САЛТА́НАЎКА,

вёска ў Дашкаўскім с/с Магілёўскага р-на. На р. Салтан. За 12 км на Пд ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Чарназёмаўка. 424 ж., 134 дамы (2002). Пач. школа, дзіцячы сад, клуб, магазін. Помнік рус. воінам. Салтанаўская мемарыяльная капліца. Помнікі археалогіі — стаянкі каменнага веку.

У вайну 1812 каля С. 22—23 ліп. адбылася бітва паміж 7-м пях. корпусам ген. М.​М.​Раеўскага (17 тыс. чал.) і франц. войскамі маршала Л.​Даву (22 тыс. чал.). 20 ліп. корпус Даву захапіў Магілёў і заняў пазіцыі каля С. 2-я Зах. рус. армія ген. П.​І.​Баграціёна адыходзіла з Бабруйска на Магілёў, каб злучыцца з 1-й Зах. рус. арміяй ген. М.​Б.​Барклая дэ Толі (знаходзілася ў раёне Віцебска). Атрымаўшы загад Баграціёна вызваліць Магілёў, корпус Раеўскага 23 ліп. атакаваў французаў пад С. Калі высветлілася, што прарыў праз Магілёў немагчымы, Баграціён з арміяй пад прыкрыццём корпуса Раеўскага адышоў да Новага Быхава і пераправіўся цераз Дняпро. 24 ліп. пакінуў свае пазіцыі каля в. Дашкаўка і Раеўскі. Бітва каля С. дазволіла 2-й Зах. арміі адарвацца ад праціўніка, пераправіцца цераз Дняпро і злучыцца з 1-й Зах. арміяй каля Смаленска. Страты рускіх склалі 2548 чал. забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак, французаў — паводле розных падлікаў ад 3 да 5 тыс. чал.

т. 14, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)