Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́МЕРЛІНГ-О́НЕС ((Kamerling Onnes) Гейке) (21.9.1853, г. Гронінген, Нідэрланды — 21.2.1926),

нідэрландскі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). Скончыў Гронінгенскі ун-т (1876). У 1878—82 у Політэхн. школе ў г. Дэлфт, у 1882—1923 праф. Лейдэнскага ун-та, арганізатар і першы дырэктар (1894—1923) Лейдэнскай крыягеннай лабараторыі. Навук. працы па крыягеннай фізіцы, тэрмадынаміцы, магнітаоптыцы і радыеактыўнасці. Першым дасягнуў тэмператур, блізкіх да абсалютнага нуля, і атрымаў (1908) вадкі гелій. Адкрыў звышправоднасць (1911). Нобелеўская прэмія 1913.

Г.Камерлінг-Онес.

т. 7, с. 521

КА́МЕРНАЯ МУ́ЗЫКА,

галіна муз. мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невял. складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя муз. драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый. Асн. разнавіднасці твораў К.м. — раманс, вак. цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыо, квартэт, квінтэт і інш.), інстр. п’есы і цыклы п’ес.

Тэрмін «К.м.» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі. звязанай пераважна з быт. (хатнім) музіцыраваннем, царк. і тэатр. музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інстр. жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф.Шуберт, Р.Шуман. З 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 ст. значныя дасягненні ў К.м. належаць Ф.Шапэну, І.Брамсу, А.Дворжаку, Х.Вольфу, К.Дэбюсі, Л.Яначаку, Б.Бартаку, П.Хіндэміту, М.Глінку, А.Даргамыжскаму, М.Мусаргскаму, П.Чайкоўскаму, С.Танееву, С.Рахманінаву, А.Скрабіну, М.Метнеру, Дз.Шастаковічу, С.Пракоф’еву, М.Мяскоўскаму, Г.Свірыдаву.

На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А.Абрамовічу, І.Глінскаму, М.Ельскаму, Н.Орду, Ф.Міладоўскаму, В.Казлоўскаму. У 20 ст. К.м. фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця бел. муз. культуры. У інстр. творах 1920—30-х г. характэрная рыса — цытаванне фалькл. матэрыялу (квартэты М.Крошнера, М.Чуркіна, В.Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М.Аладава, А.Багатырова, П.Падкавырава, Р.Пукста, Я.Цікоцкага. Вакальная К.м. бел. кампазітараў ахоплівае рамансы і вак. цыклы (Л.Абеліёвіч, Багатыроў, Г.Гарэлава, Дз.Лукас, Пукст, Дз.Смольскі, Э.Тырманд, Л.Шлег). Інстр. мініяцюры ёсць ва ўсіх бел. кампазітараў, але найб. іх стварылі Абеліёвіч, Я.Глебаў, В.Карэтнікаў, Падкавыраў, Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В.Войцік, С.Картэс, А.Навахрост, Ф.Пыталеў, Тырманд, К.Цесакоў, Шлег і інш. Побач з традыц. інстр. складамі бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць у К.м. духавыя, ударныя і нар. муз. інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С.Бельцюкоў, Гарэлава, У.Кур’ян, Смольскі, Шлег). На стылістыцы К.м. адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі бел. муз. мастацтва на розных этапах яго развіцця.

Літ.:

Рацкая Ц.С. Советская камерная музыка. М., 1965;

Раабен Л.Н. Советская камерно-инструментальная музыка. Л., 1963;

Яго ж. Камерная инструментальная музыка первой половины XX в.: Страны Европы и Америки. Л., 1986;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Антоневич В.А. Камерно-инструментальная музыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

Т.А.Дубкова.

т. 7, с. 521

КА́МЕРНАЯ ПЕЧ,

печ, рабочая прастора якой мае форму камеры. Прызначана для награвання або тэрмічнай апрацоўкі метал. загатовак і дэталей, шкляных вырабаў, абпальвання керамічных і эмаліраваных вырабаў і інш. Працуе з перыяд. загрузкай вырабаў і аднолькавай т-рай ва ўсіх пунктах рабочай прасторы. Будуецца ў выглядзе каўпаковай печы, награвальнага калодзежа, печы з высоўным подам і інш. Выкарыстоўвае вадкае, цвёрдае і газападобнае паліва, эл. нагрэў.

т. 7, с. 522

КА́МЕРНАЯ СІМФО́НІЯ,

разнавіднасць сімфоніі. Склалася ў пач. 20 ст. з развіццём неакласіцызму як своеасаблівая рэакцыя на вял. цыклічную сімфонію 19 ст. і вял. аркестравы апарат. Характэрныя рысы: невял. часавая працягласць пры нестабільнай колькасці частак, абмежаваны інстр. склад, індывідуальны для кожнага твора; перавага поліфанічнай фактуры; спалучэнне стылявых мадэлей музыкі 18 ст. з прыёмамі сучаснай кампазітарскай тэхнікі. У адносінах зместу можа быць абвострана псіхалагічная (А.Шонберг), лірыка-драм. (А.Апегер, К.Караеў), апаэтызаваная (Б.Чайкоўскі). Развіццю К.с. ў бел. музыцы садзейнічала стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (1968). Сталыя ўзоры жанру прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, А.Залётнева, В.Капыцько, В.Кузняцова, К.Цесакова і інш.

Літ.:

Арановский М.Г. Камерный вариант симфонии // Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;

Сцепуро Л.А. Камерно-оркестровые жанры в творчестве белорусских композиторов 60—70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1985. Вып. 4.

Р.М.Аладава.

