Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАМЕ́НСКІ (Уладзімір Георгіевіч) (12.7.1909, с. Нікольскае Маскоўскай вобл. — 10.7.1980),

бел. вучоны ў галіне буд-ва, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р тэхн. н. (1965). Скончыў БПІ (1935). У 1935—39 у Наркамаце мясц. прам-сці, з 1946 у Савеце Міністраў БССР. З 1970 у Ін-це цепла- і масаабмену АН БССР. Навук. працы па цеплаахоўных і цеплавільготнасных уласцівасцях сценавых канструкцый будынкаў, тэрмаапрацоўцы жалезабетону ў эл.-магн. полі.

Тв.:

Облегченные стеновые конструкции в жилищном строительстве. Мн., 1962;

Теплозащитные качества наружных стен крупнопанельных жилых и общественных зданий. М., 1965.

т. 7, с. 518

КАМЕ́НСКІ (Фёдар Фёдаравіч) (2.9.1836, с. Лясное каля С.-Пецярбурга — 26.8.1913),

рускі скульптар, майстар станковай жанравай скульптуры і партрэта. Скончыў Пецярбургскую АМ (1860), вучыўся ў І.П.Віталі і М.С.Піменава. Пенсіянер АМ у Італіі (1863—69). У 1870—72 жыў у Фларэнцыі, з 1873 у ЗША. Творчасці ўласцівы бытавізм трактоўкі сюжэтаў, часам сентыментальнасць, імкненне да пераадолення адасобленасці акад. пластыкі («Хлопчык-скульптар», «Удава з дзіцем», абодва 1866; «Першы крок», 1872; партрэты Т.Шаўчэнкі, Ф.Бруні, абодва 1862).

Ф.Каменскі. Удава з дзіцем. 1866.

т. 7, с. 518

КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),

чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галацдыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.Бэкана, Х.Л.Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.

Літ.:

Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;

Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;

Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.

В.С.Балбас.

Я.А.Каменскі.

т. 7, с. 518

КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.

В. Ф.Вінакураў.

т. 7, с. 519

КА́МЕНСК-УРА́ЛЬСКІ,

горад y Pacü, раённы цэнтр у Свярдлоўскай вобл., пры ўпадзенні р. Каменка ў р. Ісець. Засн. ў 1682, горад з 1935, да 1940 Каменск. 194 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр., лёгкай і харч. прам-сці. Краснагорская ЦЭЦ. Ф-т Уральскага тэхн. ун-та. 3 тэатры. Краязнаўчы музей.

т. 7, с. 519

КАМЕНТА́РЫЙ (ад лац. commaentarius нататкі, тлумачэнне),

1) тлумачэнне якой-н. думкі, з’явы, падзеі (напр., К. тэксту твора, дакумента, заўвагі да тэксту кнігі, артыкула).

2) Артыкул, прамова, інтэрв’ю, якія даюць тлумачэнні або ацэнку эканам., паліт. і інш. падзей. У Стараж. Рыме К. называліся гіст. творы (напр., каментарый Ю.Цэзара аб Гальскай вайне).

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ,

група стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Камень Пінскага р-на Брэсцкай вобл. На 2 стаянках выяўлены рэшткі наземных жытлаў, агнішчаў, абкладзеных камянямі, пахаванне. Знойдзена вял. колькасць апрацаваных крамянёў, у т. л. прылад працы (скрэблы, разцы, вастрыі, адбойнікі, сякеры і інш.), вырабаў з косці і рогу (сякеры, цёслы, долаты, рыбалоўныя кручкі, клінкі, наканечнікі, падвескі і інш.), каменныя шліфавальныя пліткі і цёрачнікі, некалькі вырабаў з медзі і бронзы, шмат абломкаў арнаментаваных ляпных гліняных пасудзін нёманскай культуры, шнуравой керамікі культуры і тшцінецкай культуры.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ,

вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял. кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.

В.У.Шаблюк.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ,

вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Лепель, 95 км ад Віцебска. 425 ж., 123 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.

т. 7, с. 519

КА́МЕНЬ,

вёска ў Загародскім с/с Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 38 км ад Пінска, 213 км ад Брэста, 9 км ад чыг. ст. Парахонск. 1060 ж., 410 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Каля вёскі знаходзіцца група стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку.

т. 7, с. 519