ГАЛІ́СІЯ
(Galicia),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Іспаніі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Пл. 29,4 тыс. км². Нас. каля 3 млн. чал. (1994), пераважна галісійцы, народ, блізкі да партугальцаў. Уключае правінцыі: Ла-Карунья, Пантэведра, Луга, Арэнсе. Адм. ц. — г. Ла-Карунья. Галісія займае стараж. крышт. Галісійскі масіў выш. да 1778 м, расчлянёны густой сеткай горных рэк. Узбярэжжа моцна парэзана, шмат зручных натуральных гаваней. Клімат умераны акіянскі. Характэрны шыракалістыя горныя лясы (дуб, граб, бук, ясень) і хмызнякі.
У старажытнасці — тэрыторыя рассялення племя галекаў (адсюль назва), якое сфарміравалася ў 1-м тыс. да н. э. ў выніку змяшэння прышлых кельтаў з мясц. плямёнамі эстрымніяў. У 2—1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі. У 5—7 ст. н.э. ў складзе каралеўстваў свеваў і вестготаў. У 8 ст. галісійцы супраціўляліся араб. заваяванню. У 718-—739 далучана да каралеўства Астурыя. У 1065—72 незалежнае каралеўства. З 1072 у складзе Кастыліі. З 1479 у складзе адзінай ісп. дзяржавы. У сярэдзіне 19 ст. ў Галісіі пачаўся працэс адраджэння галісійскай мовы, умацавання рэгіянальнай самасвядомасці. З-за вастрыні агр. пытання і беднасці многія галісійцы эмігрыравалі ў Амерыку (больш за 1,3 млн. чал. за 1-ю пал. 20 ст.). Пасля абвяшчэння Ісп. рэспублікі (1931) на рэферэндуме 28.6.1936 ухвалены праект аўтаноміі Галісіі, аднак яе ўвядзенню перашкодзіла ўсталяванне ў краіне дыктатуры Ф.Франка. Пасля падзення дыктатуры Галісіі нададзена аўтаномія (1981).
У сельскай гаспадарцы пераважае малочная і мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Пасевы кукурузы, жыта, бульбы, садоўніцтва (яблыкі). Вінаробства. Значная роля рыбалоўства (каля паловы рыбалавецкага флоту Іспаніі) і лясной прам-сці. Значныя ГЭС. Здабыча жал. і вальфрамавай руды, волава, бурага вугалю. Суднабудаванне (Эль-Фероль і Віга), дрэваапр., хім., тэкст. і харч. прам-сць. Аўтамабілебудаванне (грузавыя аўтамабілі), нафтаперапрацоўка, алюмініевая прам-сць. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Буйныя порты Ла-Карунья і Віга.
В.В.Адзярыха (гісторыя).
т. 4, с. 462
ГАЛІ́Т
(ад грэч. háls соль),
каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш. Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.
У.Я.Бардон.
т. 4, с. 462
ГА́ЛІФАКС,
Халіфакс (Halifax), горад на ПдУ Канады. Адм. ц. правінцыі Новая Шатландыя. Засн. Ў 1749. 320,5 тыс. ж. (1991). Адзіны порт на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў Канадзе, які не замярзае зімой. Канцавы пункт трансканадскай чыгункі. Важная рыбалавецкая база. Нафтаперапрацоўчая, рыбакансервавая, аўтамаб. прам-сць. Суднабудаванне. 3 ун-ты (першы заснаваны ў 1749). Царква св. Паўла (1750), кафедральны сабор (1820).
т. 4, с. 463
ГА́ЛІФАКС,
Халіфакс (Halifax) Эдуард Фрэдэрык Ліндлі Вуд, барон Ірвін (Irwin; 16.4.1881, замак Паўдэрэм, графства Дэван, Вялікабрытанія — 23.12.1959), англійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1922—24, 1932—35 міністр адукацыі, з 1924 міністр сельскай гаспадаркі, у 1926—31 віцэ-кароль Індыі. У 1935—38 старшыня палаты лордаў, выступаў за знешнепаліт. кампраміс з А.Гітлерам. З 1938 міністр замежных спраў, удзельнічаў у перагаворах, якія прывялі да заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. З 1941 пасол у ЗША. У 1947—53 старшыня Ген. кансультатыўнага савета радыёвяшчальнай кампаніі Бі-Бі-Сі.
т. 4, с. 463
ГАЛІФЭ́
(Galliffet) Гастон Аляксандр Агюст, маркіз дэ (23.1.1830, Парыж — 8.7.1909),
французскі военачальнік. Генерал (1870). У арміі з 1848. Удзельнічаў і вызначыўся ў Крымскай вайне 1853—56, аўстра-італа-французскай вайне 1859, Мекс. экспедыцыі 1861—67 і інш. У франка-прускую вайну 1870—71 пасля здачы французамі Седана трапіў у палон. На чале кав. брыгады арміі версальцаў удзельнічаў у задушэнні Парыжскай камуны 1871. Чл. Вышэйшага ваен. савета (з 1880). Інспектар кавалерыі (з 1885). Ваен. міністр (1899—1901). Дамогся ўвядзення ў франц. кавалерыі ваен. штаноў асаблівага крою (аблягалі калені і пашыраліся ўгору), вядомых як галіфэ.
