Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІЛЕ́ЙНІК,

кветкавая расліна, тое, што красадзён.

т. 9, с. 258

ЛІЛЕО́ПСІДЫ, аднадольныя,

аднасемядольныя (Liliopsida),

клас кветкавых раслін, зародак якіх мае адну, у адрозненне ад двухдольных, семядолю. Каля 20 парадкаў, больш за 60 тыс. відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе, складаюць значную ч. травастою лугоў, стэпаў, саваннаў. На Беларусі 11 парадкаў: асакакветныя, ароннікакветныя, жабнікакветныя, касачакветныя, лілеякветныя, метлюжкакветныя, наядакветныя, рагозакветныя, сітакветныя, шальнікакветныя, ятрышнікакветныя; больш за 350 відаў. Гал. кампанент расліннага покрыва балот, лугоў і лясоў.

Пераважна травяністыя расліны. Дравяністыя Л. трапляюцца ў тропіках, радзей у субтропіках. У траў сцябло ў таўшчыню не расце. Лісце з паралельным або дугавым жылкаваннем, звычайна без чаранка і прылісткаў. Кветкі пераважна трохчленныя. Каранёвая сістэма валасніковістая, часта бывае змена падземных парасткаў (карэнішча, клубні, цыбуліны). Харч., кармавыя, тэхн., дэкар., лек. і прыпраўныя расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1—2. Л., 1974—76;

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978.

т. 9, с. 258

ЛІЛЕ́Я (Lilium),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.

Да арт. Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.

т. 9, с. 258

ЛІЛЕЯКВЕ́ТНЫЯ (Liliales),

парадак аднадольных раслін. Каля 20 сям., больш за 6,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 сям. (лілейныя, спаржавыя, цыбулевыя), 14 родаў (бялюк, гусіная цыбуля, купена, ландыш, лілея, майнік, мудранка, пазнацвет, спаржа, тафільдыя, цыбуля, цюльпан, чамярыца, птушкамлечнік) і шмат інтрадукаваных відаў з родаў алоэ, амарыліс, белакветнік, гальтонія, гіяцынт, драцэна, красадзён, нарцыс, рабчык і інш. Лілея кучаравая (царскія кучары), мядзведжая цыбуля (чарамша), познацвет асенні, тафільдыя чашачкавая, цюльпан лясны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовыя травы з карэнішчам, цыбулінамі ці клубнецыбулінамі, радзей дрэвападобныя расліны, некат. ліяны. Лісце суцэльнае. Кветкі звычайна двухполыя, правільныя ў гронках, мяцёлках і інш. суквеццях. Плод — каробачка, часам — ягада. Лек., агароднінныя, інсектыцыдныя, меданосныя, тэхн., дэкар., пакаёвыя расліны; ёсць ядавітыя.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 6. Цветковые растения. М., 1982.

т. 9, с. 258

ЛІ́ЛІЕНТАЛЬ ((Lilienthal) Ота) (23.5.1848, г. Анклам, Германія — 10.8.1896),

нямецкі інжынер, адзін з піянераў авіяцыі. Канструяваў планёры, у 1891—96 выканаў на іх каля 2 тыс. палётаў. Даказаў залежнасць паміж пад’ёмнай сілай, лабавым супраціўленнем і вуглом атакі крыла (т.зв. паляра Ліліенталя). Растлумачыў прычыны лунання птушак. Загінуў у час палёту.

т. 9, с. 258

ЛІ́ЛІНА (сапр. Перавошчыкава) Марыя Пятроўна

(3.7.1866, Масква — 24.8.1943),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1933). Жонка К.С.Станіслаўскага. З 1898 працавала ў Маскоўскім Маст. т-ры. Мастацтву актрысы ўласцівы віртуознае сцэн. майстэрства і артыстычнасць. Сярод роляў: Маша, Соня, Наташа, Аня («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.Чэхава), Ліза Бенш («Мікаэль Крамер» Г.Гаўптмана), Эліна («Каля царскай брамы» К.Гамсуна), Лябядкіна («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана «Д’яблы» Ф.Дастаеўскага), Дар’я Іванаўна («Правінцыялка» І.Тургенева), Карэніна («Жывы труп» Л.Талстога).

