ТРАНСЦЭНДЭНТА́ЛЬНАЕ [ад лац. transcendens (transcendentis) які выходзіць за межы],
тое, што выходзіць за межы канечнага эмпірычнага свету. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы для характарыстыкі універсальных прадметаў пазнання (ісціна, адзінства, дабро і інш.). Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які пад Т. разумеў тое, што адносіцца да апрыёрных умоў пазнання і арганізуе вопыт (напр., прастора і час, субстанцыя, прычыннасць і інш.). Шырокае распаўсюджанне тэрмін «Т.» атрымаў у філас. сістэмах І.Г.Фіхтэ, Ф.Шэлінга і неакантыянства. Ням. фенаменолаг Э.Гусерль проціпастаўляў Т. ўсяму эмпірычнаму, а гал. мэтай фенаменалагічнай рэдукцыі абвясціў выхад на ўзровень Т. свядомасці, ачышчанай ад усіх элементаў вопыту.
Н.Г.Кісялёва.
т. 15, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)