ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Н.І.Буракоўская.
т. 5, с. 54
ГАРБА́ТАЎ Аляксандр Васілевіч
(21.3.1891, в. Пахоціна Іванаўскай вобл., Расія — 7.12.1973),
Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1955). У арміі з 1912, у Чырв. Арміі з 1919. Скончыў кав. камандныя курсы (1926), курсы ўдасканалення вышэйшага каманднага саставу (1930). У 1933—37 камандзір кав. дывізіі. У 1937 арыштаваны органамі НКУС СССР, у 1941 вызвалены. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўд.-Зах., Данскім, Сталінградскім, Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах: нам. камандзіра корпуса, камандзір дывізіі, корпуса, нам. камандуючага арміяй. 3-я армія пад камандаваннем Гарбатава ўдзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944, Беларускай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, вызваленні Касцюковічаў, Прапойска (Слаўгарада), Рагачова, Мінска, у фарсіраванні Сажа, Дняпра, Бярэзіны. Удзельнік вызвалення Польшчы, Усх.-Прускай і Берлінскай аперацый. З 1946 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62.
Тв.:
Годы и войны. М., 1965.
т. 5, с. 54
ГАРБАТКО́ Віктар Васілевіч
(н. 3.12.1934, с. Венцы-Зара Краснадарскага краю, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1977), лётчык-касманаўт СССР (1969), ген.-маёр авіяцыі (1983). Скончыў Батайскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1956), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). У 1960—78 у атрадзе касманаўтаў. 12—17.10.1969 з А.В.Філіпчанкам і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-7», які выконваў групавы палёт з касм. караблямі «Саюз-6» і «Саюз-8»; 7—25.2.1977 з ЮМ.Глазковым — палёт на касм. караблі «Саюз-24» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5»; 23—31.7.1980 (як камандзір) з Фам Туанам — на караблі «Саюз-37» і арбітальнай станцыі «Салют-6». Правёў у космасе 30,53 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.
т. 5, с. 54
ГАРБА́ХА,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г. Іванава, 156 км ад Брэста, 11 км ад чыг. ст. Снітава. 548 ж., 279 двароў (1996). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 5, с. 54
ГАРБАЦЭ́ВІЧ Аляксандр Канстанцінавіч
(н. 30.1.1953, Мінск),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1991), праф. (1995). Скончыў Іенскі ун-т імя Ф.Шылера (Германія; 1976). З 1976 у БДУ. Навук. працы па квантавай механіцы і агульнай тэорыі адноснасці. Распрацаваў тэорыю разліку квантава-мех. эфектаў для часціц са спінам 1/2 у неінерцыяльных сістэмах адліку і знешніх гравітацыйных палях.
Тв.:
Квантовая механика в общей теории относительности: Основные принципы и элементарные приложения. Мн., 1985.
А.І.Болсун.
т. 5, с. 54
ГАРБАЦЭ́ВІЧ Васіль Савіч
(19.4.1893, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985),
бел. драматург. Засл. настаўнік Беларусі (1947). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі (1918) і вышэйшы пед. (1933) ін-ты. Працаваў настаўнікам на Сенненшчыне (1913—15), у Дукорскай школе (1918—24, 1933—57), выкладаў бел. мову ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924—29). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняк». Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Вяселле» (нап. на аснове бел. вясельнага абраду, паст. БДТ 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апубл. 1923) пра подзвіг дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх акупантаў, «Пад вішнёвымі садкамі» (1927) і «Песні нашых дзён» (1930, прысвечана калектывізацыі) і інш. Напісаў успаміны пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі.
Тв.:
Чырвоныя кветкі Беларусі: П’есы. Мн., 1983;
у кн.: Шлях паэта. Мн., 1975.
Літ.:
Казека Я. Прызванне // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.
І.Д.Казека.
т. 5, с. 54
ГАРБАЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Бабруйск—Старыя Дарогі. Цэнтр сельсавета. За 15 км на З ад горада і чыг. ст. Бабруйск, 125 км ад г. Магілёў. 545 ж., 190 двароў (1996). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 5, с. 54