ТРАНСПЛАНТА́ЦЫЯ (позналац. transplantatio ад transplanto перасаджваю),
перасадка органаў і тканак, у жывёл і чалавека замяшчэнне пашкоджаных або адсутных органаў ці тканак уласнымі тканкамі і органамі або атрыманымі ад інш. арганізма. Арганізм, ад якога бяруць органы і тканкі (трансплантат), наз. донарам, арганізм, якому іх перасаджваюць — рэцыпіентам. Участак тканкі або орган, які выкарыстоўваюць для Т., можа быць перасаджаны на месца выдаленага органа (ортатапічная Т.) або ў інш. месца (гетэратапічная Т.).
Адрозніваюць аўта- (перасадка ў межах адной асобіны), іза- (перасадка ад генет. ідэнтычных асобін. напр., аднаяйцавых блізнят. кроўных сваякоў), ала- (перасадка ад арганізма таго ж віду) і ксенатрансплантацыю (донар і рэцыпіент розных відаў). Каб папярэдзіць тканкавую несумяшчальнасць пры Т., выкарыстоўваюць розныя віды імунадэпрэсіўнай тэрапіі. Адзін са шляхоў пераадолення біял. несумяшчальнасці трансплантата і арганізма рэцыпіента — стварэнне штучных органаў (сэрца, падстраўнікавай залозы і інш.). Робяць Т. нырак (больш за 500 тыс. перасадак у свеце). печані, сэрца, лёгкіх, вілачкавай залозы з грудзінай, шчытападобнай залозы, скуры, мышцаў. сухажылляў. касцявой. храстковай, тлушчавай тканак. сасудаў, нерваў, касцявога мозгу, рагавіцы вока і інш. Пашыраецца Т. клетачных элементаў, эмбрыянальных тканак і інш. У эксперым. анкалогіі робяць Т. пухлін жывёлам.
На Беларусі Т. нырак ажыццяўляецца ў Рэсп. цэнтры нефралогіі і трансплантацыі ныркі (больш за 700 аперацый; 2002); Т. касцявога мозгу — у Рэсп. цэнтры гематалогіі і трансплантацыі касцявога мозгу (з 1994). У раслін Т. — перасадка розных частак расліны на інш. расліну ці на іншае месца той жа расліны. Лепш развіваюцца расліны больш блізкіх сістэматычных груп. Т. выкарыстоўваецца ў садоўніцтве (гл. Прышчэпліванне), для даследавання працэсаў зрастання, узаемаадносін прышчэпка і прышчэпы. Бывае таксама натуральная Т. лісця, кветак, пладоў, сцёблаў, каранёў.
Літ.:
Мур Ф. История пересадок органов: Пер. с англ. М., 1973;
Трансплантология: Руководство. М.;
Тула, 1995.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)