Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАНСПАРЦЁР (франц. transporteur ад лац. transporto пераношу),

тое, што канвеер.

т. 15, с. 510

ТРАНСПАРЦІ́Р (франц. transporteur ад лац. transporto пераношу),

прылада для пабудовы і вымярэння вуглоў на чарцяжах. Мае выгляд паўкруга, падзеленага на 180 частак (градусаў), цэнтр якога размешчаны на лінейцы з папярочным маштабам. Дакладнасць Т. расце з павелічэннем яго памераў.

Транспарцір.

т. 15, с. 510

ТРАНСПІРА́ЦЫЯ (ад транс... + лац. spiro дыхаю, выдыхаю),

фізіялагічнае выпарэнне вады раслінай. Гал. орган Т. — ліст, што выпарае ваду праз вусцейкі (вусцейкавыя Т.), часткова можа адбывацца праз кутыкулу (кутыкулярная Т.; яе інтэнсіўнасць у 10—20 разоў ніжэйшая). Інтэнсіўнасць Т. вызначаецца колькасцю вады (у грамах, якая траціцца раслінай на адзінку яе паверхні (1 см², 1 м²), або на 1 г сырой масы за гадзіну. Залежыць ад асветленасці, т-ры і вільготнасці паветра, скорасці ветру, колькасці вады ў расліне. Разам з каранёвым ціскам забяспечвае пастаянны ток вады праз карані, сцёблы і лісце з глебы ў атмасферу, рэгулюе водны і тэмпературны рэжым расліны, прадухіляе перагрэў лісця.

т. 15, с. 511

ТРАНСПЛАНТА́ЦЫЯ (позналац. transplantatio ад transplanto перасаджваю),

перасадка органаў і тканак, у жывёл і чалавека замяшчэнне пашкоджаных або адсутных органаў ці тканак уласнымі тканкамі і органамі або атрыманымі ад інш. арганізма. Арганізм, ад якога бяруць органы і тканкі (трансплантат), наз. донарам, арганізм, якому іх перасаджваюць — рэцыпіентам. Участак тканкі або орган, які выкарыстоўваюць для Т., можа быць перасаджаны на месца выдаленага органа (ортатапічная Т.) або ў інш. месца (гетэратапічная Т.).

Адрозніваюць аўта- (перасадка ў межах адной асобіны), іза- (перасадка ад генет. ідэнтычных асобін. напр., аднаяйцавых блізнят. кроўных сваякоў), ала- (перасадка ад арганізма таго ж віду) і ксенатрансплантацыю (донар і рэцыпіент розных відаў). Каб папярэдзіць тканкавую несумяшчальнасць пры Т., выкарыстоўваюць розныя віды імунадэпрэсіўнай тэрапіі. Адзін са шляхоў пераадолення біял. несумяшчальнасці трансплантата і арганізма рэцыпіента — стварэнне штучных органаў (сэрца, падстраўнікавай залозы і інш.). Робяць Т. нырак (больш за 500 тыс. перасадак у свеце). печані, сэрца, лёгкіх, вілачкавай залозы з грудзінай, шчытападобнай залозы, скуры, мышцаў. сухажылляў. касцявой. храстковай, тлушчавай тканак. сасудаў, нерваў, касцявога мозгу, рагавіцы вока і інш. Пашыраецца Т. клетачных элементаў, эмбрыянальных тканак і інш. У эксперым. анкалогіі робяць Т. пухлін жывёлам.

На Беларусі Т. нырак ажыццяўляецца ў Рэсп. цэнтры нефралогіі і трансплантацыі ныркі (больш за 700 аперацый; 2002); Т. касцявога мозгу — у Рэсп. цэнтры гематалогіі і трансплантацыі касцявога мозгу (з 1994). У раслін Т. — перасадка розных частак расліны на інш. расліну ці на іншае месца той жа расліны. Лепш развіваюцца расліны больш блізкіх сістэматычных груп. Т. выкарыстоўваецца ў садоўніцтве (гл. Прышчэпліванне), для даследавання працэсаў зрастання, узаемаадносін прышчэпка і прышчэпы. Бывае таксама натуральная Т. лісця, кветак, пладоў, сцёблаў, каранёў.

Літ.:

Мур Ф. История пересадок органов: Пер. с англ. М., 1973;

Трансплантология: Руководство. М.;

Тула, 1995.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 511

ТРАНССЕКСУАЛІ́ЗМ (ад транс... + лац. sexualis палавы),

устойлівая неадпаведнасць палавой самасвядомасці чалавека яго сапраўднаму генет. і ганаднаму полу. У аснове Т. цяжкія парушэнні ўнутрывантробнага развіцця мазгавых структур, якія адказваюць за палавыя паводзіны, што вядзе да скажэння палавой самасвядомасці. Палавое выхаванне не ўплывае на станаўленне палавой самасвядомасці пры выражаных формах Т., але станоўча ўплывае пры карэкцыі яго лёгкіх форм. У час палавога выспявання стойкія праявы Т. ўзмацняюцца (непрыманне свайго цела. палавых органаў). Пры выражаных формах Т. часам робяць аперацыі па змене полу.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 511

