ГАЛКО́ЎСКІ
(Галкаўскас; Galkauskas) Канстанцін Міхайлавіч (16.6.1875, г. Вільня — 20.2.1963),
літоўскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Беларус. Нар. арт. Літвы (1955). Праф. (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1908, вучань М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, А.Лядава). З 1908 вёў пед. дзейнасць у Вільні (з 1945 у кансерваторыі), арганізаваў сімф. аркестр (1909) і муз. школу (1919). У 30-я г. ўдзельнічаў у культ. жыцці Зах. Беларусі. Многія яго вак. творы засн. на бел. муз. фальклоры, напісаны на вершы бел. паэтаў: ансамблі, рамансы і хары на вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, З.Бядулі, К.Буйло; апрацоўкі бел. нар. песень, нар. харавыя сюіты «Дуда» і «Каханне» (апошняя з сімф. аркестрам). Аўтар лібрэта няздзейсненай оперы «Сымон-музыка» (паводле Я.Коласа). Сярод інш. твораў: оперы «Цыганы» (1908) і «Мізэрэрэ» (1909), муз. камедыі «Ласка Амура» (1925), «Алімпіяда» (1926), балет «Прывід маці» (1930), сімфонія «Масква» (1948), камерна-інстр. творы, хары, рамансы.
Літ.:
Шырма Р.Р. Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі // Песня — душа народа. Мн., 1976;
Matulaityte A. Konstantinas Galkauskas. Vilnius, 1975.
т. 4, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)