Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯРДЗЯ́НСК

(у 1939—58 Асіпенка),

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Запарожскай вобл. Засн. ў 1827. 132 тыс. ж. (1993). Порт на Азоўскім м. Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. і дарожныя машыны, кабель і інш.), харч. (у тл. рыбная), лёгкая (абутковая, трыкат.), нафтаперапрацоўчая; вытв-сць буд. матэрыялаў (шкловалакно). Пед. ін-т. Краязнаўчы, маст. музеі. Гразевы і прыморскі кліматычны курорт за 5 км ад горада, на беразе Азоўскага м. Развіваецца з канца 19 ст. Шырокія пясчаныя пляжы даўж. каля 20 км. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага з мяккай зімой, цёплым летам і вял. колькасцю сонечных дзён. Лячэбныя гразі, рапу салёных азёр і заліваў Азоўскага м. выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, гінекалагічных.

т. 3, с. 407

БЯРДЫ́Ш

(польск. berdysz),

старадаўняя халодная зброя ў выглядзе насаджанай на драўлянае дрэўка сякеры з лязом у форме паўмесяца. Вядомы ў краінах стараж. Усходу, у 15 — пач. 18 ст. па ўсёй Еўропе. Пашыраны ў Рус. дзяржаве ў 16—17 ст., выкарыстоўваўся пешымі воінамі, пераважна стральцамі. На Беларусі ў 16 — пач. 18 ст. масавая зброя гараджан і сялян-паўстанцаў, гар. начной варты і брамнікаў. У час археал. раскопак знойдзены бердыш 12, 14—17 ст. у Віцебску, Брэсце, Гродне, Мінску, Мядзеле і інш. Бел. збройнікі выраблялі бердышы простыя і «набіўныя срэбрам з абухамі». Блізкім да бердыша відам зброі была алебарда.

т. 3, с. 407

БЯРЖО́НКА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Акунёўка, за 9 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км², даўж. 700 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі 1,7 км. Пл. вадазбору 6,25 км². Злучана ручаём з воз. Пагошча.

т. 3, с. 408

БЯРЖО́НКА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Янка, за 9 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,19 км², даўж. 690 м, найб. Шыр. 390, найб. глыб. 2,6 м, даўж. берагавой лініі 1,9 км. Пл. вадазбору 6,56 км². Абкружана забалочанай поймай, парослай хмызняком. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пясчаныя, разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя. Дно выслана сапрапелем. Зарастае.

т. 3, с. 408

БЯРКО́ВІЧ Марыя Веньямінаўна

(26.12.1910, г. Беразіно Мінскай вобл. — 19.9-1993),

бел. мастак кіно і жывапісец. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1939). У 1954—75 мастак па касцюмах на кінастудыі «Беларусьфільм» (касцюмы да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Чырвонае лісце», «Апошні хлеб», «Доўгія вёрсты вайны» і інш.). Майстар акварэлі — пейзажы Раўбічаў, Мінска, Рыжскага ўзмор’я і інш.

т. 3, с. 408

БЯРКО́Ў Уладзімір Фядотавіч

(н. 1.4.1936, в. Ляхаўшчына Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1981), праф. (1984). Скончыў БДУ (1959). У 1967—82 і з 1990 у БДУ, у 1982—90 у БПІ. Даследуе праблемы логікі, метадалогіі і філасофіі навукі. Аўтар навук. прац, дапаможнікаў па філасофіі і логіцы для ВНУ.

Тв.:

Вопрос как форма мысли. Мн., 1972;

Противоречия в науке. Мн., 1980;

Структура и генезис научной проблемы. Мн., 1983.

т. 3, с. 408

БЯРНА́ЦКІ Дзмітрый Васілевіч

(24.7.1912, г. п. Стрэшын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 23.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Арлоўскае пях. вучылішча (1942). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, Данскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах. 21.1.1945 капітан Бярнацкі на чале групы байцоў у баі каля г. Брэслаў фарсіраваў Одэр, выбіў праціўніка з траншэі, адбіў 5 варожых контратак. Загінуў у баі.

т. 3, с. 408

БЯРНО́ВА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 22 км на ПдЗ ад г. Гарадок. Пл. 2,8 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 1,62 км, найб. глыб. 10,9 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 57 км².

Схілы катлавіны выш. 15—25 м, на Пн 5—10 м, параслі хмызняком, на ПнУ і ПнЗ разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно глеістае. 4 астравы агульнай пл. 0,1 га. Упадае р. Віраўлянка, выцякае р. Бярозаўка.

т. 3, с. 408

БЯРНО́ВІЧЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду ўласнага герба «Бярновіч». Валодалі маёнткамі ў Менскім і Новагародскім ваяв. Выводзілі свой род з Прусіі ад 1560. Найб. вядомыя Бярновічы:

Ян, заснавальнік роду. Упершыню згадваецца ў 1683 як маёр войска ВКЛ. Стольнік вендэнскі. Юрый Вільгельм, стольнік вендэнскі з 1701, у 1704—07 на вайск. службе. Міхал (24.9.1734 — пасля 1802), староста крэўскі (1764), суддзя земскі новагародскі (1783), слуцкі падкаморы (1792) і павятовы маршалак (1795—1802). Заснаваў у сваім маёнтку Бабоўня мястэчка. Сэрвацы Станіслаў Антон 114.5.1784 — каля 1835), старшыня мінскага гал. і памежнага судоў, старшыня гал. судоў Мінскай губ., слуцкі павятовы маршалак (1808—11).

Л.А.Акаловіч.

т. 3, с. 408

БЯРО́ЗА

(Betula),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (В. pendula), і пушыстая, або белая (В. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (В. carelica), і няясная, або цёмная (В. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (В. humilis) і карлікавая (В. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (В. papyrifera), жоўтая (В. lutea), вязалістая (В. ulmifolia), Эрмана (В. ermanii), японская (В. japonica), блакітная (В. coerulea), туркестанская (В. turkestanica), даурская (В. dahurica), рабрыстая (В. costata) і Шміта, або жалезная (В. schmidtii).

Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.

В.Ф.Пабірушка.

т. 3, с. 408