ТРАНССІБІ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ, Вялікая Сібірская магістраль,

найбуйнейшая транскантынент. 2-калейная чыг. магістраль: Масква—Разань—Сызрань—Самара—Чэлябінск—Омск—Новасібірск—Краснаярск—Іркуцк—Чыта—Хабараўск—Уладзівасток. Даўж. 9332 км. Злучае цэнтр. раёны з Сібір’ю і Д. Усходам. Мае адгалінаванні: Улан-Удэ — Наушкі—Улан-Батар (Манголія) і ў Кітай; Борзя—Салаўёўск—Чайбалсан (Манголія) і інш. Пабудавана ў 1895—1916. На значнай адлегласці электрыфікавана.

т. 15, с. 511

ТРАНССУДА́Т (ад транс... + лац. sudare сачыцца),

вадкасць, якая назапашваецца ў тканкавых шчылінах і поласцях цела жывёл і чалавека пры ацёках — у выніку парушэння крова- і лімфазвароту.

Бясколерная або бледнавата-жоўтая празрыстая вадкасць, бедная бялком, па саставе солей набліжаецца да плазмы крыві. Удз. в. 1006—1020. Утвараецца ў выніку пранікнення сывараткі крыві праз сценкі крывяносных капіляраў пры павышэнні іх пранікальнасці (пры недастатковай дзейнасці сэрца, нырак, цырозе печані і інш.). Т. лёгка інфіцыруецца і ператвараецца ў эксудат (гл. Выпат).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 511

ТРАНСУРА́НАВЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

хімічныя радыеактыўныя элементы, размешчаныя ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева пасля урану. Усе Т.э. сінтэзаваны пры дапамозе ядзерных рэакцый (у прыродзе ў мікраколькасці выяўлены нептуній і плутоній). З павелічэннем зараду ядра перыяд паўраспаду Т.э. рэзка памяншаецца — ад 8∙10​6 гадоў для плутонію-224 да мілісекунд для элементаў № 106—109.

т. 15, с. 511

ТРАНСФАРМА́ТАР (ад лац. transformo пераўтвараю) электрычны, электрычны апарат без рухомых пастак для пераўтварэння пераменнага току аднаго напружання ў пераменны ток другога напружання пры нязменнай частаце. Дзеянне Т. грунтуецца на з’яве электрамагнітнай індукцыі. Існуюць Т. адна- і трохфазныя; сілавыя для перадачы і размеркавання электраэнергіі, спец. сілавыя для электразваркі, выпрамных установак і інш.; трансфарматары вымяральныя, высакавольтныя выпрабавальныя, імпульсныя, узгадняльныя, для ператварэння колькасці фаз, частаты, у т. л. радыёчастотныя, і інш. Магутнасць Т. да соцень мегавольтампер, ккдз магутных сілавых Т. 0,98—0,99.

Складаецца з магнітаправода з ліставой трансфарматарнай сталі, размешчаных на ім адной першаснай, адной і больш другасных ізаляваных абмотак. Есць Т., у якіх першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку (аўтатрансфарматары). Ток, які пераўтвараецца, падаецца на першасную абмотку, створаны ім пераменны магн. паток наводзіць у другаснай абмотцы эрс узаемаіндукцыі. Адносіны першаснага напружання да другаснага роўныя адносінам колькасці віткоў у абмотках і наз. каэф. трансфармацыі. Калі першаснае напружанне большае за другаснае, Т. паніжальны, у адваротным выпадку — павышальны. Адпаведныя сілавыя Т. ўстанаўліваюць на павышальных і паніжальных трансфарматарных падстанцыях. Для ахаладжэння Т. значнай магутнасці іх магнітаправод і абмоткі ставяць у метал. бак са спец. трансфарматарным маслам, ахаладжэнне Т. невял. магутнасці натуральнае (паветранае). У радыёэлектроннай апаратуры найб. пашыраны герметызаваныя Т., выкарыстоўваюцца таксама Т. ў бяскорпусным выкананні.

На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д выпускае Т. сілавыя масляныя магутнасцю да 1000 кВА, сілавыя сухія да 1000 кВА, маламагутныя сухія 0,063—2,5 кВА рознага прызначэння.

У.​М.​Сацута.

Схема трансфарматара электрычнага: 1, 2 — першасная і другасная абмоткі; 3 — асяродак; Φ0 — асноўны магнітны паток; Φ1, Φ2 — патокі рассеяння; I1, I2, U1, U2 — токі і напружанні ў першаснай і другаснай абмотках; Rн — супраціўленне нагрузкі.

т. 15, с. 511

ТРАНСФАРМА́ТАРНАЕ МА́СЛА,

гл. ў арт. Ізаляцыйныя маслы.

т. 15, с. 512