Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́СТАР,

α-Блізнят, зорка 1,6 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 34 разы большая за сонечную, адлегласць ад Сонца 14 пк. Уяўляе сабой сістэму 4 зорак. Названы імем аднаго з двух братоў-блізнят у стараж.-грэч. міфалогіі.

т. 8, с. 154

КАСТАЎЕ́,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 28 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 0,65 км2, даўж. 3,2 км, найб. шыр. 340 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Пл. вадазбору 5 км2. Схілы катлавіны выш. да 15 м, пясчаныя, параслі лесам, участкі на У і 3 у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на У і 3 часткова забалочаныя, сплавінныя. Дно да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадаюць 3 ручаі, на Пд выцякае ручай у Зах. Дзвіну. Зарастае слаба.

т. 8, с. 154

КАСТЛЕ́Р ((Kastler) Альфрэд) (3.5.1902, г. Гебвілер, Францыя — 7.1.1984),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1964). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1926). У 1931—41 ва ун-тах Бардо і Клермон-Ферана, у 1941—68 у Вышэйшай нармальнай школе. Навук. працы па оптыцы, атамнай спектраскапіі і квантавай электроніцы. Даследаваў (разам з інш.) узбуджаныя станы атамаў, адкрыў метад аптычнай пампоўкі (1952). Працы К. ляглі ў аснову стварэння мазераў і лазераў. Нобелеўская прэмія 1966.

А.Кастлер.

т. 8, с. 154

КАСТРАВІ́ЦКІ Вільгельм Апалінарый, гл. Апалінэр Гіём.

т. 8, с. 154

КАСТРАВІ́ЦКІ Казімір Карлавіч, гл. Каганец Карусь.

т. 8, с. 154

КАСТРАМА́,

горад у Расіі, цэнтр Кастрамской вобл., на р. Волга. Засн. ў 12 ст. 286 тыс. ж. (1997). Рачны порт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. (пераважна льняной), а таксама машынабуд. (экскаватары, тэкст. машыны, аўтам. лініі, палімернае машынабудаванне, дрэваапр. станкі, фарбавальна-аддзелачнае абсталяванне і інш.), дрэваапр. (мэбля), харч., хім., абутковай і швейнай прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Інстытуты: тэхнал., с.-г., педагагічны; ф-т С.-Пецярбурскага гандл.-эканам. ін-та.

Унікальны па кампазіцыйнай цэласнасці ансамбль цэнтра К. (канец 18 — пач. 19 ст.) узнік на месцы старога цэнтра — скапаных земляных і драўляных умацаванняў крамля і Новага горада паводле генплана 1781—84. Сярод помнікаў: сабор Богаяўленскага манастыра (1559—65, размалёўкі 1672), Іпацьеўскі манастыр (16—17 ст.; у ім знойдзены Іпацьеускі летапіс), з каменнымі сценамі, вежамі, Троіцкім саборам (1650—52; размалёўкі 1685, мастак Г.Кінешамцаў і інш.), са званіцай (1603—05; цяпер у манастыры філіял музея-запаведніка з помнікамі драўлянага дойлідства), цэрквы Ушэсця на Дзебры (1652). Іаана Багаслова (1681—87). У стылі класіцызму пабудаваны комплекс гандл. радоў (1770—1830-я г.), пажарная каланча (1825—28, арх. П.Фурсаў), будынак Дваранскага сходу(1838, арх. Праве). У 1977 узведзены гасцінічна-турысцкі комплекс «Волга» (арх. Р.Нікіцін, П.Шчарбінін).

Гандлёвыя рады ў Кастраме.

т. 8, с. 154

КАСТРАМА́ (Аляксандр Якаўлевіч) (14.10.1921, в. Першае Мая Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.2.1993),

поўны кавалер ордэна Славы. З 1940 працаваў на чыгунцы ў Магілёве. У Вял. Айч. вайну партызан-падрыўнік, з ліст. 1943 на фронце, кулямётчык. Вызначыўся ў 1943 у баі каля г.п. Парычы Гомельскай вобл., у 1944 пры фарсіраванні воднага рубяжа і ў баях на плацдарме ў Польшчы, у 1945 у баях ва Усх. Прусіі. Пасля вайны працаваў на радзіме.

