Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУРЫ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Масты—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Масты, 86 км ад Гродна. 496 ж., 179 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 54

КУРЫ́ЛА-КАМЧА́ЦКІ ЖО́ЛАБ (да 1950-х г. упадзіна Тускарора),

глыбакаводны жолаб у Ціхім ак. каля ўсх. падводных схілаў Курыльскіх а-воў і паўд. ч. п-ва Камчатка. Даўж. 2170 км, сярэдняя шыр. 59 км, глыб. да 9717 м. Сярэдняя стромкасць схілаў 7°. На схілах шматлікія ўступы, тэрасы, даліны. Даследаваны ў 1950-х г. сав. экспедыцыямі на судне «Віцязь».

т. 9, с. 54

Курыла Томас Мацвеевіч

т. 18, кн. 1, с. 415

КУРЫЛЕ́НКА (Таццяна Мацвееўна) (н. 25.5.1919, в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1955), праф. (1973). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыла Вільнюскі пед. ін-т (1950). З 1960 у Бел. пед. ун-це (да 1973 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах педагогікі, арг-цыі навуч.-выхаваўчага працэсу, тэорыі, методыкі і метадалогіі выхавання ў сярэдняй і вышэйшай школе.

Тв.:

Задачи и упражнения по педагогике. 2 изд. Мн., 1978;

Основы учебно-воспитательной работы со студентами младших курсов. Мн., 1978;

Воспитание нравственности: Задания и упражнения. 3 изд. Мн., 1983;

Управление школой: Задачи и деловые игры. Мн., 1988.

т. 9, с. 54

КУРЫЛЕ́НКА (Уладзімір Цімафеевіч) (25.12.1924, в. Бабінічы Віцебскага р-на — 13.5.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 партызан — падрыўнік атрада І.​Р.​Шлапакова ў Смаленскай вобл. За 10 месяцаў падарваў некалькі аўтамашын, 2 гарматы, пусціў пад адхон 4 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Вяртаючыся з баявога задання, трапіў у засаду, быў цяжка паранены, памёр ад ран. У Смаленску К. пастаўлены помнік.

У.Ц.Курыленка.

т. 9, с. 54

КУРЫЛЁВА (Святлана Леанідаўна) (н. 25.4.1928, г. Жытомір, Украіна),

бел. пісьменніца. Скончыла Харкаўскі ун-т (1950). Настаўнічала ў г. Камянец Брэсцкай вобл. (1950—82). Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове. Аўтар зб-каў апавяданняў «Жаўрукі на вуліцы» (1965), «І нялёгка і няпроста» (1975), зб. нарысаў «Формула поспеху» (1979), аповесцей «Дні старшыні» (1980), «Дабрыня» (1983) і інш. пра жыццё вёскі, унутр. свет вяскоўцаў, іх імкненні.

Тв.:

Самый короткий день. Мн., 1987.

т. 9, с. 55

КУРЫЛО́ВІЧ (Ганна Мікалаеўна) (н. 23.9.1938, в. Загор’е Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1979). Скончыла БДУ (1966). З 1957 артыстка Дзярж. нар. хору Беларусі. З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, промыслы і рамёствы. Аўтар кн. «Беларускае народнае ткацтва» (1981), сааўтар прац «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (1979), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі» (1995), «Беларусы» (М., 1998).

Л.​А.​Суднік.

т. 9, с. 55

КУРЫЛО́ВІЧ ((Kuryłowicz) Ежы) (26.8.1895, г. Івана-Франкоўск, Украіна — 28.1.1978),

польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1931), Польскай АН (1952), чл. шматлікіх замежных акадэмій. Вучыўся ў Львове, Вене, Парыжы. З 1929 праф. Львоўскага, Вроцлаўскага, у 1948—65 — Ягелонскага (Кракаў) ун-таў. Навук. працы ў галіне індаеўрапеістыкі, семіцкага і агульнага мовазнаўства: «Індаеўрапейскія даследаванні» (1952), «Лінгвістычныя эскізы» (1960), «Аб метадах унутранай рэканструкцыі» (1965), «Праблемы індаеўрапейскай лінгвістыкі» (1977) і інш. Зрабіў вял. ўплыў на развіццё структурнай лінгвістыкі. Распрацаваў паняцці іерархіі функцый моўных элементаў, ізамарфізму.

А.​А.​Кожынава.

т. 9, с. 55

КУРЫ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ Аясіо,

халоднае паверхневае цячэнне на ПнЗ Ціхага ак., якое рухаецца з Пн на Пд уздоўж усх. берагоў Курыльскіх а-воў і в-ва Хакайда. Т-ра вады зімой 0—5 °C, летам 8—16 °C. Скорасць 0,5—0,9 км/гадз. Каля 40° паўн. ш. пры сустрэчы з цячэннем Курасіо адбываецца інтэнсіўнае перамешванне паверхневых вод і іх заглыбленне, што дае пачатак Паўночна-Ціхаакіянскаму цячэнню.

т. 9, с. 55

КУРЫ́ЛЬСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

сумесныя баявыя дзеянні войск 2-га Далёкаўсх. фронту (камандуючы ген. арміі М.​А.​Пуркаеў) і сіл Ціхаакіянскага флоту (адм. І.​С.​Юмашаў) па авалоданні Курыльскімі астравамі 18 жн. — 1 вер. ў савецка-японскую вайну 1945. На Курыльскіх а-вах японцы мелі больш за 80 тыс. вайскоўцаў, да 600 самалётаў і іншую баявую тэхніку. 18 жн. пры падтрымцы авіяцыі, берагавой і карабельнай артылерыі пачалася высадка на в-аў Шумшу сав. дэсанта (каля 9 тыс. чал., 205 гармат і мінамётаў, 60 караблёў і суднаў), які пасля ўпартых баёў 23 жн. заняў востраў. Да канца жн. вызвалена паўн. частка Курыльскіх а-воў. 1 вер. сілы Ціхаакіянскага флоту авалодалі астатнімі астравамі на Пд ад Урупа. У час аперацыі вызначыліся афіцэры — ураджэнцы Беларусі В.А.Кот і Ц.Л.Пачтароў.

Літ.:

Славинский Б.Н. Советская оккупация Курильских островов (август—сентябрь 1945 г.): Док. исслед. М., 1993.

т. 9, с. 55