ТРАНСЦЭНДЭНТАЛІ́СТЫ,

плынь у амерыканскай філасофіі і л-ры 1830—50-х г. Сфарміраваліся вакол «Трансцэндэнтальнага клуба» (наз. ад «трансцэндэнтальнага ідэалізму» І.Канта), засн. ў 1836 у г. Бостан. Лідэр Т. — Р.У.Эмерсан, філас. эсэ «Прырода» якога стала ідэйным маніфестам Т. Да іх далучыліся Г.​Тора, Дж.​Рыплі, А.​Олкат, М.​Фулер, О.​Браўнсан, Т.​Паркер, У.​Г.​Чанінг і інш. Яны падкрэслівалі сваё адмоўнае стаўленне да сенсуалізму і сваю сувязь з філасофіяй Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.Р.Якобі, Ф.Шлеермахера. На погляды Т. паўплывалі вучэнне Платона. этыкасац. ідэі амер. пурытанізму, англ. паэтаў-рамантыкаў С.Т.Колрыджа і У.Вордсварта, філасофія Ж.Ж.Русо і Т.Карлайля. Т. выступалі супраць традыц. трактоўкі хрысціянства, заклікалі замяніць веру ў цуды ўшанаваннем «бясконцасці чалавека» і ўласцівага ўсім людзям «маральнага пачуцця», разглядалі хрысц. вучэнне як збор маральных ідэалаў, рэалізацыя якіх не патрабуе царк. ін-таў. Яны крытыкавалі амер. цывілізацыю, яе фармальныя дэмакр. ўстанаўленні і маральныя каштоўнасці. На думку Т., чалавек можа дасягнуць сапраўднай духоўнай свабоды шляхам маральнага самаўдасканалення, блізкасці да прыроды і інтуітыўнага «разгадвання» яе патаемнага сімвалічнага сэнсу, раскрыцця «Абсалюту» ў чалавечай паўсядзённасці. Імкненне Т. да рэалізацыі на практыцы сваіх маральна-сац. ідэалаў прывяло да стварэння ў 1840-х г. утапічных калоній Брук-Фарм і Фрутленд. Друкаваны орган Т. — «The Dial» («Цыферблат», 1840—44).

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)