Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНДРА́ЦЬЕЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 14.12.1925, в. Высокая Грыва Панкрушыхінскага р-на, Рэспубліка Алтай),

бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Творам уласцівы выразнасць лепкі, рухомасць і асіметрыя пластычных аб’ёмаў. Аўтар жанравых («Вышыннікі», 1959; «Рыбакі», 1969), дэкар.-паркавых («Дзеці гуляюць», 1980—81) кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў (А.Казей, 1964; Я.Коласа і Я.Купалы, 1982), станковых твораў «Памяць» (1985), «Набат Перамогі» (1995), «Хрыстос-Збавіцель» (1995—97) і інш. Сярод манум. работ скульпт. цыкл «Смутак людскі» (1976) на Паўн. могілках у Мінску, мемарыялы «Спаленая вёска» (1988) на хутары Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., «Загінуўшых чакаюць вечна» (1990) ў в. Доры Валожынскага р-на Мінскай вобл. Графічны цыкл «Духоўнасць, Адраджэнне — храмы праваслаўныя і каталіцкія» (1995—97).

Г.А.Фатыхава.

т. 7, с. 579

КАНДРА́ЦЬЕЎ (Пётр Васілевіч) (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.

П.В.Кандрацьеў.

т. 7, с. 579

Кандрацьеў Віктар Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 400

КАНДРАЦЮ́К (Мікалай Кандратавіч) (н. 5.5.1931, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),

украінскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1958), з 1948 выкладае ў ёй (з 1979 праф., у 1974—83 рэктар). З 1957 саліст Укр. нар. хору імя Р.Вяроўкі, з 1959 — Нац. т-ра оперы і балета Украіны (Кіеў), з 1966 — Кіеўскай філармоніі. Валодае роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага аксамітавага тэмбру. Сярод партый: Астап («Тарас Бульба» М.Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), граф ды Луна, Жэрмон («Трубадур», «Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Вядомы і як камерны спявак. Дзярж. прэмія Украіны 1972.

т. 7, с. 579

КАНДРАЦЮ́К ((Kondratiuk) Міхаіл) (н. 6.3.1934, в. Дубіны Беластоцкага ваяв., Польшча),

польскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1992). Скончыў ф-ты рус. (1958) і бел. (1961) філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1960 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН (у 1985—92 заг. аддзела бел. мовы). З 1992 заг. кафедры бел. філалогіі Ін-та ўсх.-слав. філалогіі (Варшава). Даследуе фанетыку, лексіку, словаўтварэнне і анамастыку гаворак Беласточчыны («Вакалізм беларуска-ўкраінскіх гаворак Гайнаўскага павета», 1964; «Назвы жыхароў, утвораныя ад назваў вёсак і гарадоў у гаворках усходняй Беласточчыны», 1972; «Анамастычныя даследаванні ў беластоцкім рэгіёне», 1981; «Беларускія і літоўскія элементы ў сістэме польскай тапаніміі і мікратапаніміі апелятыўнага паходжання», 1983, і інш.). Сааўтар «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—2, 1980—89). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (з 1991).

т. 7, с. 579

КАНДРАШО́Ў (Арцямон Сямёнавіч) (21.4.1894, хутар Карпаў Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 23.6.1963),

фагатыст, педагог. Засл. арт. Кіргізіі (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1917). У 1917—44 артыст і саліст аркестраў оперных т-раў Масквы (у 1917—23 Вял. т-ра), Рыгі (у 1923—36 адначасова выкладаў у Латв. кансерваторыі), Фрунзе. У 1944—48 саліст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1944 выкладаў у Бел. кансерваторыі. З яго працай на Беларусі пачалося станаўленне выканальніцтва на фагоце. Сярод вучняў К.: У.Апацкі, С.Ажыгін, А.Новікаў. Аўтар метадычных прац па праблемах выканальніцтва.

Р.А.Лагонда.

