Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЛО́ХІНА (Ада Іванаўна) (н. 21.2.1943, в. Крым Шкотаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Аўтар габеленаў: «Асенні матыў» (1973), «Песня планет», «Азёрны край» (абодва 1974), «Белая русь» (з А.​Юзеевай, 1975), «Палескі край» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Лясная фантазія» (1980), «Яблынька» (1982), «Ізяслаўль» (1983), «Зямля цвіце» (1985), «Раніца туманная» (1989), «Ноч на Івана Купалу» (1992), «Нясвіжскі парк» (1999), «Белыя дзверы» (1996), «Асенні нацюрморт» (2000). Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю, выразнасцю каларыту, ураўнаважанасцю кампазіцыі.

А.Салохіна. Асенні нацюрморт. 2000.

т. 14, с. 115

СА́ЛПАЎСЕ́ЛЬКЯ (Salpausselkä),

узвышша на Пд і ПдУ Фінляндыі. 3 паралельныя канцавыя грады выш. да 247 м цягнуцца на 550 км уздоўж паўн. узбярэжжаў Фінскага зал. і Ладажскага воз. Адлегласць паміж градамі 30—50 км. Узгоркава-марэнны рэльеф. Складзены з пясчанікаў, галечнікаў, марэннага матэрыялу. Хвойныя і мяшаныя лясы. Некат. рэкі (Іматра і інш.) утвараюць парогі і вадаспады.

т. 14, с. 115

Салстан Джон

т. 18, кн. 1, с. 446

СА́ЛТАВА-МАЯ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура паўкачавых народаў, што жылі ў 8—9 ст. у бас. р. Дон і Прыазоўі. Назва ад Салтаўскага могільніка каля с. Верхняе Салтава (Харкаўская вобл., Украіна) і Маяцкага гарадзішча каля ўпадзення р. Ціхая Сасна ў р. Дон (Варонежская вобл., Расія). Вядома больш за 200 помнікаў культуры: рэшткі качэўяў, пасёлкаў, замкаў, гарадоў (Саркел, Таматарха, Фанагорыя), могільнікаў. Мае 2 варыянты: лесастэпавы — аланскі (гл. Аланы) і стэпавы — балгарскі (гл. Балгарыя Волжска-Камская). Для 1-га характэрны земляробчыя тыпы паселішчаў і катакомбавы абрад пахавання; для 2-га — качэўі і ямныя пахаванні.

т. 14, с. 115

САЛТА́НАЎ (Уладзімір Усеваладавіч) (н. 15.2.1936, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р біял. н. (1977), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). З 1965 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі (з 1978 заг. лабараторыі, нам. дырэктара). Навук. працы па аналізе функцыян. арганізацыі аферэнтных сістэм унутр. органаў, механізмаў віцэра-вісцэральных рэфлекторных рэакцый, механізмаў самарэгуляцыі вегетатыўных функцый. Вывучыў функцыян. ўласцівасці адчувальных валокнаў органаў брушной і тазавай поласці, паказаў наяўнасць уласных вегетатыўных аферэнтных нейронаў перыферычнага паходжання.

Тв.:

Электрофизиологический анализ висцеральных афферентных систем. Мн., 1973 (разам з І.​А.​Булыгіным);

Механизмы саморегуляции вегетативных функций. Мн., 1989;

Механизмы саморегуляции вегетативных функций в норме и патологии. Мн., 1994.

т. 14, с. 115

САЛТА́НАЎКА,

вёска ў Дашкаўскім с/с Магілёўскага р-на. На р. Салтан. За 12 км на Пд ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Чарназёмаўка. 424 ж., 134 дамы (2002). Пач. школа, дзіцячы сад, клуб, магазін. Помнік рус. воінам. Салтанаўская мемарыяльная капліца. Помнікі археалогіі — стаянкі каменнага веку.

У вайну 1812 каля С. 22—23 ліп. адбылася бітва паміж 7-м пях. корпусам ген. М.​М.​Раеўскага (17 тыс. чал.) і франц. войскамі маршала Л.​Даву (22 тыс. чал.). 20 ліп. корпус Даву захапіў Магілёў і заняў пазіцыі каля С. 2-я Зах. рус. армія ген. П.​І.​Баграціёна адыходзіла з Бабруйска на Магілёў, каб злучыцца з 1-й Зах. рус. арміяй ген. М.​Б.​Барклая дэ Толі (знаходзілася ў раёне Віцебска). Атрымаўшы загад Баграціёна вызваліць Магілёў, корпус Раеўскага 23 ліп. атакаваў французаў пад С. Калі высветлілася, што прарыў праз Магілёў немагчымы, Баграціён з арміяй пад прыкрыццём корпуса Раеўскага адышоў да Новага Быхава і пераправіўся цераз Дняпро. 24 ліп. пакінуў свае пазіцыі каля в. Дашкаўка і Раеўскі. Бітва каля С. дазволіла 2-й Зах. арміі адарвацца ад праціўніка, пераправіцца цераз Дняпро і злучыцца з 1-й Зах. арміяй каля Смаленска. Страты рускіх склалі 2548 чал. забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак, французаў — паводле розных падлікаў ад 3 да 5 тыс. чал.

т. 14, с. 116

САЛТА́НАЎСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Салтанаўка Магілёўскага р-на. Пабудавана ў 1912 (арх. К.​Міхайлаў, скульпт. П.​Яцына) з нагоды 100-годдзя перамогі тут рас. войск у вайне 1812. Цаглянае квадратнае ў плане збудаванне мае цэнтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, завершаную высокім шатром. Нізкі цокаль выступае за плоскасць сцен. Пластыку фасадаў узбагачаюць паўкалоны тасканскага ордэра, антаблементы з трохвугольнымі франтонамі. Вузкія крыжападобныя аконныя праёмы размешчаны ў паўцыркульных нішах. Іл. гл. да арт. Неакласіцызм.

А.​А.​Міцянін.

т. 14, с. 116

САЛТАНО́ВА,

вёска ў Дземяхоўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., каля р. Ведрыч. Цэнтр саўгаса. За 15 км на З ад г. Рэчыца, 65 км ад Гомеля, 3 км ад чыг. ст. Дземяхі. 970 ж., 398 двароў (2001). Камбінат харч. прадуктаў «Палессе». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 116

САЛТАНО́ЎСКІ ДРАЦЯ́НА-ЦВІКО́ВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1872—191.7 у в. Салтанова (цяпер у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл.). Меў паравы рухавік. У 1913 працавала 75 чал. У 1-ю сусв. вайну вырабляў цвікі, калючы дрот, скобы.

т. 14, с. 116

САЛТУ́К (Алег Уладзіміравіч) (н. 25.8.1946, в. Рыжэнькі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1967). Настаўнічаў, працаваў ва ўшацкай раённай газеце. З 1999 у газ. «Віцебскі рабочы». У 1980—99 сакратар Віцебскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1964. Асн. тэмы твораў — мінулае і сучаснае роднай зямлі і народа, яго гераічная памяць, даследаванне нашага складанага і супярэчлівага часу. Вершы С. вылучаюцца пафасам неспакою, любові да свайго краю; цэнтральны вобраз у іх — зямля-карміцелька (зб-кі «Пачатак дня», 1974; «Працяг», 1977; «Святло зямлі», 1982; «На далонях жыцця», 1988; «Трывога лёсу», 1996). Літ. прэмія імя У.​Караткевіча 2000.

Тв.:

Святло зямлі. Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 116