ГА́ЛІЧ (сапр. Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч
(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),
рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.
Тв.:
Возвращение. Л., 1989;
Генеральная репетиция. М., 1991;
«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.
т. 4, с. 465
ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед. ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук. Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).
Тв.:
История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.
В.В.Краснова.
т. 4, с. 465
ГА́ЛІЧЫ,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. на р. Сураў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на У ад г. Клімавічы, 152 км ад Магілёва, 21 км ад чыг. ст. Шасцёраўка. 425 ж., 147 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 465
ГА́ЛІЯ
(лац. Gallia),
у старажытнасці вобласць, якая займала тэрыторыю паміж р. По і Альпамі (Цызальпінская Галія) і паміж Альпамі, Міжземным м., Атлантычным ак. (Трансальпінская Галія) — тэр. сучасных Паўн. Італіі, Францыі, Люксембурга, Бельгіі, ч. Нідэрландаў і ч. Швейцарыі. З 6 ст. да н.э. заселена кельтамі (рымляне наз. іх галамі). Каля 220 да н.э. Цызальпінскую Галію рымляне ператварылі ў правінцыю Галія Нарбонская. У 58—51 да н.э. Цэзарам заваявана астатняя Галія. У 16 да н.э. Аўгуст падзяліў Галію на 4 правінцыі: Нарбонскую Галію, Лугдунскую Галію, Аквітанію і Белгіку. З пач. 5 ст. н.э. тэр. Галію заваявалі герм. плямёны, у канцы 5 ст. яна ўвайшла ў Франкскую дзяржаву.
т. 4, с. 465
ГАЛІЯ́Ф,
у біблейскай міфалогіі волат-філістымлянін, забіты ў адзінаборстве пастухом Давідам, які пасля стаў царом Іудзеі.
т. 4, с. 465
ГА́ЛКА
(Corvus monedula),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі (акрамя паўн. і паўд. раёнаў), Паўн.-Зах. Афрыцы. Селіцца ў парках, гаях з дуплаватымі дрэвамі, расколінах скал, норах берагавых абрываў, пабудовах і інш. Больш шматлікая ў антрапагенных ландшафтах. На Беларусі пашыраны падвід галка звычайная (Corvus monedula monedula), трапляецца ўсюды.
Даўж. цела да 36 ем, маса да 250 г. Апярэнне чорнае, на галаве, хвасце і крылах з пурпурова-сінім метал. бляскам. Шыя шэрая. Дзюба кароткая. Корміцца расліннай і жывёльнай ежай: дажджавымі чарвямі, павукамі, жукамі, вусенямі матылёў, насеннем збожжавых, харчовымі рэшткамі і адкідамі. Знішчае шмат насякомых-шкоднікаў. Гняздуецца калоніямі паблізу і ў населеных месцах.
т. 4, с. 465
ГА́ЛКІН Генадзь Сяргеевіч
(н. 13.8.1949, г.п. Галіцына Маскоўскай вобл., Расія),
бел. спартсмен (стэндавая стральба). З 1974 выступаў за спарт. клуб Бел. ваен. акругі. Чэмпіён свету (1973), Еўропы (1979), чэмпіён СССР у асабістым (1978) і камандным (1974, 1976, 1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў. Рэкардсмен СССР (1978).
т. 4, с. 466
ГА́ЛКІН Ілья Савіч
(1.8.1898, в. Панасюкі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 7.4.1990),
савецкі гісторык. Праф. (1943), д-р гіст. н. (1956), засл. дз. нав. Расіі. Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (МДУ; 1932). Прарэктар (1941—43 і 1956—59) і рэктар МДУ (1943—48). Заг. кафедры новай і найноўшай гісторыі МДУ (1950—80). Працы (больш за 200) па гістарыяграфіі і метадалогіі гіст. навукі, методыцы выкладання гісторыі ў ВНУ, гісторыі Германіі, міжнар. адносін, рабочага руху і інш. Чл. рэдкалегіі час. «Новая и новейшая история».
т. 4, с. 466
ГА́ЛКІН Самуіл Залманавіч
(5.12.1897, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 21.9.1960),
яўрэйскі паэт і драматург. Друкаваўся з 1920. Аўтар кніг вершаў «Боль і мужнасць» (1929), «За новы падмурак» (1932), «Кантакт» (1935), «Дрэва жыцця» (1948). Лірыка Галкіна вызначаецца верай у будучыню, любоўю да жыцця, да яго шматграннай прыгажосці (зб. «Вершы», 1939, і інш.). Драм. творы Галкіна «Бар-Кохба» (1939), «Суламіф» (1940), «Душа, якая спявае» ішлі на сцэнах яўр. тэатраў. Трагедыя «Паўстанне ў гета» — пра паўстанне ў Варшаўскім гета супраць фашыстаў у час Вял. Айч. вайны.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. Баллады. Драмы. М., 1958;
Стихотворения. М., 1962;
Дальнозоркость. М., 1968.
т. 4, с. 466