША (1931, 1932) і Вялікабрытаніі (1932, 1933 і інш.).

т. 4, с. 467

ГАЛО́ДНЫ СТЭП,

Паўднёвы Галодны Стэп, раўніна ў Сярэдняй Азіі, на левабярэжжы р. Сырдар’я, пераважна ва Узбекістане. На Пд абмежаваны перадгор’ямі і адгор’ямі Туркестанскага хр., на Пн і ПнЗ зліваецца з пяскамі Кызылкум. Размешчаны на тэрасах р. Сырдар’я, складзеных з лёсападобных суглінкаў і супескаў. Асваенне Галоднага Стэпу пачалося ў канцы 19 ст., асабліва інтэнсіўнае было ў 1950—60-я г. Большая ч. тэр. арашаецца (Паўночны канал імя С.М.Кірава, Цэнтральны, Паўднёва-Галоднастэпскі канал і інш.). Баваўнаводства.

т. 4, с. 467

ГАЛО́ІДЫ,

гл. Галагены.

т. 4, с. 467

ГАЛО́МБАК

(Gołąbek) Юзаф (7.6.1889, Борак Фаленцкі, цяпер у межах Кракава — 25.9.1939),

польскі філолаг-славіст. Д-р філасофіі (1914) і філалогіі (1933). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1909). З 1926 дацэнт Варшаўскага ун-та. Асн. працы: «Пан Тадэвуш» у славянскіх перакладах» (1929—31, у т. л. і пераклады на бел. мову), «Іва Войнавіч, югаслаўскі драматург» (1932), «Брацтва св. Кірылы і Мяфодзія ў Кіеве» (1935), «Сербска-лужыцкая літаратура», «Цар Максімілян (народнае відовішча на Русі)» (абедзве 1938), «Гісторыя лужыцкага народа» (1939). Грунтоўнасцю фактычнай асновы, новымі матэрыяламі вылучалася яго манаграфія «Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт» (1932). Даследаваў бел. л-ру (арт. «Пачаткі беларускай драматургіі», 1925), фальклор і этнаграфію (арт. «Беларускія дзяды», 1925).

Літ.:

Wierzyński S. Józef Gołąbek // Pamętnik literacki. 1946. Т. 36.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 467

ГАЛО́Н

(англ. gallon),

адзінка аб’ёму (ёмістасці, умяшчальнасці) у сістэме англійскіх мер. У Вялікабрытаніі 1 галон = 4,54609 дм³, у ЗША для вадкасцей 1 галон = 3,78543 дм³, для сыпкіх рэчываў 1 галон = 4,405 дм³. Долевыя адзінкі галона — пінта і унцыя.

т. 4, с. 467

ГАЛО́НСКІ

(Gołoński) Анджэй (24.11.1799, г. Улацлавак, Польшча — 1854),

польскі архітэктар. Ганаровы чл. Пецярб. АМ (1853). Праф. (1838). Скончыў Варшаўскі ун-т (1828). Працаваў (пераважна ў Варшаве) у стылі позняга класіцызму, выкарыстоўваў таксама рэнесансавыя і гатычныя формы.

Сярод работ: царква Аляксандра Неўскага ў варшаўскай Цытадэлі (1835), касцёл у в. Яблонна (каля Варшавы), дамы Міткевіча, Натансона, уласны, дом і ф-ка Фрагета. Перабудаваў барочны касцёл піяраў у сабор св. Тройцы (1835—37), палац Урускіх (1844, цяпер Ін-т геаграфіі Варшаўскага ун-та), царкву ў павільёне палаца «На вадзе» ў Лазенках (1846), цэнтр. частку Гомельскага палаца (1852, з А.Іджкоўскім).

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 467

ГАЛО́П

(франц. galop),

бальны танец 19 ст. Выконваецца ў імклівым скачкападобным руху. Муз. памер 2/4. Узнік, верагодна, у Германіі, у 1820-я г. з’явіўся ў Францыі, адтуль пашырыўся па ўсёй Еўропе, у т. л. на Беларусі. Муз. форму галопа выкарыстоўвалі І.Ланер, К.Чэрні, бацька і сын Штраусы, Ф.Абер, Ж.Афенбах (аперэта «Арфей у пекле»), Ф.Шуберт, Ф.Ліст, М.Глінка, П.Чайкоўскі (опера «Спячая прыгажуня»), з бел. кампазітараў — Ю.Семяняка (опера «Калючая ружа») і інш.

т. 4, с. 467

ГАЛО́СНАСЦЬ,

публічнасць, права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш. Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл. Галоснасць судаводства).

Літ.:

Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;

50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;

Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;

Конституция Республики Беларусь;

Науч.-правовой коммент. Мн., 1996.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 4, с. 468