ТРАНСЦЭНДЭ́НТНАЕ,

тое, што выходзіць за межы пачуццёвага вопыту і эмпірычнага пазнання; прадмет метафізічнага і рэлігійнага пазнання. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы як супрацьлеглы іманентнаму. Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які тлумачыў Т. як тое, што выходзіць па-за межы чалавечага розуму і тэарэт. пазнання і становіцца прадметам веры (напр., Бог, бессмяротнасць душы і інш.), і супрацьпастаўляў Т. і трансцэндэнтальнае. У крытычнай анталогіі (Н.​Гартман), крытычным рэалізме (Дж.​Сантаяна), неакантыянстве пад Т. разумеюцца прадметы, незалежныя ад волі і свядомасці суб’екта і недаступныя пазнанню. У рэліг. філасофіі 20 ст. (неатамізм, рэліг. экзістэнцыялізм) да Т. адносіцца ўсё звышнатуральнае, што выходзіць па-за межы пазнавальных магчымасцей чалавека.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)