Літ.:

М.П Лилина: [Сб. материалов]. М., 1960.

т. 9, с. 259

ЛІЛІПУ́Т, карлік,

чалавек вельмі маленькага росту. Тэрмін запазычаны з рамана Дж.Свіфта «Падарожжа Гулівера» (1726), у якім апісана фантастычная краіна, населеная маленькімі людзьмі. Гл. Карлікавы рост.

т. 9, с. 259

ЛІЛО́НГВЕ (Lilongwe),

горад, сталіца Малаві, на р. Лілонгве. Адм. ц. Цэнтральнай правінцыі. Засн. ў 1902. 395,5 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр раёна вырошчвання тытуню і тытунёвай прам-сці.

т. 9, с. 259

ЛІЛЬ (Lille),

горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Нор. Вядомы з 11 ст. 178 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Дзёль (бас. Шэльды). Міжнар. аэрапорт. Цэнтр Паўн. індустр. раёна Францыі. Прам-сць: тэкст., цяжкае машынабудаванне, хім., харчовая. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў, рэліг. мастацтва, фальклору і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 13—18 ст.: гатычныя капэлы і капліцы, цэрквы, ваенны шпіталь, жылыя дамы.

т. 9, с. 259

ЛІ́МА (Lima),

горад, сталіца Перу. Знаходзіцца на раўніне паміж падножжам Андаў і ўзбярэжжам Ціхага ак., на р. Рымак. Адм. ц. дэпартамента Ліма. 6,7 млн. ж. з прыгарадамі (1993). Буйнейшы трансп. вузел краіны, праходзіць Панамерыканская шаша. Марскі порт — Кальяо, фактычна зліўся з Л. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны (каля 80% апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., хім., аўтамаб., металаапрацоўчая. Разнастайная рамесная і саматужная вытв-сць. Ун-ты, у т.л. Сан-Маркас (з 1551). 3 акадэміі навук. Нац. музей перуанскай культуры, Музей натуральнай гісторыі «Хаўер Прада», Нац. музей антрапалогіі і археалогіі. Нац. тэатр.

Засн. ў 1535 ісп. канкістадорам Ф.Пісара. У 16 — пач. 19 ст. цэнтр ісп. каланіяльных уладанняў у Паўд. Амерыцы і сталіца віцэ-каралеўства Перу. У 1551 засн. Каталіцкі ун-т (старэйшы ў Паўд. Амерыцы). Пасля абвяшчэння незалежнасці ад Іспаніі (1821) Л. — сталіца рэспублікі Перу. У 1687 і 1746 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У Ціхаакіянскія войны 1864—66 і 1879—83 быў акупіраваны войскамі Чылі.

Горад захаваў прамавугольную сетку вуліц калан. часу. У цэнтры — Стары горад з арх. помнікамі, на ПнЗпрамысл. раён, на ПдЗ — дзелавыя кварталы, на Пд і ПдУ — раёны асабнякоў. Вакол гал. пл. Пласа дэ Армас сабор (1572—1797), Палац прэзідэнта рэспублікі (1937—38, неакалан. стыль). У 16—18 ст. у стылі барока пабудаваны комплексы манастыроў (Сан-Франсіска, 1556—1624, Санта-Дамінга, сярэдзіна 16 ст.; Ла Мерсед, 1628—30) і цэрквы са складанай разьбой на парталах і ў інтэр’ерах, палацы (Торэ Тагле, 1735), жылыя дамы з унутр. дварамі, драўлянымі балконамі, ляпнымі парталамі. У 19 ст. будавалі ў духу эклектызму, у 1-й пал. 20 ст. — у «неаперуанскім стылі» (будынак Саюза архітэктараў, 1947), у 2-й пал. 20 ст. — у стылі сучаснай зах.-еўрап. і амер. архітэктуры (жылы раён Матутэ, 1952, і інш.). Гіст. цэнтр Л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Цэнтральны раён горада Ліма.

т. 9, с. 259