ТРАНСФАРМА́ТАР (ад лац. transformo пераўтвараю) электрычны, электрычны апарат без рухомых пастак для пераўтварэння пераменнага току аднаго напружання ў пераменны ток другога напружання пры нязменнай частаце. Дзеянне Т. грунтуецца на з’яве электрамагнітнай індукцыі. Існуюць Т. адна- і трохфазныя; сілавыя для перадачы і размеркавання электраэнергіі, спец. сілавыя для электразваркі, выпрамных установак і інш.; трансфарматары вымяральныя, высакавольтныя выпрабавальныя, імпульсныя, узгадняльныя, для ператварэння колькасці фаз, частаты, у т. л. радыёчастотныя, і інш. Магутнасць Т. да соцень мегавольтампер, ккдз магутных сілавых Т. 0,98—0,99.

Складаецца з магнітаправода з ліставой трансфарматарнай сталі, размешчаных на ім адной першаснай, адной і больш другасных ізаляваных абмотак. Есць Т., у якіх першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку (аўтатрансфарматары). Ток, які пераўтвараецца, падаецца на першасную абмотку, створаны ім пераменны магн. паток наводзіць у другаснай абмотцы эрс узаемаіндукцыі. Адносіны першаснага напружання да другаснага роўныя адносінам колькасці віткоў у абмотках і наз. каэф. трансфармацыі. Калі першаснае напружанне большае за другаснае, Т. паніжальны, у адваротным выпадку — павышальны. Адпаведныя сілавыя Т. ўстанаўліваюць на павышальных і паніжальных трансфарматарных падстанцыях. Для ахаладжэння Т. значнай магутнасці іх магнітаправод і абмоткі ставяць у метал. бак са спец. трансфарматарным маслам, ахаладжэнне Т. невял. магутнасці натуральнае (паветранае). У радыёэлектроннай апаратуры найб. пашыраны герметызаваныя Т., выкарыстоўваюцца таксама Т. ў бяскорпусным выкананні.

На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д выпускае Т. сілавыя масляныя магутнасцю да 1000 кВА, сілавыя сухія да 1000 кВА, маламагутныя сухія 0,063—2,5 кВА рознага прызначэння.

У.​М.​Сацута.

Схема трансфарматара электрычнага: 1, 2 — першасная і другасная абмоткі; 3 — асяродак; Φ0 — асноўны магнітны паток; Φ1, Φ2 — патокі рассеяння; I1, I2, U1, U2 — токі і напружанні ў першаснай і другаснай абмотках; Rн — супраціўленне нагрузкі.

т. 15, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)