Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́МЕНЬ,

старажытная адзінка масы сыпкіх рэчываў і штучных тавараў. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 40 фунтаў = 14,996 кг. У канцы 19 ст. літ. К. складаў 36 рус. фунтаў і 17,5 лота, або 14,966 кг.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ-ВО́ЛАТ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Васявічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,4 м, шыр. 2,5 м, выш. над паверхняй 1,5 м, глыб. залягання пад зямлёй каля 2 м, у абводзе 9,3 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

Камень-волат каля в. Васявічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ-ГО́РКА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1983). За 300 м на Пн ад в. Укропенка Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 18 м³, маса каля 48 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ-КАШЫ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі партыз. брыгады імя Молатава супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну 22.7.1943 на чыг. ст. Камень-Кашырскі Валынскай вобл. (Украіна) і 23.7.1943 на ст. Янаў-Палескі Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Задачай аперацыі было знішчыць варожы гарнізон на ст. Камень-Кашырскі і спыніць рух эшалонаў праціўніка. Атрад імя Суворава (70 байцоў, камандзір А.​С.​Кузічкін) скрытна зрабіў 55-кіламетровы марш і раптоўным ударам у ноч на 22 ліп. знішчыў станцыйныя збудаванні, склады з маёмасцю чыгункі. Развіццём аперацыі з’явіўся удар па ст. Янаў-Палескі 23 ліп. атрадам імя Чапаева (камандзір І.​С.​Зайкоў). Партызаны спалілі дэпо з 3 паравозамі, цыстэрну з гаручым. У выніку аперацыі ўчастак чыгункі Камень-Кашырскі—Янаў-Палескі быў надоўга выведзены са строю.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.​К.​Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ ЧО́РТАЎ, камень-шавец,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). На паўд.-ўсх. ускраіне в. Камень Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун светла-ружовага граніту.

Даўж. 4 м, шыр. 3,1 м, выш, 2,2 м, у абводзе 11,1 м, аб’ём 14 м³, маса каля 37 т. Формаю нагадвае вял. прас. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

КАМЕНЯЛО́МНІК (Saxifraga),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 370 відаў. Пашыраны ў горных краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі: частка відаў трапляецца на раўнінах умеранага і халоднага паясоў. Растуць у трэшчынах скал і камянёў (адсюль назва). На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. балотны (S. hirculus) — арктабарэальная галарктычная рэліктавая расліна; К. зярністы (S. granulata) — атл.-еўрап. рэліктавая расліна; К. трохпальцы (S. tridactylites) — атл.-еўрап. скальная расліна. К. балотны і зярністы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каля 10 відаў інтрадукаваны як дэкар. расліны, з іх вырошчваюць К. Арэндса (S. × arendsii), мохападобны (S. hypnoides), дзярністы (S. caespitosa), трохвілаваты (S. trifurcata) і скурысталісты (S. repanda).

Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусцікі з аблісцелымі ці амаль бязлістымі кветаноснымі сцёбламі. Лісце чаргаванае або супраціўнае, рознай формы і памераў, часта сабранае ў разетку. Кветкі звычайна правільныя, 5-пялёсткавыя, у суквеццях (мяцёлках, шчытках і інш.), радзей адзіночныя, рознага колеру, двухполыя. Плод — двухрогая шматнасенная каробачка. Дэкар., лек., харч., кармавыя, меданосныя і пакаёвыя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Каменяломнік: 1 — мяцёлчаты; 2 — Арэндса (гібрыд).

т. 7, с. 520

КАМЕНЯМЁТ,

гладкаствольная гармата, якая страляла каменнымі ядрамі, камянямі, кавалкамі цэглы і інш. на малыя адлегласці (да 150—200 м). З’явіўся ў 14 ст.ВКЛ з 1382) у выглядзе бамбарды. К. выкарыстоўваліся спачатку пры аблозе і абароне крэпасцей, пазней на колавым лафеце і ў палявым баі. Выцеснены гладкаствольнымі марцірамі. На ўзбраенні асаднай і крапасной артылерыі Расіі захоўваліся да пач. 19 ст.

Прускі каменямёт перыяду Сямігадовай вайны 1756—63.

т. 7, с. 520