Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) y К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.В.Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

КАСЦЁНКАЎСКА-БО́РШАЎСКІ РАЁН,

археалагічныя помнікі каменнага веку, размешчаныя ў сярэднім цячэнні р. Дон у раёне г. Варонеж. Назва ад помнікаў каля в. Касцёнкі і Боршава. 24 помнікі эпохі верхняга палеаліту. На іх выяўлены 4 пахаванні неаантрапаў, якія адрозніваюцца асаблівасцямі пахавальнага абраду і магільных пабудоў, жылыя комплексы (вял. родавыя дамы); знойдзена шмат прылад працы з крэменю і косці, упрыгожанняў з косці, іклаў маманта, каралаў, белемніту, мергелю, зубоў жывёлы і ракавін, вырабы дробнай пластыкі, у т.л. антрапаморфныя і зааморфныя фігуркі. Помнікі згрунтаваны. ў розныя археал. культуры: стралецкую верхнепалеалітычную, спіцынскую, гарадцоўскую, тэльманскую, касцёнкаўска-аўдзееўскую касцёнкаўска-вілендорфскага адзінства.

т. 8, с. 160

КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),

надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).

Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб. стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн. прамысл. рыбы.

т. 8, с. 160

КАСЦЮ́К (Міхаіл Паўлавіч) (н. 26.3.1940, в. Масцішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Акад. Нац. АН Беларусі (1996, чл.-кар. з 1989). Д-р гіст. н. (1980), праф. (1987). Правадз. чл. Цэнтр.-Еўрап. акадэміі навук і мастацтва (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1963). З 1969 у Ін-це гісторыі АН БССР. У 1975—81 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1981 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. і грамадска-паліт. праблемы гісторыі Беларусі пераважна сав. перыяду, пытанні ўсталявання і функцыянавання сав. сістэмы кіравання грамадствам і інш. Адзін з аўтараў 4-га тома 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1975), гал. рэдактар і адзін з аўтараў 2-га т. 4-томнай «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (1985), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95).

Тв.:

Идейно-политическое воспитание крестьянства. Мн., 1979;

Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: На материалах БССР. Мн., 1986;

Социалистические ценности труженихов села: История, современность, перспективы. Мн., 1989;

«Czynnik polski» w stalinowskiej polityce represyjnej lat 30. na Białorusi // Polska-Białoruś. 1918—1945. Warszawa, 1994;

Сталіншчына і Беларусь // Бел. гіст. часоп. 1995. № 1—2, Общее и особенное в проведении советской национальной политики в Белорусской ССР // Россия в XX в.: Пробл. нац. отношений. М., 1997.

М.П.Касцюк.

т. 8, с. 161

КАСЦЮ́К (Платон Рыгоравіч) (н. 20.8.1924, Кіеў),

украінскі вучоны ў галіне фізіялогіі, нейра- і электрафізіялогіі. Акад. АН Украіны (1969), акад. Расійскай АН (1974; чл.-кар. 1966). Чл. Герм. акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1966). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў кіеўскія ун-т (1946) і мед. ін-т (1949). З 1958 у Ін-це фізіялогіі імя А.А.Багамольца АН Украіны (з 1966 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні клетачных механізмаў дзейнасці нерв. сістэмы. Упершыню ў СССР выкарыстаў мікраэлектроды для даследавання дзейнасці нерв. клетак. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Тв.:

Микроэлектродная техника. Киев, 1960.

т. 8, с. 161

КАСЦЮ́К (Уладзімір Андрэевіч) (н. 11.3.1952, Мінск),

бел. біяхімік. Д-р хім. н. (1994). Скончыў БДУ (1974) і працуе ў ім. Навук. працы па даследаванні свабоднарадыкальных механізмаў патагенезу пры ўздзеянні на арганізм хім. і фіз. фактараў навакольнага асяроддзя, малекулярнай фармакалогіі прыродных і сінт. антыаксідантаў.

Тв.:

Protective effect of natural flavonoids on rat peritoneal macrophages injury caused by asbestos fibers (у сааўт.) // Free Radical Biology and Medicine. 1996. Vol. 21, № 4;

Antiradical and chelating effects in flavonoid protection against silica-induced cell injury (разам з А.І.Патаповіч) // Archives of Biochemistry and Biophysics. 1998. Vol. 355, № 1.

т. 8, с. 161

КАСЦЮКАВЕ́Ц (Ларыса Піліпаўна) (н. 15.2.1939, Мінск),

бел. музыказнавец, фалькларыст, медыявіст. Канд. мастацтвазнаўства (1978). Скончыла Бел. кансерваторыю (1966). З 1965 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Даследуе кантавую культуру Беларусі, бел. нар. песню (пераважна яе стылістыку і натаванне), стараж.-рус. і бел. знаменны спеў. Прапагандуе канты ў жывым гучанні. Аўтар вучэбна-метадычных прац, радыё- і тэлеперадач на фалькл. тэмы, складальнік зб. «Беларускія канты» (1992), дапаможніка «Беларускія народныя абрады» (1994).

Тв.:

Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

К истории рукописною сборника // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976;

Из истории древнерусского знаменного пения // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;

Ананчыцкія спявачкі // Беларусь. 1983. № 1;

Об одном типе купальских песен // Памяти К.Квитки. М., 1983;

Народные песни на стихи Янки Купалы // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1983. Вып. 2.

т. 8, с. 161

КАСЦЮКЕ́ВІЧ (Мікалай Ігнатавіч) (9.5.1904, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 9.12.1978),

бел. вучоны ў галіне метэаралогіі. Д-р с.-г. н. (1961), праф. (1962). Скончыў БСГА (1928). З 1957 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па гідралагічнай ролі лясоў, лясной метэаралогіі, ахове прыроды.

Тв.:

Роль леса в воздействии на климат и микроклимат // Вопросы лесного хозяйства, лесной и химической промышленности. Мн., 1967;

Атмосферный воздух и охрана его от загрязнения (разам з А.Х.Шклярам) // Охрана природы. Мн., 1969;

Лесная метеорология. 2 изд. Мн., 1975.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВА (Вольга Іванаўна) (н. 28.1.1954, Мінск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыла БДУ (1976). З 1980 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання. Распрацавала адаптыўны метад лінейнага і квадратычнага праграмавання; канструктыўныя метады пабудовы кіравання тыпу адваротнай сувязі; апорныя метады рашэння нелінейных задач аптымальнага кіравання.

Тв.:

Конструктивные методы оптимизации. Ч. 3—4. Мн., 1986—87 (у сааўт.);

Исследование решений семейства линейных задач оптимального управления, зависящих от параметра // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, № 2.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1973 у г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Адкрыты ў 1975. Мае 3 экспазіц. залы (пл. экспазіцыі 335 м²), больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Сярод матэрыялаў археал. знаходкі (прылады працы 3—1-га тыс. да н.э., косці шарсцістага насарога, зуб маманта), нумізматычныя калекцыі 17—20 ст., старадрукі (мінеі 1754 і 1799), матэрыялы пра абарону Касцюковіч у 1941, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, нар. паэта Беларусі А.Куляшова, пісьменнікаў В.Хомчанкі, І.Чыгрынава, А.Русецкага, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, творы жывапісу бел. мастака А.Бархаткова, прадметы побыту, узоры прыкладнога мастацтва, матэрыялы пра вёскі, пакінутыя ў забруджанай зоне пасля Чарнобыльскай катастрофы.

т. 8, с. 162