т. 8, с. 155

КАСТРАМІ́ЦКІ (Сяргей Міхайлавіч) (н. 26.11.1954, г. Харкаў, Украіна),

бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі. Д-р тэхн. н., праф. (1993). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1977), дзе і працаваў з 1979. З 1995 у Ваеннай акадэміі Беларусі. Навук. працы па антэнных сістэмах з апрацоўкай сігналаў, антэнных сістэмах радыёлакатараў спец. прызначэння, агульнай радыёлакацыі.

т. 8, с. 155

КАСТРАМСКА́Я ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 60,1 тыс. км2, нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Кастрама. Найб. гарады: Буй, Нерахта, Шар’я, Мантурава, Галіч, Нея.

Прырода. Паверхня — хвалістая раўніна. На 3 вобласці Кастрамская нізіна (выш. 80—100 м). З Пд на Пн распасціраецца Галіцкае ўзв. (выш. да 292 м), на ПнУ адгор’і Паўн. Увалаў (выш. да 227 м). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, гаручыя сланцы, фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -12 °C да -14 °C, ліп. 18—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—600 мм. Гал. рака — Волга з прытокамі Кастрама, Унжа, Вятлуга. Буйныя азёры — Галіцкае і Чухламскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у поймах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 60% тэрыторыі (хвоя, елка, бяроза, асіна, вольха). Жывёльны свет: буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, ліс, вавёрка, куніца, акліматызаваная андатра.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лёгкая (пераважна льняная), маш.-буд., харч., лясная і дрэваапр., энергетыка, хімічная. Ільняная прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Вытв-сць ільновалакна, тканін, швейных і трыкат. вырабаў у гарадах Кастрама, Нерахта, Буй, скур і абутку ў г. Галіч. Прадпрыемствы па вытв-сці рачных суднаў, станкоў, экскаватараў, абсталявання для дрэваапр., тэкст., хім., харч. прам-сці ў Кастраме, Галічы, Нерахце, Мантураве. Цэнтры лесапілавання, дрэваапрацоўкі, вытв-сці мэблі, паперы — Кастрама, Буй, Шар’я, Макар’еў, Мантурава, Галіч. Развіта харч. прам-сць (малочная, сыраробная, мясная, макаронная і інш.). У Буі і Кастраме з-ды па вытв-сці сінт. смол і пластмас. Вытв-сць электраэнергіі 9,3 млрд. кВтгадз (1996). Кастрамская ДРЭС (Валгарэчанск) — адна з буйнейшых у Расіі. Стараж. цэнтр ювелірнага нар. промыслу — Краснае-на-Волзе. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (кастрамская парода буйн. раг. жывёлы) і льнаводства. Авечкагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 1040 тыс. га, у т.л. пад ворывам каля 700 тыс. га. Пасевы збожжавых (жыта, пшаніца, ячмень, авёс), лёну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Даўж. чыгункі 646 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км (1996). Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Яраслаўль—Кастрама—Галіч, Волагда—Галіч—Мантурава—Кіраў, аўтадарогі Яраслаўль—Кастрама—Макар’еў—Мантурава, Кастрама—Іванава. Суднаходства па Волзе, у нізоўях рэк Кастрама, Унжа, Вятлуга. Курорт Салігаліч.

С.І.Сідор.

т. 8, с. 155

КАСТРАМСКА́Я ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы,

парода малочна-мяснога кірунку, выведзеная ў 1945 у Кастрамской вобл. скрыжаваннем мясц. жывёлы з альгаўскай і швіцкай пародамі. Гадуюць у Іванаўскай, Кастрамской, Уладзімірскай, Яраслаўскай абл. (Расія), на Беларусі — у асн. у Віцебскай і Магілёўскай абл.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, з добра развітой мускулатурай. Галава невялікая, тулава крыху выцягнутае, на высокіх нагах, выш. ў карку да 130 см, спіна роўная. Масць шэрая і бурая розных адценняў. Надой малака за год 4000—5000 кг (рэкардысткі — да 14 200 кг), тлустасць 3,8—4,1%. Жывая маса кароў 550—650, быкоў 800—950 кг. Мясныя якасці добрыя.

т. 8, с. 155