ГАЛІ́СІЯ
(Galicia),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Іспаніі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Пл. 29,4 тыс. км². Нас. каля 3 млн. чал. (1994), пераважна галісійцы, народ, блізкі да партугальцаў. Уключае правінцыі: Ла-Карунья, Пантэведра, Луга, Арэнсе. Адм. ц. — г. Ла-Карунья. Галісія займае стараж. крышт. Галісійскі масіў выш. да 1778 м, расчлянёны густой сеткай горных рэк. Узбярэжжа моцна парэзана, шмат зручных натуральных гаваней. Клімат умераны акіянскі. Характэрны шыракалістыя горныя лясы (дуб, граб, бук, ясень) і хмызнякі.
У старажытнасці — тэрыторыя рассялення племя галекаў (адсюль назва), якое сфарміравалася ў 1-м тыс. да н. э. ў выніку змяшэння прышлых кельтаў з мясц. плямёнамі эстрымніяў. У 2—1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі. У 5—7 ст. н.э. ў складзе каралеўстваў свеваў і вестготаў. У 8 ст. галісійцы супраціўляліся араб. заваяванню. У 718-—739 далучана да каралеўства Астурыя. У 1065—72 незалежнае каралеўства. З 1072 у складзе Кастыліі. З 1479 у складзе адзінай ісп. дзяржавы. У сярэдзіне 19 ст. ў Галісіі пачаўся працэс адраджэння галісійскай мовы, умацавання рэгіянальнай самасвядомасці. З-за вастрыні агр. пытання і беднасці многія галісійцы эмігрыравалі ў Амерыку (больш за 1,3 млн. чал. за 1-ю пал. 20 ст.). Пасля абвяшчэння Ісп. рэспублікі (1931) на рэферэндуме 28.6.1936 ухвалены праект аўтаноміі Галісіі, аднак яе ўвядзенню перашкодзіла ўсталяванне ў краіне дыктатуры Ф.Франка. Пасля падзення дыктатуры Галісіі нададзена аўтаномія (1981).
У сельскай гаспадарцы пераважае малочная і мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Пасевы кукурузы, жыта, бульбы, садоўніцтва (яблыкі). Вінаробства. Значная роля рыбалоўства (каля паловы рыбалавецкага флоту Іспаніі) і лясной прам-сці. Значныя ГЭС. Здабыча жал. і вальфрамавай руды, волава, бурага вугалю. Суднабудаванне (Эль-Фероль і Віга), дрэваапр., хім., тэкст. і харч. прам-сць. Аўтамабілебудаванне (грузавыя аўтамабілі), нафтаперапрацоўка, алюмініевая прам-сць. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Буйныя порты Ла-Карунья і Віга.
В.В.Адзярыха (гісторыя).
т. 4, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)