Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРАСІ́ (Carassius),

род прэснаводных рыб сям. карпавых. 2 віды: К. звычайны, або залаты (Carassius carassius), і К. сярэбраны (C. auratus), які бывае 2 падвідаў. Пашыраны ў Еўразіі. Адзін падвід (C.a. auratus), ад якога паходзіць акварыумная залатая рыбка, жыве ў Кітаі, другі (C.a. gibelio) — ад бас. Амура да З Еўропы. На Беларусь К. сярэбраны завезены ў 1948. Жывуць у азёрах, рэках, сажалках.

Даўж. да 50 см, маса да 5 кг. Луска буйная. Цела высокае, спіна цёмна-карычневая, бакі залацістыя. Палавая спеласць у 2—5 гадоў. Для К. сярэбранага ўласцівы гінагенез. Нераст парцыённы. Кормяцца бентасам, планктонам, воднай расліннасцю, дэтрытам. Зімуюць на дне вадаёмаў, у муле.

Карасі: 1 — залаты, 2 — сярэбраны.

т. 8, с. 56

КАРА́СІК (Юлій Юр’евіч) (н. 24.8.1923, г. Херсон, Украіна),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. РСФСР (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на кінастудыях Свярдлоўскай, «Ленфільм» і «Масфільм». Фільмы вызначаюцца псіхал. манерай апавядальнасці, яркімі акцёрскімі работамі: «Дзікі сабака Дзінга» (паводле Р.​Фраермана, 1962, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Шостае ліпеня» (паводле М.​Шатрова, 1968, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Чайка» (1972), «Самы гарачы месяц» (1974) і інш. У 1979 паставіў тэлефільм «Шклянка вады» (паводле Э.​Скрыба).

т. 8, с. 56

КАРАСЛА́ВАЎ (Георгі Славаў) (12.1.1904, г. Першамай, Балгарыя — 26.1.1980),

балгарскі пісьменнік. Акад. Балг. АН (1961). Нар. дз. культ. Балгарыі (1963). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1919. Першы зб. апавяд. «Беспрытульнікі» (1926). У зб-ках «Жалейка плача» (1927), «На варце» (1932), «На два франты» (1934), «Вясковыя гісторыі» (кн. 1—2, 1946—50), аповесцях «Селькор» (1933), «Танга» (1948), раманах «Дурман» (1938), «Нявестка» (1942), «Простыя людзі» (кн. 1—6, 1952—75) жыццё балг. вёскі. Аўтар п’ес «Габеравы» (1955), «Камень у балота» (1959), зб. літ.-крытычных арт. «Блізкія і знаёмыя» (1968), прозы для дзяцей і юнацтва. Дзімітраўская прэмія 1950 і 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.​Нікіфаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — Нявестка. Мн., 1966;

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1983.

Літ.:

Андреев В.Д. Георгий Караславов: Критико-биогр. очерк. Л., 1972.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 56

КАРА́Т (араб., ад грэч. keration стручок ражковага дрэва, насенне якога служыла мерай масы),

1) пазасістэмная адзінка масы каштоўных камянёў і жэмчугу. Абазначаецца кар. 1 кар. == 200 мг = 0,2 г = 2∙10​−4 кг.

2) Мера знаходжання золата ў сплавах, роўная ​1/24 масы сплаву (брытанскі К. золата). Чыстае золата адпавядае 24 кар.

т. 8, с. 56

КАРА́Т,

плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс. км². Выш. ў цэнтр. ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р. Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.

т. 8, с. 56

КАРАТА́ЕЎ (Аляксандр Юр’евіч) (н. 14.1.1954, г. Батумі, Грузія),

бел. вучоны ў галіне экалогіі і гідрабіялогіі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па ахове, рацыянальным выкарыстанні і кіраванні прэснаводнымі экасістэмамі, экалогіі вадаёмаў-ахаладжальнікаў, відавым складзе, біялогіі, экалогіі і прадукцыйнасці донных і перыфітонных беспазваночных, радыеэкалогіі ўнутр. вадаёмаў.

Тв.:

Дрейссена = Dreissena polymorpha (Pali.) (Bivalvia, Dreissenidae): Систематика, экология, практич. значение. М., 1994 (у сааўт.).

т. 8, с. 56

КАРАТА́ЕЎ (Герман Іванавіч) (н. 3.10.1931, р.п. Балаганск Усць-Удзінскага р-на Іркуцкай вобл., Расія),

бел. геафізік, геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968), праф. (1970). Чл.-кар. Міжнар. АН Еўразіі (1996). Скончыў Новасібірскі ін-т геадэзіі, аэраздымкі і картаграфіі (1953). З 1987 заг. лабараторыі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі комплекснай і геал. інтэрпрэтацыі геафіз. палёў, глыбіннай будове і фіз. неаднароднасці зямной кары і верхняй мантыі Зямлі, глыбіннай геафізіцы і карысных выкапнях, экалагічнай геафізіцы.

Тв.:

Геофизические модели земной коры Белорусско-Прибалтийского региона. Мн., 1993 (у сааўт.);

Нелинейные дисперсионные модели структурной геофизики. Мн., 1997 (разам з В.​К.​Фурс).

т. 8, с. 56

КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),

комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.

Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш. геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 8, с. 56

КАРАТА́ЎСКІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбуйнейшых у свеце, у Джамбульскай і Паўд.-Казахстанскай абласцях Казахстана. Выцягнуты паласой даўж. 120 км пры шыр. ад 15 да 30 км уздоўж усх. схілу хр. Каратау. Пл. 2,5 тыс. км². Уключае 45 радовішчаў. Агульныя запасы і прагнозныя рэсурсы фасфарытаў 15 млрд. т руды, колькасць фосфарнага ангідрыду P2O5 21—27%. Фасфарыты прымеркаваны да чулактаускай світы ніжняга кембрыю. Распрацоўка з 1946. Здабыча вядзецца адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Жанатас.

т. 8, с. 57

КАРАТКАХВО́СТЫЯ РА́КІ,

гл. ў арт Крабы.

т. 8, с. 57