ГАЛО́СНАСЦЬ,

публічнасць, права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш. Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл. Галоснасць судаводства).

Літ.:

Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;

50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;

Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;

Конституция Республики Беларусь;

Науч.-правовой коммент. Мн., 1996.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)