Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРАНЯПЛО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія вырошчваюць дзеля сакаўных каранёў — караняплодаў. Найчасцей гэта двухгадовыя расліны з сям. крыжакветных (рэпа, бручка, рэдзька, турнэпс), парасонавых (морква, пятрушка, пастарнак, сельдэрэй), складанакветных (цыкорыя), радзей аднагадовыя (радыска) і шматгадовыя (катран) з сям. крыжакветных. Радзіма многіх К. р. — Міжземнамор’е. Утварыліся пераважна ва ўмовах культ. вырошчвання раслін у выніку назапашвання ў парэнхіме кораня вял. колькасці пажыўных рэчываў. У залежнасці ад мэт культывавання падзяляюцца на сталовыя (буракі, морква, пятрушка, рэдзька, рэпа, сельдэрэй), кармавыя (кармавыя буракі, бручка, турнэпс) і тэхн. (цукр. буракі, цыкорыя).

т. 8, с. 55

КАРАПУ́ЗІКІ (Histeridae),

сямейства насякомых агр. жукоў. Каля 3500 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі 20 родаў, 61 від. Жывуць у мярцвячыне, гнаі, пад карой і ў драўніне, у гнёздах птушак і норах звяроў або мурашніках, трапляюцца ў памяшканнях.

Даўж. да 20 мм. Цела цвёрдае, пукатае. Афарбоўка чорная, бурая, часта з метал. бляскам. Ногі капальныя. Драпежнікі, кормяцца лічынкамі насякомых, кляшчамі.

С.​Л.​Максімава.

Карапузікі: 1 — аднаколерны; 2 — чатырохплямісты.

т. 8, с. 55

КАРАПУ́НА (Coropuna),

патухлы вулкан у Зах. Кардыльеры Андаў, на ПдЗ Перу. К. адна з найвышэйшых вяршынь Паўд. Амерыкі (6425 м). У рэльефе вылучаюцца некалькі конусаў і купалоў. Утвораны андэзітавымі лавамі. Пустынная расліннасць. Вышэй за 5800 м — шматгадовыя снягі. Знаходзіцца ў стадыі сальфатары.

т. 8, с. 55

КАРА́РА (Carrara),

горад у Цэнтр. Італіі, у вобласці Таскана, за 6 км ад берага Лігурыйскага м. 68 тыс. ж. (1987). Са старажытнасці вядомы кар’ерамі белага (Карарскага) мармуру; каля палавіны занятых у прам-сці працуюць на яго здабычы і апрацоўцы. Прадпрыемствы хім. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць машын для апрацоўкі мармуру. Школа маст. апрацоўкі мармуру. Акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1769). Арх. помнікі 12—14 ст. Музей.

т. 8, с. 55

КАРАСЕ́НКА (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 20.7.1926, с. Добра-Іванаўка Барысаўскага р-на Белгародскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Канд. тэхн. н. (1960), праф. (1988). Скончыў Харкаўскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954). З 1960 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па выкарыстанні электратэхналогіі ў с.-г. вытв-сці і аўтаматызацыі с.-г. агрэгатаў. Распрацаваў электратэхнал. метады апрацоўкі кармоў.

Тв.:

Электрооборудование, и автоматизация сельскохозяйственных агрегатов и установок. М., 1988 (у сааўт.);

Электротехнология. М., 1992 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 8, с. 55

КАРАСЁЎ (Барыс Васілевіч) (н. 2.3.1925, с. Ракша Маршанскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне гідраўлікі. Канд. тэхн. н. (1956), праф. (1985). Скончыў Харкаўскі політэхн. ін-т (1952). У 1956—68 у Бел. ін-це механізацыі сельскай гаспадаркі. З 1968 у Брэсцкім політэхн. ін-це. Навук. працы па гідраўліцы, с.-г. водазабеспячэнні і каналізацыі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Основы гидравлики, гидравлические машины и сельскохозяйственное водоснабжение. Мн., 1965 (разам з В.​І.​Дзячовым);

Насосные и воздуходувные станции. Мн., 1990.

т. 8, с. 55

КАРАСЁЎ (Віктар Аляксандравіч) (26.3.1918, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 12.3.1991),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1935. Скончыў Арджанікідзеўскае пагранвучылішча (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). З 1941 камандзір знішчальнага батальёна ў Маскоўскай вобл., спец. партыз. атрада ў Калужскай вобл. З лют. 1943 камандзір спец. партыз. атрада «Алімп» НКДБ, які праводзіў разведвальна-дыверсійную работу ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл., на Ўкраіне, у Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі.

В.А.Карасёў.

т. 8, с. 55

КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),

бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 55

КАРАСЁЎ (Іван Раманавіч) (2.5.1922, в. Вілейка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 7.11.1955),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Мурманскае ваен. вучылішча сувязі (1946). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі, вызвалення Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі. Вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні р. Дняпро каля Кіева. У ліку першых пераправіўся на правы бераг і пад варожым агнём наладзіў сувязь дэсанта з камандным пунктам палка.

т. 8, с. 56

КАРАСЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (н. 27.7.1934, в. Пісарава Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1970 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні шляхоў распаўсюджвання гельмінтаў свойскіх і дзікіх жывёл і распрацоўцы метадаў барацьбы з гельмінтозамі с.-г. і прамысл. жывёл. Распрацаваў рэкамендацыі па барацьбе з паразітамі коней, прафілактыцы трыхінелёзу ў зверагадоўчых гаспадарках і інш.

Тв.:

Трематодозы диких копытных Белоруссии. Мн., 1981 (разам з В.​Ф.​Літвінавым);

Паразитарные болезни животных: Справ. пособие. Мн., 1991 (разам з М.​В.​Якубоўскім).

І.Р.Карасёў.

т. 8, с. 56