ГА́ЛКА
(Corvus monedula),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі (акрамя паўн. і паўд. раёнаў), Паўн.-Зах. Афрыцы. Селіцца ў парках, гаях з дуплаватымі дрэвамі, расколінах скал, норах берагавых абрываў, пабудовах і інш. Больш шматлікая ў антрапагенных ландшафтах. На Беларусі пашыраны падвід галка звычайная (Corvus monedula monedula), трапляецца ўсюды.
Даўж. цела да 36 ем, маса да 250 г. Апярэнне чорнае, на галаве, хвасце і крылах з пурпурова-сінім метал. бляскам. Шыя шэрая. Дзюба кароткая. Корміцца расліннай і жывёльнай ежай: дажджавымі чарвямі, павукамі, жукамі, вусенямі матылёў, насеннем збожжавых, харчовымі рэшткамі і адкідамі. Знішчае шмат насякомых-шкоднікаў. Гняздуецца калоніямі паблізу і ў населеных месцах.
т. 4, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)