Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛКІ́ПЕР

(англ. goal-keeper),

гулец, які абараняе вароты (варатар) у спарт. гульнях (футбол, хакей і інш.).

т. 4, с. 466

ГАЛКО́ Іван Кірылавіч

(н. 11.8.1935, в. Палянка Бранскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1965). Быў на камсамольскай і парт. рабоце, выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1992 праф. Бел. недзяржаўнага ін-та правазнаўства. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сац. планавання, сацыялогіі асобы, працы і права. Аўтар навуч. дапаможніка «Сацыялогія; Сацыялогія права як галіновая сацыялагічная тэорыя» (1992, разам з В.А.Уладзіміравым).

Тв.:

Роль труда и искусства в формировании духовного облика строителя коммунизма. Мн., 1971;

Человеческий фактор в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1988.

т. 4, с. 466

ГАЛКО́НДА,

феадальная дзяржава ў 16—17 ст. у Індыі. Утворана ў 1512 у выніку распаду Бахманідскага султаната. Заснавальнік Кулі Кутб-шах, былы бахманідскі намеснік у Варангале, сталіца — крэпасць Галконда, з 1589 — г. Бхагнагар (пазней перайменаваны ў Хайдарабад). Была багатай дзяржавай, мела развітыя ткацкія рамёствы, гарнарудныя промыслы (асабліва здабыча і апрацоўка алмазаў). У 1687 далучана да дзяржавы Вялікіх Маголаў. Цяпер у складзе штата Андхра-Прадэш.

т. 4, с. 466

ГАЛКО́ЎСКАЯ Галіна Апанасаўна

(н. 7.4.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі, заалогіі і папуляцыйнай экалогіі. Д-р біял. н. (1989), праф. (1990). Чл.-кар. Пятроўскай АН (С.-Пецярбург; 1994). Скончыла БДУ (1959). З 1962 у Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1971 у Ін-це заалогіі АН Беларусі. Навук. працы па папуляцыйнай экалогіі і экалаг. фізіялогіі беспазваночных, структуры і функцыянаванні згуртаванняў водных жывёл.

Тв.:

Рост водных животных при переменных температурах. Мн., 1978 (разам з Л.М.Сушчэнем);

Эколого-биологические основы массового культивирования коловраток. Мн., 1988 (разам з І.Ф.Міцянінай, В.А.Галоўчыцам);

Planktonic rotifers and temperature // Hydrobiologia. 1987. № 147;

Oxygen consumption rate in rotifers // Там жа. 1995. № 313—314.

т. 4, с. 466

ГАЛКО́ЎСКІ

(Галкаўскас; Galkauskas) Канстанцін Міхайлавіч (16.6.1875, г. Вільня — 20.2.1963),

літоўскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Беларус. Нар. арт. Літвы (1955). Праф. (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1908, вучань М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, А.Лядава). З 1908 вёў пед. дзейнасць у Вільні (з 1945 у кансерваторыі), арганізаваў сімф. аркестр (1909) і муз. школу (1919). У 30-я г. ўдзельнічаў у культ. жыцці Зах. Беларусі. Многія яго вак. творы засн. на бел. муз. фальклоры, напісаны на вершы бел. паэтаў: ансамблі, рамансы і хары на вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, З.Бядулі, К.Буйло; апрацоўкі бел. нар. песень, нар. харавыя сюіты «Дуда» і «Каханне» (апошняя з сімф. аркестрам). Аўтар лібрэта няздзейсненай оперы «Сымон-музыка» (паводле Я.Коласа). Сярод інш. твораў: оперы «Цыганы» (1908) і «Мізэрэрэ» (1909), муз. камедыі «Ласка Амура» (1925), «Алімпіяда» (1926), балет «Прывід маці» (1930), сімфонія «Масква» (1948), камерна-інстр. творы, хары, рамансы.

Літ.:

Шырма Р.Р. Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі // Песня — душа народа. Мн., 1976;

Matulaityte A. Konstantinas Galkauskas. Vilnius, 1975.

т. 4, с. 466

ГАЛКО́ЎСКІ Міхаіл Фёдаравіч

(н. 20.5.1942, в. Судзілы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета (з 1996 Нац. акад. т-р оперы Беларусі). Сярод партый нац. рэпертуару: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Раман («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Ціханаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). У класічным рэпертуары вылучаюцца партыі драм. і лірыка-драм. плана: Пінкертон, Каварадосі («Чыо-чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Радамес, Дон Карлас («Аіда», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Герман, Вадэмон («Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анатоль Курагін («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1973).

А.Я.Ракава.

т. 4, с. 466

ГАЛМЕ́Й,

мінерал, тое, што каламін.

т. 4, с. 466

ГАЛО́

(франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),

адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыстаслаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.

т. 4, с. 466

ГАЛО́ВАЧКА,

даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала да сярэдзіны 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас-аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень), своеасаблівага чапца з паркалю ці кужэльнага палатна, што надзяваўся на грэбень, рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў для ахінання каркаса) і сярпанкі (складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна — падушачка.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 467

ГАЛО́ВЕЦ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 26 км на ПнУ ад Полацка, сярод лесу. Пл. 0,3 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 4,88 км². Пратокай злучана з воз. Чарвятка.

т. 4, с. 467