т. 4, с. 463
ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
старажытнарускае княства, утворанае ў 1199 у выніку аб’яднання князем Раманам Мсціславічам Галіцкага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Размяшчалася ў вярхоўях Днястра, Віслы, Нарава і Прыпяці, у канцы 13 ст. ўключала больш за 80 гарадоў. Пасля смерці Рамана Мсціславіча ў 1205 распалася на ўдзелы, але да 1240 кн. Даніла Галіцкі зноў аб’яднаў іх. У далейшым князі Галіцка-Валынскага княства браты Даніла і Васілька Раманавічы праводзілі палітыку падначалення сваёй уладзе Тураўскага, Пінскага і Новагародскага (Навагрудскага) княстваў, Берасцейскай зямлі і летапіснай Літвы (Верхняе Панямонне), якія выкарыстоўваліся імі як плацдарм для паходаў на Польшчу (1219, 1237) і на яцвягаў (1229, 1248, 1250, 1256). Князі Галіцка-Валынскага княства былі гал. знешнімі праціўнікамі ўтварэння ВКЛ, у 1248—49, 1251 і 1253 яны зрабілі 3 паходы на сталіцу дзяржавы — Новагародак. У 1254 новагародскі князь Войшалк аддаў сваю зямлю сыну Данілы Галіцкага Раману, а сам правёў 3 гады ў манастыры. У 1264 з дапамогай Галіцка-Валынскіх князёў Войшалк заваяваў літоўскія землі Нальшчаны і Дзяволтву, а ў 1267 перадаў велікакняжацкі пасад сыну Данілы Галіцкага Шварну. Пры вял. князю ВКЛ Трайдзеню Галіцка-Валынскія князі ў саюзе з татарамі ў 1274 і 1277 зрабілі спусташальныя паходы на Новагародак і Гародню (Гродна). Князі ВКЛ Будзікід і Будзівід аддалі ў 1289 валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу Ваўкавыск, каб захаваць з ім мір. У далейшым у выніку міжусобнай барацьбы Галіцка-Валынскае княства распалася. У 1340-я г. за землі былога Галіцка-Валынскага княства ваявалі ВКЛ і Польшча. Паводле пагаднення 1352 Галіцкая зямля падначалена Польшчы, а Валынская ўвайшла ў склад ВКЛ.
Літ.:
Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;
Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
М.І.Ермаловіч.
т. 4, с. 463
ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік гістарыяграфіі, мовы і культуры Стараж. Русі. Уваходзіць у склад Іпацьеўскага летапісу канца 13 ст. Складзены ў Галіцка-Валынскім княстве, ахоплівае падзеі за 1201—92. Паводле літаратурнай структуры і зместу — звод, у якім вылучаюцца 2 асн. часткі: Галіцкі і Валынскі летапісы. 1-я частка нагадвае гіст. аповесць, мае выразна свецкі характар, вызначаецца цэльнасцю, жывасцю і дэталёвасцю выкладання. У цэнтры яе ўвагі — князь Даніла Галіцкі, які пададзены ярка, панегірычна, у духу рыцарскіх ідэалаў. 2-я частка прысвечана пераважна гісторыі Валынскай зямлі 2-й пал. 13 ст., яна больш сціслая, фрагментарная, адметная рэлігійнай афарбоўкай падзей. У Галіцка-Валынскім летапісе шырока паказана грамадска-паліт. і культ. жыццё Галіцка-Валынскага княства 13 ст., яго міжнар. сувязі, гераічная барацьба супраць мангола-татарскага нашэсця, польск. і літ. князёў. Летапіс — каштоўная крыніца звестак па гісторыі Беларусі. Змяшчае унікальныя звесткі пра Новагародак (Навагрудак), Бярэсце (Брэст) і інш. гарады, асобныя помнікі бел. культуры (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра, буд-ва Камянецкай вежы), пра жыццё і дзейнасць вял. князёў ВКЛ Міндоўга, Войшалка, Трайдзеня, звесткі пра якіх, як мяркуюць некат. даследчыкі, запазычаны з Новагародскага летапісу. Галіцка-Валынскі летапіс — адзіны помнік, у якім даволі шырока асветлены пачатковы этап паліт. аб’яднання бел.-літ. зямель у адзіную дзяржаву, працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пункту погляду інтарэсаў Галіцка-Валынскіх князёў, месцамі тэндэнцыйна, але звесткі ў цэлым адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Летапіс быў шырока вядомы на бел. землях, паслужыў крыніцай і ўзорам для літ.-бел. хронік 16 ст. («Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца»).
Літ.:
Генсьорський А.І. Галицько-Волинський літопис: (Процес складання;
редакції і редактори). Київ, 1958;
Яго ж. Галицько-Волинський літопис: (Лексичні, фразеологічні та стилістичні особливості). Київ, 1961.
В.А.Чамярыцкі.
т. 4, с. 463
ГА́ЛІЦКІ Кузьма Мікітавіч
(24.10.1897, г. Таганрог, Расія — 14.3.1973),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Ген. Арміі (1955). Скончыў Вышэйшую стралк.-тактычную школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У арміі з крас. 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах, удзельнік абароны Ліды, Гомеля, бітвы пад Масквой. 11-я гвардз. армія пад яго камандаваннем вызначылася ў Гарадоцкай аперацыі 1943, Беларускай аперацыі 1944, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Маладзечна. Да 1962 на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62. Аўтар успамінаў.
т. 4, с. 463
ГА́ЛІЦКІ Міхаіл Мікалаевіч (28.10.1878, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 3.10.1973, удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1897 у чыг. майстэрнях Гомеля. У 1912—14 старшыня Палескага к-та РСДРП(б). З сак. 1917 чл. Петраградскага Савета. Удзельнік баёў з войскамі Керанскага пад Петраградам, грамадз. вайны. У 1925—26 інструктар Гомельскага губкома РКП(б). З 1926 на парт., прафсаюзнай і гасп. рабоце на Украіне і ў Маскве.
т. 4, с. 464