БЕЛАКО́З Адольф Сцяпанавіч
(каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у тым ліку «Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.
т. 2, с. 387
БЕЛАКУ́ДРАНІК
(Ballota),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Азіі. На Беларусі ў садах і парках, каля жылля і дарог, на засмечаных мясцінах і берагавых схілах трапляецца белакудранік чорны (Ballota nigra).
Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—125 см з кароткім карэнішчам. Сцябло простае або галінастае, шурпатаапушанае. Лісце круглавата-яйцападобнае, пілаватае, на чаранках. Кветкі дробныя, брудна-ружовыя, з непрыемным пахам, сядзяць на кароткіх кветаносах у шматлікіх пазушных паўпарасоніках (дыхазіях). Плод — чатырохарэшак. Лек. (выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне) і меданосная расліна.
т. 2, с. 387
БЕЛАКУ́РАЎ Уладзімір Вячаслававіч
(8.7.1904, Казань — 28.1.1973),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1965). Праф. (1946). Скончыў тэатр. аддзяленне Вышэйшага ін-та нар. асветы ў Казані (1918). З 1936 у МХАТ. Характарны акцёр. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Яша («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гетманаў («Глыбокая разведка» А.Крона). З 1932 у кіно: «Чкалаў», «Жукоўскі» (Дзярж. прэмія СССР 1951 за ролю Чаплыгіна). Здымаўся на кінастудыі «Беларусьфільм»: «Масква—Генуя», «Я родам з дзяцінства», «Запомнім гэты дзень», «Вайна пад стрэхамі», «Крушэнне імперыі», «Праз могілкі».
т. 2, с. 387
БЕЛАКУ́РЫХА,
горад у Расіі, у Алтайскім краі, у даліне р. Белакурыха. За 250 км ад Барнаула. 13,6 тыс. ж. (1995). Бальнеалагічны курорт у адгор’ях Чэргінскага хрыбта. Развіваецца з канца 19 ст. Вядомасць набыў дзякуючы мясц. крыніцам слабамінералізаваных тэрмальных (28—42 °C) радонавых водаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, руху і апоры, нерв. і гінекалагічных расстройстваў, пры парушэннях у абмене рэчываў. Больш за 10 санаторыяў; пансіянаты, лячэбніцы, месцы для аэрагелія- і клімататэрапіі. Паблізу горада Цялецкае воз., Алтайскі запаведнік.
Літ.:
Казначеев В., Черявский Е. Курорт Белокуриха. 2 Изд. [Барнаул], 1967.
т. 2, с. 387
БЕЛАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі неаліту, якія ў 3—2-м тыс. да нашай эры жылі на ўзбярэжжы Дзвінскага і ўсх. часткі Анежскага заліва Белага мора (Расія). Прадстаўлена рэшткамі часовых стойбішчаў. Насельніцтва займалася рыбалоўствам і паляваннем. Характэрны кругладонны посуд з ямкава-грабеньчатым геам. арнаментам. З крэменю выраблялі скрабкі, доўгія трохвугольныя наканечнікі стрэл, фігуркі жывёл і інш. рэчы.
т. 2, с. 388