т. 7, с. 522

КА́МЕРНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ Створаны ў 1932 як секстэт домраў з артыстаў аркестра рус. нар. інструментаў Бел. радыёкамітэта. У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, апрацоўкі фальклору народаў б. СССР. У 1935 удзельнічаў у першых запісах бел. музыкі на грампласцінкі (інстр. і вак. творы бел. кампазітараў, апрацоўкі бел. нар. песень у выкананні Л.Александроўскай, І.Балоціна, М.Дзянісава, Р.Млодак, В.Несцярэнкі, М.Пігулеўскага). Выступаў таксама з хорам Бел. радыё. У 1941—44 не працаваў. З 1971, пасля ўключэння ў ансамбль арфы, баяна, цымбалаў і ўдарных інструментаў, сучасная назва. Рэпертуар узбагачаецца за кошт пералажэнняў сусв. папулярнай музыкі розных кірункаў. Кіраўнікі: Г.Лабанок (з 1938), Г.Жыхараў (з 1946), Л.Смялкоўскі (з 1960), А.Халшчанкоў (1976—79), Я.Валасюк (1983—91), А.Арабей (з 1995). Сярод салістаў (1998): Г.Радзько, Т.Пячынская. В.Кучынскі, А.Золатава.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1982.

Н.Я.Бунцэвіч.

Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё.

т. 7, с. 521

КА́МЕРНЫ АРКЕ́СТР,

невялікі аркестр, аснову якога складае струнная група, часам яе дапаўняюць клавесін, духавыя і ўдарныя інструменты. Яго асаблівасці: няўстойлівасць і ненарміраванасць складу, індывідуалізацыя партый (кожная партыя часам выконваецца адным салістам). Вызначэнне «К.а.» ўведзена ў 20 ст. ў сувязі з імкненнем узнавіць арыгінальнае гучанне барочнай і раннекласічнай музыкі і характэрнымі тэндэнцыямі сучаснай кампазітарскай творчасці: павелічэннем ролі поліфаніі, эканоміяй муз. сродкаў, рэакцыяй на «звышаркестр», што склаўся да пач. 20 ст. Для К.а. значны рэпертуар стварылі кампазітары П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч, Я.Раэтс, А.Шнітке, бел. Г.Вагнер, В.Войцік, Я.Глебаў, В.Капыцько, В.Кузняцоў і інш.

Сярод вядомых калектываў: К.а. пад кіраўніцтвам В.Штроса (Германія), «Новыя віртуозы Рыма» (Італія), К.а. лад кіраўніцтвам В.Траццякова, «Віртуозы Масквы», «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам Ю.Башмета (Расія), Літоўскі пад кіраўніцтвам С.Сандэцкіса, К.а. Грузіі пад кіраўніцтвам Л.Ісакадзе, Ерэванскі К.а. і інш., на Беларусі — Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 7, с. 522

КАМЕРО́Н ((Cameron) Чарлз) (1730-я г., Шатландыя — 1812),

расійскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Францыі і Італіі. З 1779 працаваў у Пецярбургу, у 1802—05 гал. архітэктар Адміралцейскай калегіі. Сярод твораў комплекс збудаванняў у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін): павільён «Агатавыя пакоі» (1780—85) з «Халоднымі лазнямі», «Вісячы сад» і «Камеронава галерэя» (1783—86, пандус — 1793); палац і паркавыя павільёны ў г. Паўлаўск (1780—1801). Пабудаваў палац Разумоўскага ў Батурыне на Украіне (1799—1803). Творчасці ўласцівы гарманічнасць, вытанчанасць кампазіцый, прапорцый і аддзелкі інтэр’ераў.

Ч.Камерон. Палац у г. Паўлаўск Ленінградскай вобл.

т. 7, с. 522

КАМЕРСА́НТ (ад франц. commereant гандляр),

асоба, якая займаецца прыватным гандлем, камерцыяй.

т. 7, с. 522

КАМЕРТО́Н (ням. Kammerton ад Kammer пакой + тон),

інструмент для фіксацыі і ўзнаўлення стандартнай вышыні муз. тонаў. Эталон вышыні гуку пры настройцы муз. інструментаў, у хоры і інш. Прасцейшы К. — U-падобна выгнуты замацаваны пасярэдзіне метал. стрыжань, канцы якога могуць свабодна вагацца. Звычайна выкарыстоўваюць К. ў тоне а​1 (ля 1-й актавы; часам і ў тоне с​2). Частата гэтага гуку мянялася ў розныя перыяды гісторыі музыкі. У наш час прынята настройка К. з частатой 440 герц. Выкарыстоўваюць таксама язычковыя і электронныя К. Для вызначэння вышыні розных тонаў служаць наборы К. і К., у якіх частата рэгулюецца.

Камертон.

т. 7, с. 523

КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun),

Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс. км². Нас. 14677,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г. Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).

Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.

Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр. ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн. т, 1993), жал. руда (240 млн. т), прыродны газ (110 млрд. м³), нафта (71 млн. т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).

Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс. ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст. паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст. феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр. ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.

У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд. ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац. дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл. ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс. арг-цыя працоўных К.

Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд. дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал. харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш. Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс. га, збор 70 тыс. т, 1995), кава (340 тыс. га, 100 тыс. т), бавоўна (каля 300 тыс. га, 170 тыс. т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і 3 краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс. т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн. м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн. т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш. Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд. кВт·гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр. прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр. прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр. з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч. ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс. км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты:Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд. дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн. дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.

Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.

зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац. маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).

Літ.:

Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.

В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Камеруна.
Да арт. Камерун. Горад Дуала.
Да арт. Камерун. Краявід на поўначы краіны.

т. 7, с. 523