Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАНСЦЭНДЭНТАЛІ́СТЫ,

плынь у амерыканскай філасофіі і л-ры 1830—50-х г. Сфарміраваліся вакол «Трансцэндэнтальнага клуба» (наз. ад «трансцэндэнтальнага ідэалізму» І.Канта), засн. ў 1836 у г. Бостан. Лідэр Т. — Р.У.Эмерсан, філас. эсэ «Прырода» якога стала ідэйным маніфестам Т. Да іх далучыліся Г.​Тора, Дж.​Рыплі, А.​Олкат, М.​Фулер, О.​Браўнсан, Т.​Паркер, У.​Г.​Чанінг і інш. Яны падкрэслівалі сваё адмоўнае стаўленне да сенсуалізму і сваю сувязь з філасофіяй Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.Р.Якобі, Ф.Шлеермахера. На погляды Т. паўплывалі вучэнне Платона. этыкасац. ідэі амер. пурытанізму, англ. паэтаў-рамантыкаў С.Т.Колрыджа і У.Вордсварта, філасофія Ж.Ж.Русо і Т.Карлайля. Т. выступалі супраць традыц. трактоўкі хрысціянства, заклікалі замяніць веру ў цуды ўшанаваннем «бясконцасці чалавека» і ўласцівага ўсім людзям «маральнага пачуцця», разглядалі хрысц. вучэнне як збор маральных ідэалаў, рэалізацыя якіх не патрабуе царк. ін-таў. Яны крытыкавалі амер. цывілізацыю, яе фармальныя дэмакр. ўстанаўленні і маральныя каштоўнасці. На думку Т., чалавек можа дасягнуць сапраўднай духоўнай свабоды шляхам маральнага самаўдасканалення, блізкасці да прыроды і інтуітыўнага «разгадвання» яе патаемнага сімвалічнага сэнсу, раскрыцця «Абсалюту» ў чалавечай паўсядзённасці. Імкненне Т. да рэалізацыі на практыцы сваіх маральна-сац. ідэалаў прывяло да стварэння ў 1840-х г. утапічных калоній Брук-Фарм і Фрутленд. Друкаваны орган Т. — «The Dial» («Цыферблат», 1840—44).

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 513

ТРАНСЦЭНДЭНТА́ЛЬНАЕ [ад лац. transcendens (transcendentis) які выходзіць за межы],

тое, што выходзіць за межы канечнага эмпірычнага свету. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы для характарыстыкі універсальных прадметаў пазнання (ісціна, адзінства, дабро і інш.). Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які пад Т. разумеў тое, што адносіцца да апрыёрных умоў пазнання і арганізуе вопыт (напр., прастора і час, субстанцыя, прычыннасць і інш.). Шырокае распаўсюджанне тэрмін «Т.» атрымаў у філас. сістэмах І.​Г.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінга і неакантыянства. Ням. фенаменолаг Э.​Гусерль проціпастаўляў Т. ўсяму эмпірычнаму, а гал. мэтай фенаменалагічнай рэдукцыі абвясціў выхад на ўзровень Т. свядомасці, ачышчанай ад усіх элементаў вопыту.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 513

ТРАНСЦЭНДЭ́НТНАЕ,

тое, што выходзіць за межы пачуццёвага вопыту і эмпірычнага пазнання; прадмет метафізічнага і рэлігійнага пазнання. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы як супрацьлеглы іманентнаму. Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які тлумачыў Т. як тое, што выходзіць па-за межы чалавечага розуму і тэарэт. пазнання і становіцца прадметам веры (напр., Бог, бессмяротнасць душы і інш.), і супрацьпастаўляў Т. і трансцэндэнтальнае. У крытычнай анталогіі (Н.​Гартман), крытычным рэалізме (Дж.​Сантаяна), неакантыянстве пад Т. разумеюцца прадметы, незалежныя ад волі і свядомасці суб’екта і недаступныя пазнанню. У рэліг. філасофіі 20 ст. (неатамізм, рэліг. экзістэнцыялізм) да Т. адносіцца ўсё звышнатуральнае, што выходзіць па-за межы пазнавальных магчымасцей чалавека.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 513

ТРАНСЦЭНДЭ́НТНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне з трансцэндэнтнымі функцыямі ад невядомай пераменнай. Прасцейшыя з іх — лагарыфмічныя, паказнікавыя і трыганаметрычныя ўраўненні. Метадаў рашэння, акрамя набліжаных. агульных для ўсіх Т.у., не існуе.

т. 15, с. 513

ТРАНСЦЭНДЭ́НТНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

аналітычная функцыя, якая не з’яўляецца алгебраічнай функцыяй. Прасцейшыя з іх лагарыфмічная функцыя, паказнікавая функцыя, трыганаметрычныя функцыі. Характэрная прыкмета Т.ф. камплекснай пераменнай — наяўнасць асаблівасцей, адрозных ад полюсаў і пунктаў галінавання. Напр., функцыі e​z, sinz i cosz маюць істотна асаблівы пункт z = ∞. Т.ф. вывучаюцца ў тэорыі аналітычных функцый.

