БЕЛАКУ́ДРАНІК
(Ballota),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Азіі. На Беларусі ў садах і парках, каля жылля і дарог, на засмечаных мясцінах і берагавых схілах трапляецца белакудранік чорны (Ballota nigra).
Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—125 см з кароткім карэнішчам. Сцябло простае або галінастае, шурпатаапушанае. Лісце круглавата-яйцападобнае, пілаватае, на чаранках. Кветкі дробныя, брудна-ружовыя, з непрыемным пахам, сядзяць на кароткіх кветаносах у шматлікіх пазушных паўпарасоніках (дыхазіях). Плод — чатырохарэшак. Лек. (выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне) і меданосная расліна.
т. 2, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)