Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́НТЭ ФЛАМЕ́НКА (ісп. cante flamenco),

група сольных песень і танцаў Паўд. Іспаніі, а таксама стыль іх выканання. Радзіма К.ф. — Андалусія. Характэрны любоўны змест, асаблівы эмацыянальны стыль спеваў (найб. стараж. пласт наз. кантэ хонда — «глыбінныя спевы»), разнастайнасць рытмаў (прышчоўкванне пальцамі, дробнае прыстукванне абцасамі — сапатэада, суправаджэнне на кастаньетах; гал. муз. інструмент — гітара). Сярод асн. відаў — тона, пала, сігірыя, салеарэс, фанданга). Вядома з глыбокай старажытнасці. Пашырылася з узнікненнем спец. артыстычных кафэ (першае ў Севільі, 1842). Масавае пашырэнне набыло з 1870-х г. (1870—1920-я г. наз. «залатой эпохай» К.ф.). Стыль К.ф. выкарыстоўвалі ў творчасці многія кампазітары (М. дэ Фалья і інш.).

т. 8, с. 8

КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),

група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць да кішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.

Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.

т. 8, с. 9

КАНУ́Н,

традыцыйная бел. абрадавая страва, з якой пачыналі памінкі. Гатавалі з разбаўленай мёдам вады (сыты), крышанага спецыяльна спечанага прэснага каржа, гарачыкаў, булкі ці абаранкаў. Першую лыжку адлівалі для нябожчыка. Потым удзельнікі жалобнага стала чэрпалі адну або тры лыжкі К. з агульнай міскі, перадавалі яе па чарзе адзін аднаму, пасля чаго міску прыбіралі, тушылі памінальную свечку і працягвалі памінкі.

т. 8, с. 9

Кануннікава Ніна Паўлаўна

т. 18, кн. 1, с. 400

КАНУРБА́ЦЫЯ (ад лац. соп разам + urbs горад),

разнавіднасць гарадской агламерацыі, якая мае ў якасці ядра некалькі аднолькавых па памерах і значнасці гарадоў без дамінуючага. Напр., вял. колькасць гарадоў у Рурскім басейне (ФРГ). Для К. характэрна агульнасць эканам. жыцця, цесныя трансп. сувязі, маятнікавая міграцыя жыхароў.

т. 8, с. 9

КА́НУС (Іван Іванавіч) (н. 2.5.1934, в. Рыбалава Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964). З 1982 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве розных доз апрамянення на ход наркозу і пасляаперацыйнага перыяду ў анкалагічных хворых. Распрацаваў комплексную інтэнсіўную тэрапію хворых з вострай ныркавай недастатковасцю.

Тв.:

Основы анестезиологии, реаниматологии и интенсивной терапии в вопросах, задачах и ответах. Мн., 1992.

т. 8, с. 9

КА́НФАР (грэч. kantharos),

старажытнагрэчаскі кубак для віна з 2 верт. ручкамі, звычайна глінянымі, радзей металічнымі. Вядомы з 6 ст. да н. э.

Канфар.

т. 8, с. 9

КАНФАРМАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел стэрэахіміі, які вывучае канфармацыі малекул, працэсы іх узаемнага пераходу, а таксама залежнасць фіз. і хім. уласцівасцей ад канфармацыйных характарыстык. Навук. аснова К.а. — хімічнай будовы тэорыя і квантавая хімія. Асн. метады даследаванняў — метад ядз. магнітнага рэзанансу, інфрачырв. спектраскапія, паляраграфія і інш. спектральныя метады. Значны ўклад у развіццё К.а. зрабілі Д.Х.Р.Бартан, А.Баер, У.Прэлаг, Г.​Заксе, М.​С.​Зефіраў. Выкарыстоўваюць для даследавання біяхім. і біяфіз. працэсаў, што абумоўлена залежнасцю ўласцівасцей біяпалімераў ад іх канфармацыйных параметраў, а таксама біял. актыўнасці арган. злучэнняў ад магчымасці ўтвараць у арганізме чалавека і жывёл фізіялагічна актыўныя канфармацыі.

Т.​Т.​Лахвіч.

т. 8, с. 9

КАНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. conformatio форма, размяшчэнне) у хіміі, пэўнае размяшчэнне ў прасторы атамаў малекулы вядомай канфігурацыі; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Пераход паміж К. адбываецца ў выніку вярчэння фрагментаў (атамаў ці груп атамаў) малекулы адносна простых сувязей, выгінання і інш. дэфармацый сувязей, якія не змяняюць канфігурацыю малекулы.

Малекула мае некалькі К., кожнай з іх адпавядае пэўная энергія. Адрозніваюць К. з макс. (заслоненыя К.) і мінім. значэннем энергіі (запаволеныя К.). Напр., для малекулы этану H3C—CH3 магчыма існаванне 2 К., якія максімальна адрозніваюцца па энергіі — запаволеная і заслоненая, энергетычны бар’ер вярчэння адносна сувязі вуглярод-вуглярод складае ~13 КДж/моль. Заслоненыя К. адпавядаюць энергетычным бар’ерам пераходаў паміж адносна стабільнымі запаволенымі. У час вярчэння фрагментаў малекулы адносна сувязей магчыма ўтварэнне некалькіх К., якім адпавядае мінімум энергіі, такія К. наз. канфармерамі. Пры высокіх значэннях энергіі вярчэння (больш за 80 КДж/моль пры т-ры 300 К) канфармеры — геам. ізамеры (гл. Геаметрычная ізамерыя), атропаізамеры (напр., ортазамешчаныя дыфенілы) і шэраг цыклічных малекул, у якіх вярчэнне запаволена з-за наяўнасці аб’ёмных замяшчальнікаў, можна вылучыць у выглядзе індывід. хім. злучэнняў. Гл. таксама Канфармацыйны аналіз.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Канфармацыя ў хіміі: а — запаволеная і б — заслоненая канфармацыі малекулы этану.

т. 8, с. 9

КАНФАРМІ́ЗМ (ад позналац. conformis падобны),

пасіўнае прыняцце існуючага парадку, пануючых у грамадстве думак, меркаванняў і інш.; беспрынцыпнае прыстасавальніцтва. К. азначае адсутнасць у асобы ўласнай пазіцыі, некрытычнае перайманне любых узораў, што валодаюць найб. сілай націску (меркаванне большасці, аўтарытэт, традыцыі і інш.). Аб’ектыўна К. як маральна-паліт. з’ява з’яўляецца вынікам паліт. бяспраўя людзей, дысбалансу правоў і абавязкаў дзяржавы і чалавека, бюракратычных органаў кіравання. Ступень К. асобы ў адносінах да групы залежыць ад комплексу аб’ектыўных сац. умоў (становішча індывіда ў групе, узровень агульнай і прававой культуры ў грамадстве і інш.) і суб’ектыўных індывід. асобасных фактараў (узровень інтэлектуальнага, культ. і маральна-этычнага развіцця асобы, устойлівасць самаацэнкі і інш.). Маральна-паліт. К. не трэба атаясамліваць з канформнасцю як псіхал. з’явай.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 8, с. 9