т. 15, с. 513

ТРАНСЦЭНДЭ́НТНЫ ЛІК,

лік, які не з’яўляецца коранем ніякага мнагаскладу з цэлымі каэфіцыентамі; сапраўдны ці ўяўны лік, які не з’яўляецца алгебраічным лікам. Існаванне Т.л. абгрунтаваў франц. матэматык Ж.​Ліувіль (1844). Метады тэорыі Т.л. дастасавальныя да шэрагу праблем пры даследаваннях дыяфантавых ураўненняў. Т.Л., напр., з’яўляюцца лік π = 3,1415..., лік e = 2,718..., якія шырока выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, механіцы і фізіцы.

т. 15, с. 513

ТРАНСЦЭНДЭ́НЦЫЯ,

філасофскае паняцце, якое абазначае пераход ад сферы пачуццёвага вопыту (прыроды) да сферы трансцэндэнтнага, недаступнага эмпірычнаму пазнанню. Праблема Т. займае адно з цэнтр. месцаў у метафізіцы. З 20 ст. паняцце Т. пашырана ў крытычнай анталогіі (Н.​Гартман) для характарыстыкі пазнавальнага акта і ў экзістэнцыялізме (К.​Ясперс, М.​Хайдэгер) для абазначэння пераходу ад непаўнацэннага чалавечага існавання да сапраўднага — экзістэнцыі.

т. 15, с. 514

ТРА́НША (ад франц. tranche),

1) серыя або частка аблігацыйнай пазыкі, як правіла, міжнароднай, якая выпускаецца серыямі або з разлікам на паляпшэнне рыначнай кан’юнктуры ў будучым, або для размяшчэння пазыкі на пазыковых рынках розных краін.

2) 25-працэнтная доля для квоты ў Міжнародным валютным фондзе.

т. 15, с. 514

ТРАНШЭЕКАПА́ЛЬНІК,

машына для капання траншэй пад трубаправоды, кабелі, дрэнажныя трубы, для раскрыцця кар’ерных палёў, асушэння балот.

Бываюць з актыўнымі рабочымі органамі — многакаўшовыя (ланцуговыя і ротарныя), скрабалкавыя (ланцуговыя і ротарныя). шнэкавыя і з пасіўнымі — плужныя, а таксама камбінаваныя: на пнеўмаколавым і гусенічным хаду або на базе трактара з дадатковай каробкай перадач. якая памяншае скорасць яго руху. Кіраванне рабочых органаў — канатнае або гідраўлічнае. прывод — ад сілавой устаноўкі з дапамогай мех. або гідраўл. перадачы. у траншэйных экскаватарах — электрапрывод.

В.​М.​Кандрацьеў.

Траншэекапальнік з канічным шнэкам (канструкцыя БелНДІ МіЛ): 1 — трактар; 2 — навясное прыстасаванне; 3 — кідальнік; 4 — рабочы орган (канічны шнэк); 5 — карданны вал.
Рабочыя органы траншэекапальнікаў: а, б — ланцуговы і ротарны многакаўшовыя (1 — зачышчальны скрабок; 2 — коўш; 3 — транспарцёр; 4 — ротар); в — шнэкавы (1 — шнэк; 2 — адвал); г — плужны (1 — плужны рабочы орган; 2 — гідрацыліндр; 3 — апорнае кола).

т. 15, с. 514

ТРАНШЭ́ЛІЯ (Transchelia),

род іржаўных грыбоў сям. пукцыніевых. 10 відаў. Пашыраны ўсюды. Выклікаюць іржу раслін. На Беларусі найб. вядомая Т. слівавая (T. pruni-spinosae) — рознагаспадаровы паразіт. узбуджальнік пераважна іржы слівы.

Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара. Спермагоніі (пікніды) амаль шарападобныя, ад карычневых да чорных. Эцыдыі (умяшчальня для двух’ядзерных спор — эцыдыяспор) адзіночныя, чашападобныя, ярка-жоўтыя. Эцыдыяспоры ў ланцужках, пакрытыя бародаўчатай абалонкай, пры пападанні на лісце з іх развіваюцца парошыстыя пустулы, дзе знаходзяцца летнія споры (урэдаспоры). За лета адбываецца некалькі такіх споранашэнняў. У канцы лета на іх месцы развіваюцца новыя пустулы, што маюць двухклетачныя, з глыбокай перацяжкай пасярэдзіне тэлейтаспоры, якія распадаюцца на 2 клеткі (характэрная адзнака роду). Служаць для перазімоўкі грыба.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 514