т. 7, с. 579

КАНДРА́ШЫН (Кірыла Пятровіч) (6.3.1914, Масква — 7.3.1981),

дырыжор. Нар. арт. СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936, клас Б.Хайкіна), у 1950—53 і 1972—78 выкладаў у ёй (праф. з 1976). У 1937—41 у Ленінградскім Малым оперным т-ры, у 1943—56 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1960—75 гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1978 у Нідэрландах. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Дзяўчына з Захаду» (1938) і «Чыо-Чыо-сан» (1939) Дж.Пучыні, «Пампадуры» А.Пашчанкі (1940). Удзельнічаў у пастаноўках опер «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава (1943, 1953), «Бэла» А.Аляксандрава (1945), «Варожая сіла» А.Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948), «Галька» С.Манюшкі (1949). Як сімф. дырыжор выканаў многія творы рус. і зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. Шастаковіча, А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш. Аўтар кн. «Аб дырыжорскім мастацтве» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1969. З 1984 у Амстэрдаме праводзіцца Міжнар. конкурс маладых дырыжораў імя К.

Літ.:

Ражников В. Кирилл Кондрашин рассказывает о музыке и жизни. М., 1989.

т. 7, с. 580

КАНДРАШЭ́НКА (Валянцін Цімафеевіч) (н. 12.9.1932, г. Саратаў, Расія),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1982). Палкоўнік мед. службы. Скончыў Саратаўскі мед. ін-т (1956). З 1974 гал. псіхіятр Бел. ваен. акругі, з 1979 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1990—97 заг. кафедры). Навук. працы па псіхіятрыі, псіхалогіі і псіхатэрапіі, гіпербарычнай аксігенатэрапіі. Аўтар метаду лячэбнай экстрацэрэбральнай электрабіястымуляцыі галаўнога мозга. Даследуе нервова-псіхічныя парушэнні ў пацярпелых пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, парапсіхал. феномены.

Тв.:

Алкоголизм. Мн., 1983 (разам з А.Ф.Скутарэўскім);

Девиантное поведение у подростков. Мн.. 1988;

Общая психотерапия. 2 изд. Мн., 1997 (разам з Д.І.Данскім).

М.П.Савік.

т. 7, с. 580

КАНДРУСЕ́ВІЧ (Аркадзь Лявонцьевіч) (10.9.1929, в. Ламачы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 10.9.1995),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1978). Працаваў настаўнікам, журналістам, з 1960 у газ. «Магілёўская праўда». Друкаваўся з 1964. Пісаў пераважна пра жыццё сваіх равеснікаў, юнацтва якіх прыпала на час вайны і цяжкія пасляваен. гады. Аўтар зб-каў прозы «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» (1969), «Кругі на Белай паляне» (1977).

т. 7, с. 580

КАНДРУСЕ́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 29.9.1949, г. Гродна),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1973) і кампазіцыі (1979, клас Я.Глебава). Найб. дасягненні ў тэатральнай і кінамузыцы. У творчасці спалучае кантрастныя муз. стылі. Сярод твораў: балет «Крылы памяці» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1986), мюзіклы «Джулія» (1990) і «Шклянка вады» (1994; абодва паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Залёты» (паст. Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1992), радыёопера «Таямніца старога замка» (1988), араторыя «Паданне» на словы Я.Купалы (1978), кантата «Аблачынка з Чарнобыля» на словы Г.Бураўкіна і А.Разанава (1989), сімфонія «Плач перапёлкі» (1992); камерна-інстр. і вак. музыка, кінамузыка; музыка да драм. і лялечных спектакляў, у т. л. «Бура» У.Шэкспіра (1989), «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1990), «Цар Ірад» (1993; усе паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі).

Літ.:

Мдивани Т.Г. Наблюдения над творческим стилем Владимира Кондрусевича // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1991. Вып. 10.

Р.М.Аладава.

т. 7, с. 580