ГАРА́ЧАЎ Іван Іванавіч
(н. 1.10.1935, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1959). У 1965—67 працаваў у ім, з 1968 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях кармлення с.-г. жывёлы, вывучэнні нормаў патрэб буйн. раг. жывёлы ў вітамінах і мінер. рэчывах, распрацоўцы рэцэптаў прэміксаў (вітамінна-мінер. дамешкаў) для свіней і буйн. раг. жывёлы, бялкова-вітамінна-мінер. дамешкаў і камбікармоў для высокапрадукцыйных кароў.
Тв.:
Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981 (у сааўт.);
Кормление высокопродуктивных коров. Мн., 1996 (разам з Богушам П.П., Пілюком М.У.).
т. 5, с. 52
ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.
Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш. Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш. Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-р да 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш. Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.
Г.Г.Паніч.
т. 5, с. 52
ГАРА́ЧАЯ ПРАКА́ТКА,
пракатка нагрэтых металаў і сплаваў паміж вярчальнымі валкамі пракатных станаў. Робіцца пры т-рах, вышэйшых за парог рэкрышталізацыі, калі забяспечваецца дастатковая пластычнасць: для сталі 1000—1300, медзі 750—800, латуні 600—800, алюмінію і яго сплаваў 350—400 °C. Бывае падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і вінтавая (касая). На загатовачных і абціскных станах гарачая пракатка атрымліваюць загатоўкі круглага, квадратнага, плоскага сячэння для наступнай коўкі, штампоўкі і мех. апрацоўкі, а таксама сартавы пракат і пракат спец. профілю (паміж валкамі з паглыбленнямі), лісты, трубы і інш.
т. 5, с. 52
ГАРА́ЧКА Мікалай Іванавіч
(н. 26.1.1930, в. Мяцявічы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1984). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1956). У 1959—81 у Бел. НДІ эканомікі і арг-цыі сельскай гаспадаркі. У 1982—88 у Ін-це праблем кіравання. З 1994 у НДЭІ Мінэканомікі Беларусі. Навук. працы па праблемах удасканалення гасп. механізму с.-г. прадпрыемстваў, распрацоўкі сабекошту і цэнаўтварэння.
Тв.:
Себестоимость, рентабельность, цена. Мн., 1971;
Обоснование системы закупочных цен. Мн., 1978.
т. 5, с. 52
ГАРА́ЧКА Мікалай Цітавіч
(н. 5.1.1937, в. Мяцявічы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне птушкагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1991). Скончыў Віцебскую акадэмію вет. Медыцыны (1062). З 1969 на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (у 1977—96 дырэктар). Навук. працы па развядзенні, селекцыі і ўзнаўленні с.-г. птушкі ва ўмовах інтэнсіўных тэхналогій.
Тв.:
Производство мяса уток. Мн., 1984;
Системы ведения сельского хозяйства Республики Беларусь. Мн., 1996 (у сааўт.).
т. 5, с. 52
ГАРАЧКАПАНІЖА́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, якія памяншаюць або знімаюць тэмпературу цела пры ліхаманцы; маюць таксама абязбольваючае і процізапаленчае дзеянне. Да іх належаць: аспірын, анальгін, бутадыён, фенацэцін, ібупрафен, вальтарэн, індаметацын і інш. Гарачкапаніжальныя сродкі парушаюць сінтэз простагландзінаў (медыятараў ліхаманкі), гэтым зменьваюць работу гіпаталамічнага цэнтра тэрмарэгуляцыі і павялічваюць працэс цеплааддачы. Выкарыстоўваюць гарачкапаніжальныя сродкі рацыянальна пры рэзкім павышэнні тэмпературы (да 39 °C і вышэй).
А.С.Захарэўскі.
т. 5, с. 52
ГАРА́ЧКІН Васіль Прохаравіч
(29.1.1868, в. Выкса Ніжагародскай вобл., Расія — 21.9.1935),
рускі вучоны, заснавальнік навукі пра с.-г. тэхніку. Акад. УАСГНІЛ (1932); ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў Маскоўскія ун-т (1890) і вышэйшае тэхн. вучылішча (1894). З 1913 кіраваў арганізаванай ім машынавыпрабавальнай станцыяй пры Маскоўскім с.-г. ін-це. У 1919—20 рэктар Пятроўскай (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэміі, у 1929 дырэктар, потым кансультант Усесаюзнага ін-та с.-г. механікі (пазней — с.-г. машынабудавання). Распрацаваў тэарэт. асновы разліку і пабудовы с.-г. машын і прылад, метады іх эксперым. даследаванняў.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. 2 изд. М, 1968.
Літ.:
Дубровский А.А. Академик В.П.Горячкин: Биогр. очерк. М., 1960.
т. 5, с. 52
ГАРА́ЧКІН Віктар Георгіевіч
(29.3.1894, г. Яраслаўль, Расія — 9.4.1962),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі тарфяной вытв-сці. Чл.-кар. АН БССР (1940), д-р тэхн. н. (1954), праф. (1934). Скончыў Пятроўскую (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэмію (1918). З 1930 у Маскоўскім тарфяным ін-це. Адначасова з 1926 кансультант Ін-та прам-сці, выкладчык БПІ, навук. супрацоўнік Ін-та торфу АН БССР. У 1952—56 у Ін-це торфу АН БССР. Навук. працы па тэхналогіі тарфяной вытв-сці.
Тв.:
Основы проектирования торфяных хозяйств. М., 1926;
Технология добычи и сушки торфа. 2 изд. М.; Л., 1948;
Основы технологии торфяного производства. М.; Л., 1953.
т. 5, с. 52
ГАРА́ЧЫ Эдуард Мікалаевіч
(н. 19.10.1936, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл. драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.Ібсена).
т. 5, с. 53
ГАРАЧЫКІ,
бел. памінальная страва. Пяклі з прэснага мучнога цеста ў форме галушкі (звычайна тры). Кожны, хто прысутнічаў на памінках, адломліваў па кавалачку (адсюль праклён: «Каб па табе гарачыкі напяклі»). Елі з сытою, цёртым макам. Вядома на Усх. Палессі.
т. 5, с. 53