ТРАНСПІРА́ЦЫЯ (ад транс... + лац. spiro дыхаю, выдыхаю),
фізіялагічнае выпарэнне вады раслінай. Гал. орган Т. — ліст, што выпарае ваду праз вусцейкі (вусцейкавыя Т.), часткова можа адбывацца праз кутыкулу (кутыкулярная Т.; яе інтэнсіўнасць у 10—20 разоў ніжэйшая). Інтэнсіўнасць Т. вызначаецца колькасцю вады (у грамах, якая траціцца раслінай на адзінку яе паверхні (1 см², 1 м²), або на 1 г сырой масы за гадзіну. Залежыць ад асветленасці, т-ры і вільготнасці паветра, скорасці ветру, колькасці вады ў расліне. Разам з каранёвым ціскам забяспечвае пастаянны ток вады праз карані, сцёблы і лісце з глебы ў атмасферу, рэгулюе водны і тэмпературны рэжым расліны, прадухіляе перагрэў лісця.
т. 15, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)